З гэтай заявы пачаўся адзін з самых буйных за апошнія гады ў Эўропе мігранцкі крызіс, які скончыўся ў сакавіку 2022. Свабода ўспамінае, што адбывалася.
Этап 1. Пачатак наплыву мігрантаў, першыя правакацыі
Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, ужо ў верасьні іх было звыш 4,2 тысячы, пераважна гэта былі грамадзяне краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча. Урады ў Вільні і Варшаве неўзабаве абвясьцілі пра будаўніцтва агароджы на сваіх межах. Яны ж, а таксама ўрад у Рызе зрабілі больш строгім міграцыйнае заканадаўства і ўвялі рэжым надзвычайнага становішча, які потым некалькі разоў працягвалі.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і іншыя польскія палітыкі выказвалі ўпэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой, дзе Пуцін быў вельмі зацікаўлены ў далейшай дэстабілізацыі Эўропы.
Першы этап крызісу працягваўся зь ліпеня па кастрычнік 2021 году ўключна. Мігрантаў спачатку дастаўлялі ў часовыя лягеры для ўтрыманьня ўцекачоў на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Польшчы, дзе яны часам ладзілі бойкі і бунты, намагаючыся зьбегчы, а затым, пасьля ўступленьня новых рэдакцый заканадаўства ў сілу, іх пачалі блякаваць адразу на памежнай паласе і адпраўляць назад у Беларусь.
Беларускія сілавікі актыўна спрыялі мігрантам: нішчылі агароджы, сьляпілі чужых памежнікаў пражэктарамі і не перашкаджалі іншаземцам, калі тыя закідвалі іх калег камянямі і бутэлькамі. Гэта неаднаразова зафіксавана на відэа і фота.
Этап 2. Стыхійны лягер усутыч зь мяжой, штурм
Раніцай 8 лістапада на мяжы зь беларускага боку зьявілася буйная калёна зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных беларускіх сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы яе. Паводле розных ацэнак, іх было ад 2 да 4 тысяч. У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе і неаднаразова штурмавалі мяжу, выкарыстоўваючы ўсё, што траплялася пад руку.
Польшча сьцягнула да мяжы дадатковыя сілы вайскоўцаў і паліцыянтаў. Сытуацыя дайшла да такога напружаньня, што ўжо 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Расея пры гэтым падтрымлівала дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі.
Лукашэнка і яго падначаленыя заяўлялі, што ня могуць перашкаджаць мігрантам, якія «выказалі жаданьне адправіцца ў Нямеччыну» і іншыя краіны Эўропы. На дзяржаўнай тэлевізіі наўпрост вінавацілі Эўразьвяз у тым, што ён ня хоча залагодзіць крызіс.
16 лістапада мігранты паўдня ішлі на штурм мяжы, выкарыстоўваючы сьвятлашумавыя гранаты, якія, паводле заяваў польскага боку, атрымалі ад беларускіх сілавікоў. Галоўны камэндант паліцыі Яраслаў Шымчык па выніках тых падзей заявіў, што траўмы рознай ступені цяжкасьці атрымалі 12 польскіх сілавікоў — вайскоўцы і паліцыянты.
18 лістапада Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на «службовых асобаў Рэспублікі Польшча» за «прапаганду вайны». Генпракурор Андрэй Швед назваў рэакцыю палякаў на штурм мяжы «супрацьпраўнымі дзеяньнямі супраць чалавецтва».
Да таго Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце абароны польскай мяжы ад нападаў мігрантаў з дапамогай вадамётаў і іншых спэцсродкаў паводле арт. 128 КК (Злачынства супраць бясьпекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасьці, якія зьдзяйсьняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасьцю).
Этап 3. Эвакуацыйныя рэйсы, павелічэньне колькасьці памерлых
У канцы лістапада ўрады Іраку і Сырыі, адкуль было найбольш нелегальных мігрантаў, дамовіліся аб эвакуацыйных рэйсах. У Літве мігрантам прапаноўвалі грошы за згоду вярнуцца ў краіну сталага пражываньня, частка людзей прыняла прапанову. Эвакуацыйныя рэйсы выляталі зь Менску пераважна ў аэрапорты Багдаду і Эрбілю.
Першая вядомая ахвяра мігранцкага крызісу зьявілася 4 жніўня на літоўскай мяжы. Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы сказалі, што знойдзенага мужчыну пабілі на тэрыторыі Літвы, і ён ня выжыў. Літва абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў правакацыі.
Жыць некалькі месяцаў на адкрытым паветры, у лясах, грэючыся толькі вогнішчамі з дрэваў, якія секлі пры поўным маўчаньні беларускіх сілавікоў, мігрантам было вельмі цяжка. Калі наступілі халодныя месяцы, выжываць мігрантам стала яшчэ складаней. На мяжы то беларускія, то польскія і літоўскія памежнікі пачалі часьцей знаходзіць трупы людзей. Па стане на 28 лістапада было вядома пра 17 нябожчыкаў: 13 мігрантаў — непасрэдна на мяжы, 1 ненароджанае дзіця, 3 мігранты — у іншых пунктах «беларускага маршруту».
Паводле заяваў польскага боку, сапраўдную колькасьць мігрантаў, якія загінулі на мяжы, магчыма, не падлічаць ніколі. Паходы людзей дзеля нелегальнага перасячэньня мяжы па начох сягалі самых цяжкадаступных месцаў, у тым ліку балотаў. Некалькі чалавек памежнікі ўратавалі, але там жа маглі ўтапіцца іншыя.
Этап 4. Дэзэртыр Эміль Чэчка
16 сьнежня 2021 году 25-гадовы паляк, салдат 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі Эміль Чэчка перайшоў польска-беларускую мяжу і папрасіў прытулку ў Беларусі. Польскія крыніцы паведамілі, што ў Чэчкі былі праблемы з законам на радзіме, ён прымаў наркотыкі і алькаголь, біў сваю маці і пагражаў ёй забойствам. Сам польскі вайсковец сьцьвярджаў, што проста не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў. Шэраг знаёмых Чэчкі выказваў неразуменьне, як той наогул трапіў у войска.
У інтэрвію беларускім дзяржаўным СМІ, першае зь якіх ён даў неўзабаве, перабежчык казаў, што нібыта на мяжы былі забітыя 240 мігрантаў і валянтэраў і што ў дзесяці забойствах ён браў удзел асабіста. Пры гэтым Чэчка адзначыў, што падаў заяву супраць Польшчы ў Гааскі трыбунал і «гатовы панесьці пакараньне за свае дзеяньні». Гэтая інфармацыя нічым не пацьвердзілася.
21 сьнежня Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, заявіла, што арганізацыя ня мае ніякіх зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.
У той жа дзень пракуратура Беластоку выдала ордэр на арышт дэзэртыра. Пачала разглядацца вэрсія, што Эміль за нейкі час да пераходу мяжы мог быць завэрбаваны беларускімі спэцслужбамі. Пра ход расьсьледаваньня ў пракуратуры больш публічна не паведамлялі.
Этап 5. Згасаньне напружаньня, арышты перавозчыкаў
Увесь час, што мігранты нелегальна перасякалі мяжу Літвы, Польшчы і Латвіі, іх за грошы падбіралі розныя перавозчыкі, уключаныя ў «шэрыя» схемы, і дастаўлялі далей, пераважна ў Нямеччыну. Па стане на 1 студзеня 2022 году ўлады гэтай краіны зафіксавалі 11,2 тысячы мігрантаў, якія ўехалі на яе тэрыторыю транзытам празь Беларусь.
У канцы студзеня ў Беларусі знаходзіліся яшчэ 1,5 тысячы мігрантаў, у лютым называлася лічба 700 чалавек. Спробы прарыву мяжы здараліся амаль штодня, але былі ўжо не такія масавыя, і польскія памежнікі лягчэй спраўляліся з пагрозамі.
Аднаго зь беларусаў, які перавозіў мігрантаў у Польшчу, дэпартавалі і забаранілі яму ўезд у краіну на 5 гадоў. 18 лютага польскія сілавікі затрымалі аўтамабіль яшчэ з адным беларусам за стырном, кіроўцу пагражае да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня за дапамогу ў незаконным перасячэньні мяжы. Сярод нелегальных перавозчыкаў былі таксама грамадзяне Польшчы, Грузіі, Украіны, Літвы і іншых дзяржаў. Многія, ня маючы грамадзянства краін ЭЗ, мелі від на жыхарства там.
Этап 6. Сьмерць дэзэртыра, ліквідацыя часовага лягеру ў лягістычным цэнтры
Праўладны дзеяч з Камуністычнай партыі Беларусі Дзьмітры Белякоў казаў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода. Менавіта ў відэа зь Беляковым Чэчка зьявіўся на відэа апошні раз, гэта было 16 сакавіка. Ужо на наступны дзень паляка знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску. Абставіны сьмерці невядомыя.
22 сакавіка спыніў працу цэнтар разьмяшчэньня мігрантаў у Брузгах. Уначы таго ж дня яшчэ 98 мігрантаў пакінулі тэрыторыю Беларусі, яны на самалёце адправіліся назад у краіны сталага пражываньня. Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт чарговым разам абвінаваціў у праблемах зь мігрантамі Эўразьвяз.
На тэрыторыі Беларусі яшчэ застаюцца некалькі сотняў мігрантаў, але, праўдападобна, іх таксама адправяць эвакуацыйнымі рэйсамі дадому.
Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.