Лінкі ўнівэрсальнага доступу

270 мігрантаў пагадзіліся пакінуць Літву добраахвотна, яны атрымаюць выплату памерам 1000 эўра


Мігранты на беларускай мяжы. Лістапад 2021
Мігранты на беларускай мяжы. Лістапад 2021

270 мігрантаў, якія нелегальна трапілі ў Літву на працягу апошніх месяцаў, ужо пагадзіліся добраахвотна вярнуцца ў краіну паходжаньня камэрцыйнымі рэйсамі на наступным тыдні. Яны атрымаюць выплату памерам 1000 эўра.

«На гэты момант у нас 272 чалавекі, якія пакінуць краіну, абсалютная большасьць — з кампэнсацыяй 1000 эўра. Адзінкі паляцелі і не атрымалі гэтых выплат», — сказаў намесьнік начальніка літоўскай Службы аховы мяжы Рымантас Пятраўскас.

Паводле яго, абсалютную большасьць мігрантаў складаюць грамадзяне Іраку, некалькі чалавек вяртаюцца ў Расею і Індыю. Мігрантаў перавозяць камэрцыйнымі рэйсамі, яшчэ каля 80 чалавек не пакінулі краіну.

«Яны паляцяць найбліжэйшым часам, таму што рэйсы ў Стамбул выконваюцца шэсьць дзён на тыдзень, а затым іх падзеляць у залежнасьці ад таго, каму і куды трэба. Думаем, што гэтыя людзі вылецяць да сярэдзіны наступнага тыдня», — сказаў службовец.

Службовыя асобы суправаджаюць мігрантаў у Віленскі аэрапорт, да самалёта, дзе ім выдаюць выплату памерам 1000 эўра.

Паводле Пятраўскаса, пасьля памяншэньня выплат з 1000 да 300 эўра з 21 студзеня гэтай магчымасьцю карыстаюцца нямногія.

З пачатку жніўня, калі літоўскія памежнікі атрымалі права не пускаць у краіну замежнікаў зь Беларусі ў забароненых месцах, у Літву не змаглі патрапіць больш за 8,2 тыс. мігрантаў. Праўда, некаторыя мігранты маглі спрабаваць перасячы мяжу некалькі разоў.

Летась у Літву незаконна трапіла амаль 4,2 тыс. мігрантаў, асноўная іх частка перасекла мяжу да жніўня.

Краіны Захаду абвінавачваюць менскі рэжым у арганізацыі плыняў мігрантаў і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG