Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва»: 3 з 5 рудаўпраўленьняў «Беларуськалію» спыніліся, кампанія бярэ крэдыты на заробкі


Кампанія «Беларуськалій»
Кампанія «Беларуськалій»

Аб’яднаньне «Беларуськалій», прадпрыемства, якое было донарам бюджэту Беларусі і праца на якім заўжды лічылася прыбытковай, перажывае крызіс зьвязаны з заходнімі санкцыямі супраць уладаў Беларусі.

Як стала вядома «Нашай Ніве», тры з пяці рудаўпраўленьняў калійнай кампаніі не здабываюць і не адгружаюць солі.

«Гэта зьвязана з катастрофай у лягістыцы ў выніку санкцый Эўразьвязу і ЗША», — піша выданьне. «Калектыву ўсё тлумачаць рамонтнымі працамі і абяцаюць, што ўсё наладзіцца», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Паводле знаёмых з сытуацыяй, «невялікія адгрузкі на экспарт з „Белкалія“ працягваюцца, але для гэтага хапае двух руднікоў.

Днямі міністар фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў прызнаў, што ёсьць праблемы з паступленьнямі плацяжоў ад сэктараў эканомікі, якія трапілі пад санкцыі і пакуль не перабудаваліся: экспарт калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў.

„Чаканы тэрмін гатоўнасьці тэрмінала пад Санкт-Пецербургам, праз які можна было б вазіць калій морам пасьля блякаваньня ў Літве — толькі канец 2023 года, і гэта аптымістычныя ацэнкі, якія закладваліся яшчэ да вайны“, — кажуць знаёмыя з сытуацыяй. Але тэрмінал можа аказацца непрыдатным, калі эўрапейскія краіны забароняць уваход расейскіх суднаў у свае порты.

Паводле „Нашай Нівы“, „Беларуськалій“ упершыню зьвярнуўся да аднаго з дзяржаўных банкаў для фінансаваньня выплаты заробкаў работнікам».

Што вядома пра новы порт для «Беларуськалія»

Расея да вайны зьбіралася прафінансаваць будаўніцтва порту пад Санкт-Пецярбургам для перавалкі беларускіх калійных угнаеньняў і даць крэдыт на 500 мільёнаў даляраў. Пра гэта пісала выданьне «Деловой Петербург».

Праектная магутнасьць порту складзе 5 мільёнаў тонаў на год з магчымасьцю павялічэньня да 7 мільёнаў тонаў. Аднак штогод Беларусь экспартуе да 11 мільёнаў тонаў калійных угнаеньняў.

Менск мае патрэбу ў новым экспартным маршруце ў сувязі з адмовай Літвы транспартаваць беларускі калій з 1 лютага 2022 году з прычыны заходніх санкцый да беларускай калійнай галіны.

У апошнія гады Літва была галоўным экспартным калідорам для беларускага хлоркалію. Да вайны Беларусь магла экспартаваць калій праз Украіну. Цяпер такой магчымасьці няма.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG