Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Пуціна гэтая вайна — справа ўсяго жыцьця, — Канстанцін фон Эгерт


Расейскія вайскоўцы правяраюць машыны людзей, якія выяжджаюць з аточанага расейцамі Марыюпаля. 20 сакавіка
Расейскія вайскоўцы правяраюць машыны людзей, якія выяжджаюць з аточанага расейцамі Марыюпаля. 20 сакавіка

Расейскі журналіст і публіцыст Канстанцін фон Эгерт тлумачыць, з кім на самой справе вядзе вайну Пуцін, нападаючы на Ўкраіну; адзначае пагрозы для Крамля ў тым выпадку, калі вайна зацягнецца, і адказвае на пытаньне, ці працуе ядзерны шантаж Пуціна.

Сьцісла:

  • Украіна не гатовая і не зьбіраецца гандляваць сваім сувэрэнітэтам.
  • Гэта не вайна Пуціна з Украінай, гэта вайна Пуціна з Захадам за новую Расею, якую ён стварае.
  • Магчымы апошні аргумэнт Пуціна — пагроза прымяненьня ядзернай зброі.
  • Такім рэжымам патрэбны войны пераможныя, кароткатэрміновыя, малакроўныя ці бяскроўныя.
  • Глябальная канфрантацыя з NATO ня можа скончыцца для Расеі перамогай

— Ці вы лічыце, што цяперашнія перамовы паміж дэлегацыямі Ўкраіны і Расеі могуць сапраўды прывесьці да нейкіх рэальных вынікаў? Ці на дадзеным этапе вайны гэта проста зацягваньне часу дзеля таго, каб перагрупаваць сілы для новых ваенных посьпехаў?

— Мне здаецца, што Крэмль дакладна цягне час і спрабуе зразумець, як зьмяніць гэтую ваенную кампанію, каб дабіцца нейкага посьпеху.

Канстанцін Эгерт
Канстанцін Эгерт

Што тычыцца ўкраінцаў, то тут ёсьць два аспэкты. Па-першае, сапраўды жаданьне ў выніку ваенных дзеяньняў атрымаць нейкую лепшую пазыцыю для будучых рэальных перамоваў. Па-другое, ня варта забываць, што Ўладзімер Зяленскі — дэмакратычна выбраны прэзыдэнт, якога рэальна хвалюе той факт, што гінуць ягоныя суграмадзяне, у тым ліку мірныя жыхары. І гэта штурхае яго да пошуку нейкага рашэньня адразу, цяпер — можа быць, спыненьне агню.

Дэмакратычны лідэр ня можа дзейнічаць так, як недэмакратычны, які не зьвяртае ўвагу на ахвяры сярод сваіх суграмадзянаў. І гэта вельмі істотна. Мне здаецца, Украіна гатовая будзе пайсьці на сур’ёзныя крокі, каб спыніць агонь. Але разам з тым Украіна не гатовая і не зьбіраецца гандляваць сваім сувэрэнітэтам.

І ў гэтым праблема. Бо пакуль патрабаваньні Расеі не мяняюцца. Гэта варыяцыі таго, пра што казаў Пуцін у сваіх ультыматумах. Як можна тут знайсьці нейкія кампрамісы, акрамя нейкіх зусім дробных і прыватных, я пакуль ня бачу.

— З вашых словаў трэба разумець, што недэмакратычнага лідэра, у гэтым выпадку Пуціна, ахвяры сярод уласных грамадзянаў ня вельмі хвалююць. У якой ступені гэта сапраўды так? Ці можа Пуцін цалкам ігнараваць настроі расейцаў ці тыя ахвяры, якія яны нясуць на вайне?

— Я ня ведаю, што адбываецца ў галаве ў Пуціна. Але што важна разумець: для Пуціна цяперашняя вайна, цяперашняя так званая «спэцыяльная апэрацыя» — гэта справа ўсяго ягонага жыцьця. Гэта тое, да чаго Пуцін, у ягоным разуменьні, ішоў усе 70 гадоў свайго жыцьця. І чакаць, што ён кіне гэта на паўдарозе, цалкам нерэалістычна.

Пуцін любіць гаварыць: «Я ж вас папярэджваў. Вы няўважліва чыталі мае артыкулы і слухалі мае прамовы». А тут ён усіх папярэдзіў, калі летам мінулага году выпусьціў свой артыкул на 5 тысяч словаў пра Ўкраіну, з дадатковым відэа-эксплэйнэрам. Ён там патлумачыў, што яму важна, чаму гэта важна для ягонай Расеі. І ў мяне няма падставаў думаць, што ён з таго часу зьмяніў сваю пазыцыю.

Іншая справа, што абставіны могуць прымусіць яго адступіць. Але пакуль ён лічыць, што няма такіх абставінаў, якія прымушалі б яго адступіць. Гэта не вайна Пуціна з Украінай, гэта вайна Пуціна з Захадам за новую Расею, якую ён стварае.

— Тым ня менш, калі Пуцін сустрэне моцнае супрацьдзеяньне, ён спыніцца ці будзе ісьці да канца, як Гітлер у 1945-м?

— Адказваючы на гэтае пытаньне, трэба разумець адну рэч. Пуцін ня проста аўтарытарны лідэр, дыктатар. Пуцін — чалавек, які валодае ядзернай зброяй. Так, ня ён адзін будзе яе запускаць, але гэта вельмі важны элемэнт ягонага арсэналу.

На мой погляд, гэта ягоны магчымы апошні аргумэнт — пагроза прымяненьня ядзернай зброі. І ніхто ня ведае, наколькі гэта магчыма. Так, мы ведаем, што пратакол прыняцьця рашэньня даволі доўгі. Але гэта не азначае, што гэта немагчыма.

Калі не абмяркоўваць тэму выкарыстаньня ядзернай зброі, то перад пуцінскім рэжымам, як перад любым дыктатарскім рэжымам, заўсёды паўстае адно пытаньне — што рабіць з вайной. Такім рэжымам патрэбны войны пераможныя, кароткатэрміновыя, малакроўныя ці бяскроўныя — як анэксія Крыму. Вайна, якая доўжыцца і ня можа завяршыцца перамогай, вельмі кепска ўплывае на такія рэжымы. І тым больш ва ўмовах глябальных эканамічных санкцыяў, якія могуць стаць яшчэ цяжэйшымі.

Таму ў нейкі момант пытаньне, чаго вы хочаце — стабілізацыі рэжыму дома альбо працягу вайны — выйдзе на парадак дня. Дарэчы, магчыма, менавіта ў гэты момант Пуцін захоча выкласьці апошні аргумэнт, а менавіта пагрозу прымяненьня ядзернай зброі. Але рашаць гэтую дылему прыйдзецца.

На сёньня ніякіх мэтаў расейскай арміі дасягнуць ва Ўкраіне не ўдалося. Больш за тое, нават калі будуць прымяняцца інтэнсіўныя ракетныя абстрэлы гарадоў Украіны — гэта ўсё роўна ня дасьць выніку, бо такімі мэтадамі кантраляваць Украіну немагчыма. Гэта толькі ўзмацніць жаданьне Захаду ўзбройваць Украіну, даць ёй самалёты альбо ўводзіць такія санкцыі, якія адрэжуць апошні даляр ад расейскай казны.

Таму ў нейкі момант прыйдзецца прымаць рашэньне — альбо пагражаць ядзернай зброяй, альбо падпісваць нейкі мір, нейкае пагадненьне, якое спыніць вайну.

— У адным з інтэрвію вы адзначалі, што Пуціну, які вельмі любіць 9 траўня, хацелася б менавіта да гэтай даты прад’явіць нейкія «доказы перамогі»

— Пуціну трэба прадставіць да 9 траўня расейскаму грамадзтву нейкі «вобраз перамогі». Тое, што 9 траўня — важны для яго дзень, гэта трэба разумець. Улічваючы ўсю ягоную рыторыку, ён яўна павінен да 9 траўня патлумачыць народу, як яму ўдалося «дэнацыфікаваць» Украіну.

І гэта робіць сытуацыю яшчэ больш непрадказальнай. Пуцін жыве ўнутры гісторыі, ён сьвядома працягвае гісторыю Расеі, якую ён бачыць і разглядае пэўным чынам.

— Пуцін можа палічыць, што ядзерны шантаж працуе. «Зараз я прыгразіў ядзернай зброяй — і NATO вырашыла не „закрываць неба“ над Украінай і тым больш не пасылаць туды свае войскі. Ну дык далей, пасьля Украіны, я зноў буду пагражаць ядзернай кнопкай і нападу на іншую краіну».

— Усё так, нічога на гэта не скажаш. Я думаю, галоўная тэма ў дыскусіях, якія Пуцін будзе праводзіць са сваімі генэраламі, будзе такой: а што калі ЗША скажуць «ну давай, паспрабуем». Бо вядома, што глябальная канфрантацыя з NATO ня можа скончыцца для Расеі перамогай, скажам так.

Я думаю, што сёньня любая спроба апэрацыі Расеі супраць любой краіны NATO будзе ўспрынятая як такая эскаляцыя, на якую трэба адказваць эскаляцыяй. Мне здаецца, што для Захаду гэта будзе цалкам непрымальна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG