Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Харкава: расейцы па-барбарску абстрэльвалі горад касэтнымі авіябомбамі. ФОТА і ВІДЭА


Харкаўская абласная дзяржаўная адміністрацыя пасьля абстрэлу. Харкаў, 1 сакавіка
Харкаўская абласная дзяржаўная адміністрацыя пасьля абстрэлу. Харкаў, 1 сакавіка

Раніца 1 сакавіка ў Харкаве зноў пачалася з паведамленьняў аб паветранай трывозе.

За мінулы дзень іх было больш за дзесяць. Шмат цывільных ахвяраў і разбурэньняў жылых дамоў і гарадзкой інфраструктуры. 10 асобаў загінулі, больш як 20 траўмаваныя, паведамілі ў Харкаўскай адміністрацыі.

Харкаў, 1 лютага
Харкаў, 1 лютага

Улады пакуль паведамляюць аб лякальных стратах у выніку абстрэлу асобных вуліц, але дакладна, як яны кажуць, падлічыць колькасьць ахвяр стане магчыма толькі пасьля спыненьня абстрэлаў.

«Абстрэлы жылых дамоў і цывільнага насельніцтва сёньня набылі дакладныя прыкметы генацыду. Вораг зноў парушыў усе агульналюдзкія прынцыпы гуманізму, ажыцьцявіўшы чарговае злачынства супраць мірнага ўкраінскага народу. Агрэсар сёньня прымяніў забароненую ўсімі міжнароднымі канвэнцыямі зброю, у прыватнасьці касэтныя авіябомбы, якія выбухалі ў жылых масівах Шаўчэнкаўскага і Кіеўскага раёнаў, дзе няма ніякай вайсковай інфраструктуры», — сказаў старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «24».

Шаўчэнкаўскі і Кіеўскі раён — два найбуйнейшыя ў колькасьці насельніцтва раёны на поўначы і паўночным усходзе Харкава.

Праз абстрэлы гарадзкі пэрынатальны цэнтар, у якім надаюць акушэрска-гінэкалягічную дапамагу і даглядаюць жанчын і дзяцей, якія нарадзіліся заўчасна, перамясьціўся ў падвал. Папярэдне мясцовыя ўлады паведамілі аб разбурэньні 87 жылых дамоў. Шмат людзей трапілі пад завалы.

«Канчаткова падлічыць колькасьць ахвяраў і пацярпелых зможам толькі пасьля таго, як спыняцца артылерыйскія абстрэлы. Працуем над аднаўленьнем гарадзкой інфраструктуры, каб папярэдзіць гуманітарны крызіс», — кажа Алег Сінягубаў.

Адначасова з абстрэламі ў горадзе працуе шмат расейскіх дывэрсійных групаў. У часе працы пад кулі трапіла сьледча-апэратыўная група, якая дакумэнтавала злачынствы расейскіх войскаў і затрыманьне дывэрсантаў. Папярэдне затрымалі 13 грамадзян праз падазрэньні ў дывэрсіях і крадзяжах, яшчэ 20 дывэрсантаў зьліквідавалі.

Вядомая ўкраінская тэнісістка Эліна Сьвітоліна, якая зьяўляецца ганаровай грамадзянкай Харкава, паабяцала пералічыць свае прызавыя, каб падтрымаць украінскае войска і гуманітарныя сілы. «Каб дапамагчы абараніць цябе, наша краіна».

У надзвычайным рэжыме працуюць мясцовыя ратавальнікі. Толькі за апошнія суткі яны змаглі зьліквідаваць 24 пажары, выкліканыя абстрэламі. Гарэлі дзясяткі аўтамабіляў і дамоў. Блізка тысячы дамоў засталіся безь сьвятла і ацяпленьня, бо пашкодзілі «Харківобленерго». Валянтэры арганізоўваць грузы з гуманітарнай дапамогай — разьмяркоўваюць і развозяць пітную ваду і харчы.

Ракеты трапілі ў Харкаўскую абласную адміністрацыю, опэрны тэатар і філярмонію.

Кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў кажа, што цяпер украінскія войскі цалкам кантралююць Харкаў. Паводле яго, у тэрытарыяльную абарону гораду ўступіла больш мясцовых жыхароў, чым вызначалася законам. «Мы ўжо перавыканалі на 300 %. Да нас зьвяртаюцца тысячы людзей, якія хочуць далучыцца ў шэрагі абароны».

Міністар абароны Ўкраіны пра абстрэлы мірных грамадзян: «Яны ня здольныя ваяваць з узброенымі ўкраінцамі»

«Барбарскія абстрэлы ракетамі і РСЗ мірных гарадоў – гэта сьведчаньне, што яны няздольныя больш ваяваць з узброенымі ўкраінцамі. Толькі зь мірнымі, як апошнія баязьліўцы», – напісаў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, камэнтуючы масавыя абстрэлы Харкава і іншых украінскіх гарадоў.

Ён назваў такія дзеяньні Расеі ваеннымі злачынствамі, якія стануць прадметам разьбіральніцтва ў трыбунале.

«Будзе справядліва, калі спэцыяльны міжнародны трыбунал будзе створаны ў Харкаве. Дарэчы, менавіта ў Харкаве ў 1943 годзе адбыўся першы працэс, у выніку якога нацыстаў асудзілі за ваенныя злачынствы», – перакананы міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG