Адным зь першых да беларускіх вайскоўцаў зьвярнуўся вядомы рок-музыка Лявон Вольскі. Ён выказаў надзею на «хуткі скон Расейскай імпэрыі». Беларусам, якіх уцягваюць у вайну, ён пажадаў падумаць, каб не апынуцца потым на лаве падсудных разам з «расейскімі калегамі».
Лідэр гурту Brutto Сяргей Міхалок, які некалькі гадоў таму пераехаў зь Менску ў Кіеў, у сваім звароце заклікаў беларускіх вайскоўцаў не падначальвацца ніякім загадам камандаваньня, калі яно будзе накіроўваць іх на вайну ва Ўкраіну. Узброеныя сілы Ўкраіны Міхалок назваў «наймацнейшай арміяй у сьвеце».
Доктар і тэлевядоўца Яўген Камароўскі, які застаўся ў Харкаве, іранічна пытаўся ў падпісантаў з краін і рэгіёнаў, не закранутых вайной, ці пачысьцілі яны зубы і ці пасьнедалі. Ён адзначыў, што кожная раніца для харкаўчан пачынаецца з абзвону сваякоў і сяброў з пытаньнямі, ці ўсе жывыя.
Сьпявачка Сьвятлана Лабада запісала зварот да падпісантаў з Расеі з просьбай спыніць вайну, празь якую яе родныя хаваюцца па падвалах ад ракет.
Свой зварот разам з дзецьмі запісала і колішняя пераможца «Эўравізіі» Джамала. Крымская татарка заклікала да ўсталяваньня міру як найхутчэй.
Лідэр гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук апублікаваў зварот да маці расейскіх жаўнераў. У ім ён назваў дзеяньні Пуціна «жахлівым злачынствам», роўных якому не было з часоў ІІ Усясьветнай вайны. Музыка заклікаў расейцаў не адпраўляць сваіх дзяцей на ўкраінскую зямлю.
Беларускі журналіст, аўтар youtube-каналу «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў у сваім звароце да беларускіх вайскоўцаў адзначыў: «Раней вы не хацелі бараніць свой народ, а зараз маеце пэрспэктывы агрэсіі супраць народу іншай краіны».
Былы КВЗшнік, цяпер папулярны ўкраінскі тэлевядоўца і шоўмэн Дзьмітры Танковіч, які жыве ў Кіеве ад 2006 году, сказаў, што ў выніку гэтай агрэсіі Расейская імпэрыя распадзецца, а калі далучыцца Беларусь, тады незайздросны лёс чакае і яе.
Былы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Носаў вучыўся разам зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным. У відэа ён заклікаў яго спыніць Лукашэнку ад неабдуманых дзеяньняў.
З заклікам да беларускіх жанчын не адпускаць на «верную сьмерць» сваіх сыноў ва Ўкраіну зьвярнулася й сьпявачка Насьця Каменскіх.
Музыка Аляксандар Памідораў, які нядаўна вымушаны быў зьехаць зь Беларусі празь перасьлед, запісаў антываенны зварот ля беларускай мяжы.
Баксэр Аляксандар Вусік назваў свой народ наймагутнейшым у сьвеце і таксама заклікаў не ісьці на вайну з Украінай.
Падпалкоўнік ПДВ у запасе Валер Сахашчык запісаў відэазварот да сваіх былых падначаленых і саслужыўцаў: «Гэта ня ваша вайна, вы ня знойдзеце там славы, а толькі зьнявагу і сьмерць».
Сям’я з Дніпра зьвярнулася да свайго сваяка — памочніка міністра абароны Беларусі. Яны спыталі: «Як ты будзеш глядзець нам у вочы?»