Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны лебедзь» прыляцеў. Чаму на рэфэрэндуме выбухнулі пратэсты, якіх ніхто не чакаў


Жанчына з плякатам у падтрымку Ўкраіны ў цэнтры Менску 27 лютага
Жанчына з плякатам у падтрымку Ўкраіны ў цэнтры Менску 27 лютага

Гэты дзіўны рэфэрэндум, які нікому не патрэбен (у тым ліку самому Лукашэнку), прайшоў. Ён адбыўся ў традыцыйным беларускім фармаце. Наўрад ці ёсьць сэнс аналізаваць афіцыйныя лічбы, названыя ЦВК: гэта ня мае істотнага значэньня.

Сьцісла:

  • Рэфэрэндум быў ня вельмі важны для Лукашэнкі як спосаб легітымізацыі ягонага рэжыму.
  • Улічваючы гэта, працэс рэфэрэндуму набыў карыкатурныя формы. Лукашэнка вырашыў, што ня варта гуляць у дэмакратыю.
  • Рэфэрэндум стаў пэўным тэстам на здольнасьць грамадзтва да пратэстаў.
  • Пратэсты адбыліся, бо прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе вайны. Інстынкт самазахаваньня грамадзян аказаўся мацнейшым за страх.

Улады ня ўтойваюць, што панічна баяцца любой электаральнай кампаніі. Таму мясцовыя і парлямэнцкія выбары перанесьлі ажно на 2024 год.

А вось жа рэфэрэндум правялі. Бо, як тлумачыў Лукашэнка, «мы абяцалі». Лёгка адгадаць, хто зьяўляецца тым суб’ектам, абяцаньні якому пажадана выконваць.

Да таго ж улады не пакінулі апанэнтам добрага варыянту дзеяньняў, зь якога мог бы вырасьці пратэст. Галасаваньне і «за», і «супраць» былі аднолькава непрымальныя для апанэнтаў улады.

Мяркую, рэфэрэндум быў ня вельмі важны для Лукашэнкі як спосаб легітымізацыі ягонага рэжыму. Калі гаварыць пра міжнародную легітымізацыю, то Захад усё роўна яго не прызнае пры любым раскладзе. Расея, наадварот, прызнае ў любым выпадку, як бы ён не праходзіў.

Што да легітымнасьці ў вачах беларускага грамадзтва, то трэба адзначыць, што рэжым разумее пад грамадзтвам, народам, выбарнікамі толькі сваіх прыхільнікаў, г. зн. меншасьць. Усе, хто супраць Лукашэнкі, — гэта не народ, не грамадзяне, і іхную думку можна не прымаць пад увагу.

А прыхільнікі Лукашэнкі прымуць любы варыянт правядзеньня рэфэрэндуму. Бо для іх электаральны працэс — гэта рытуал з загадзя вядомым вынікам.

Улічваючы ўсё гэта, працэс рэфэрэндуму набыў карыкатурныя формы. Лукашэнка вырашыў, што ня варта гуляць у дэмакратыю.

Улады ня сталі нават імітаваць «усенароднае абмеркаваньне». Усё вылілася ў банальную прафанацыю. У бюджэтныя арганізацыі прыходзілі нейкія начальнікі, садзіліся ў прэзыдыюм, гаварылі банальныя словы, што з новай Канстытуцыяй усіх чакае лепшае жыцьцё, народ моўчкі выслухоўваў і разыходзіўся.

Не было на рэфэрэндуме незалежных унутраных назіральнікаў і міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ.

Улады адмовіліся ад правядзеньня галасаваньня за мяжой.
Засакрэцілі склад участковых выбарчых камісій.

Былі зьнятыя шторкі на кабінках для галасаваньня, каб сябры выбарчых камісій маглі бачыць, што ўдзельнік галасаваньня робіць зь бюлетэнем.

Кантроль за ходам галасаваньня, акрамя міліцыі, ажыцьцяўлялі 5 тысяч супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый, нейкія «народныя дружыньнікі», «вэтэраны спэцназу». То бок гэта было падобна не на электаральную кампанію, а на паліцэйскую апэрацыю.

І, нарэшце, як вішанька на торце: рэфэрэндум прайшоў пры наяўнасьці ў краіне расейскіх войскаў. Нагадвае Крым 2014 году.
Адзінае, што магло выклікаць цікавасьць, гэта грамадзкая рэакцыя. Рэфэрэндум стаў пэўным тэстам на здольнасьць грамадзтва да пратэстаў.

Аднаўленьне пратэстаў мала хто прадказваў. Бо палітычная пляцоўка была зачышчаная да стэрыльнасьці. І гістарычныя аналёгіі ўпэўнівалі, што ва ўмоўным 1937 годзе народ паралізаваны і ня ў стане элемэнтарна абараніць сябе.

Аднак пратэст выбухнуў. Спачатку ў выглядзе чэргаў на выбарчых участках а 14 гадзіне. А потым у форме «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў». Амаль 800 затрыманых. Гэта лічба, блізкая да дзён пратэстаў 2020 году.

Чаму прагнозы ня спраўдзіліся? Бо зноў прыляцеў «чорны лебедзь» — у выглядзе вайны. Інстынкт самазахаваньня грамадзян аказаўся мацнейшым за страх. Вайна становіцца тым болевым парогам, які грамадзтва ня ў стане перанесьці. Плюс градус абурэньня, назапашаны паўтарагадовымі рэпрэсіямі.

А на даляглядзе ўжо відаць прыкметы эканамічных катаклізмаў. Чаго варты абвал беларускага рубля амаль удвая, праблемы з валютай. А санкцыі ў дачыненьні і Беларусі, і Расеі яшчэ не запрацавалі на поўную моц.
У такіх умовах прагназаваць падзеі становіцца ўсё складаней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG