Выведзеную з эксплюатацыі АЭС расейскія войскі захапілі 24 лютага, у дзень пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Украінскія ўлады паінфармавалі Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі ААН (МАГАТЭ) аб страце кантролю над спыненай АЭС. Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марʼяна Гросі заклікаў да «максымальнай стрыманасьці», каб унікнуць дзеяньняў, якія могуць паставіць пад пагрозу ядзерныя абʼекты Ўкраіны.
Аднак МАГАТЭ лічыць, што актуальны ўзровень радыяцыі не нясе пагрозы. У заяве МАГАТЭ адзначана, што паказаньні, дадзеныя ўкраінскім рэгулятарам, «застаюцца ў межах апэрацыйнага дыяпазону, які фіксуецца ў зоне адчужэньня з моманту яе стварэньня, і таму ніякай небясьпекі для насельніцтва няма».
МАГАТЭ паведамляе, што, паводле ўкраінскіх экспэртаў, падвышэньне ўзроўню радыяцыі магло выклікаць перамяшчэньне цяжкай вайсковай тэхнікі, якая парушае верхні пласт глебы, забруджанай пасьля аварыі 1986 году.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў пацьвердзіў, што расейскія вайскоўцы захапілі гэты раён, але падкрэсьліў, што ўзровень радыяцыі застаецца ў норме.
«Радыяактыўны фон у раёне атамнай электрастанцыі ў норме», — сказаў Канашэнкаў, дадаўшы, што пэрсанал працягвае абслугоўваць абʼект у штатным рэжыме.
- Выбух аднаго з рэактараў атамнай электрастанцыі ў красавіку 1986 года прывёў да сурʼёзнага радыяцыйнага забруджваньня тэрыторыяў Ўкраіны і Беларусі. Пасьля аварыі была створана зона адчужэньня плошчай каля 2600 квадратных кілямэтраў, што супастаўна з плошчай Люксэмбургу.
- АЭС знаходзіцца прыкладна за 130 кілямэтраў ад Кіева.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця заявіў, што крытычна важная інфраструктура АЭС не пашкоджаная ў выніку ўварваньня і асноўныя работы для тэхнічнага абслугоўваньня працягваюцца.
Польшча паведаміла, што не зафіксавала павышэньня ўзроўню радыяцыі на сваёй тэрыторыі.