Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так з аргумэнтамі Пуціна і іншых на паседжаньні Савету бясьпекі РФ наконт «ЛНР» і «ДНР»? Праверым факты 


Найвышэйшыя чыноўнікі Расейскай Фэдэрацыі «ўгаворвалі» прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна прызнаць так званыя «ЛНР» і «ДНР», цьвердзячы, што гэта аб’ектыўна насьпелае і адзіна дакладнае рашэньне.

Журналісты «Настоящего времени» разьбіраюцца з аргумэнтамі, якія прагучалі на паседжаньні Савету бясьпекі РФ.

«Спачатку за мірнае рашэньне»

Ва ўступнай прамове перад Саветам бясьпекі РФ Уладзімір Пуцін заявіў: «Расея першапачаткова рабіла ўсё для таго, каб мірнымі сродкамі, мірным шляхам вырашыць усе супярэчнасьці».

Масква неаднаразова дэкляравала прыхільнасьць да перамоўнага працэсу, але ад пачатку менавіта Крэмль спрыяў канфлікту на Данбасе. У 2014-м у сэпаратыстаў зьявілася расейская зброя — «знойдзеная ў шахтах», як заявіў прадстаўнік РФ у Гаазе. У шэрагах так званага апалчэньня былі расейскія вайскоўцы — нібыта «адпускнікі». У кіраўніцтве — расейскія грамадзяне, такія як Ігар Гіркін.

Брытанская група Forensic Architecture, дасьледаваўшы спадарожнікавыя здымкі і відэа 2014 году, знайшла на іх мадэрнізаваныя савецкія танкі Т-72Б3 і Т-90А, якія былі ў той час на ўзбраеньні ў Расеі.

Справаздачы АБСЭ неаднаразова фіксавалі выкарыстанае сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы, якія ніколі не пастаўляліся ва Ўкраіну. Напрыклад, «Леер-3» — гэта распрацоўка пецярбурскага ТАА «Спэцыяльны тэхналягічны цэнтар» для глушэньня мабільнай сувязі.

Пракуратура Нідэрляндаў пацьвердзіла, што малайзійскі «Боінг» MH17 зьбілі ў 2014 годзе менавіта з расейскай устаноўкі «Бук М-1», і падрабязна аднавіла яе маршрут — з Расеі на Данбас і назад.

Мноства прыкладаў прысутнасьці расейскай тэхнікі на Данбасе сабрала міжнародная суполка InformNapalm.

«4 мільёны расейскамоўных»

Сяргей Нарышкін, кіраўнік Службы вонкавай выведкі Расеі, кажучы пра Данбас, заявіў: «Там жывуць людзі, якія — іх 4 мільёны, прыкладна 4 мільёны — людзі, якія хочуць размаўляць і думаць на расейскай мове».

Незразумела, адкуль узяліся такія зьвесткі. У 2019 годзе сэпаратысцкія «рэспублікі» правялі перапіс насельніцтва, але адмовіліся публікаваць вынікі.

У 2020-м мясцовыя мэдыя пісалі аб насельніцтве ў 3,6 млн жыхароў, але пазьней рэгулярна паведамлялі пра адток жыхарства, значыць, з тых часоў яно магло толькі памяншацца.

Выклікае сумнеў і сьцьвярджэньне Нарышкіна аб расейскамоўным Данбасе. Апошні перапіс насельніцтва праводзілі ва Ўкраіне яшчэ ў 2001 годзе. Тады дзьве траціны апытаных у Данецкай і Луганскай вобласьцях сапраўды назвалі расейскую роднай мовай, але большасьць усё роўна лічыла сябе ўкраінцамі — 56, 9% у Данецкай і 58% у Луганскай вобласьці.

«Абараніць грамадзян Расейскай Фэдэрацыі»

«На тэрыторыі двух гэтых непрызнаных утварэньняў у цяперашні момант жывуць каля 800 тысяч грамадзян Расейскай Фэдэрацыі. Усім відавочна, што, напрыклад, пры ўзьнікненьні ўсякіх розных праблемаў вакол амэрыканскіх грамадзян, калі аднаго дзе-небудзь захопяць, амэрыканцы праводзяць спэцапэрацыі», — такі аргумэнт прывёў Дзьмітрый Мядзьведзеў, намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі.

Расейскія грамадзяне, пра якіх кажа Мядзьведзеў, — гэта не прыежджыя з РФ, а жыхары Данбасу, якім зь лета 2019 году Масква пачала выдаваць пашпарты. Схема спрошчаная: ня трэба мець дазвол на жыхарства ў Расеі і жыць там 5 гадоў, пацьвярджаць сродкі для існаваньня і валоданьне расейскай мовай, можна нават не адмаўляцца ад грамадзянства Ўкраіны.

Паводле расейскіх СМІ, да студзеня гэтага году расейскія пашпарты паводле такой схемы атрымалі каля 720 тысяч жыхароў Данбасу.

Ва Ўкраіне масавую раздачу пашпартоў называюць незаконнай і парушэньнем Менскіх дамоўленасьцяў. Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка, да прыкладу, казаў, што «расейская пашпартызацыя — гэта элемэнт расейскіх гібрыдных тактык супраць суседніх дзяржаваў». А намесьнік міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі Ігар Яроменка падкрэсьліваў, што «паскораная пашпартызацыя на Данбасе — гэта абсалютна выразны сыгнал да таго, што Расейская Фэдэрацыя ня мае ніякага намеру завяршаць канфлікт і неяк яго ўрэгуляваць».

«Нэанацысцкі рэжым у Кіеве ажыцьцяўляе генацыд»

Так ахарактарызаваў дзеяньні ўкраінскіх уладаў Сяргей Лаўроў, міністар замежных справаў Расеі. Ён заявіў: «Тое, што цяпер спрабуе падтрымліваць адкрыта нэанацысцкі бандэраўскі рэжым у Кіеве, — гэта таксама праява генацыду. Выяўляецца атака на славян, на праваслаўных».

З падачы Ўладзіміра Пуціна ўдзельнікі Савету бясьпекі называюць тое, што адбываецца на Данбасе, «генацыдам», хаця ні адна міжнародная арганізацыя ніякіх яго прыкмет не адзначае. Пры гэтым Упраўленьне высокага камісара ААН у правах чалавека дакладае аб прыгнёце праўкраінскага насельніцтва сэпаратыстамі, «Міжнародная амністыя» паведамляе пра арышты і катаваньні на тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а Сусьветная арганізацыя здароўя характарызуе тое, што адбываецца там, як «гуманітарны крызіс».

«Нэанацыстамі» і «бандэраўцамі» расейскія фэдэральныя СМІ і чыноўнікі называюць усіх прадстаўнікоў украінскай улады, неляяльных Маскве, у тым ліку прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага. Пры гэтым сапраўдныя праварадыкальныя партыі ніколі не выйгравалі ва Ўкраіне выбараў. Да прыкладу, у партыі «Свабода» у дзейнай Вярхоўнай Радзе ўсяго адно месца.

«Захад і Ўкраіна падштурхоўваюць Данбас да вайны»

«Сёньня на межах Украіны сканцэнтраваная групоўка, параўнальная па сваёй ударнай моцы з той групоўкай, зь якой Гудэрыян ад Бранску ў жніўні 1941 году разьвярнуў свае войскі на Данбас», — сьцьвярджаў Ігар Шчогалеў, прадстаўнік прэзыдэнта РФ ў Цэнтральнай фэдэральнай акрузе. А дырэктар ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў прыводзіў прыклады: «Ёсьць выпадкі трапляньня снарадаў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Сёньня ўначы дзьве дывэрсійныя групы вайскоўцаў Украіны выйшлі на мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй з Луганскай вобласьці і з тэрыторыі Марыюпалю».

На паседжаньні Савету бясьпекі РФ сьцьвярджалі, што Ўкраіна і Захад падштурхоўваюць Данбас да вайны, хоць менавіта Расея першай пачала сьцягваць войскі да мяжы.

Пра гэта сьведчаць шматлікія спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя амэрыканскай кампаніяй Maxar Technologies: з восені 2021-га яны фіксуюць усё больш расейскай тэхнікі і абсталяваньня паблізу межаў Украіны і ў Крыме. Да пачатку сьнежня выведка ЗША налічыла там 175 тысяч вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі. І толькі ў студзені 2022 году NATO пачало ўзмацняць усходні флянг і пастаўляць Украіне ўзбраеньне.

Што ж да заяваў Бортнікава, дык ніякіх фактычных пацьверджаньняў ані нібыта плянаваных, ані перадухіленых дывэрсіяў, акрамя словаў кіраўніка ФСБ, няма. Украінскія ўлады інфармацыю аб затрыманых дывэрсантах адмаўляюць. Іншыя ж заявы расейскіх спэцслужбаў — аб падбітых украінскіх БТР, якія зайшлі на расейскую тэрыторыю, і аб разбамбаваным украінцамі расейскім памежным пункце — былі зьняпраўджаныя і ўкраінскімі, і заходнімі фактчэкерамі.

«Украіна хоча вярнуць ядзерную зброю»

Пра гэта заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу: «Хацеў бы зьвярнуць увагу чальцоў Савету бясьпекі на заяву спадара Зяленскага аб тым, што яны мяркуюць і хацелі б вярнуцца, вярнуць сабе статус ядзернай краіны. Ня буду казаць „дзяржавы“, але краіны. Гэта вельмі небясьпечна».

Выступаючы ў Мюнхэне, Уладзімер Зяленскі ўсяго толькі нагадаў пра Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, калі Кіеў адмовіўся ад ядзернага арсэналу ў абмен на гарантыі бясьпекі ад ЗША, Вялікай Брытаніі і Расеі. «За адмову ад трэцяга ў сьвеце ядзернага патэнцыялу Ўкраіна атрымала гарантыі бясьпекі. Той зброі ў нас няма. Як і бясьпекі», — сказаў на канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі ўкраінскі прэзыдэнт.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі настойвае, што Кіеў выконвае дамоўленасьці аб раззбраеньні. А вось Масква парушыла Будапэшцкі мэмарандум яшчэ ў 2014-м, анэксаваўшы Крым.

«Што Расея зрабіла дрэннага?»

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і падтрымкі баевікоў на Данбасе, пасьля зьбітага малайзійскага «Боінга» і сотняў тысяч войскаў, сьцягнутых да ўкраінскай мяжы, — старшыня Саваету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Мацьвіенка задае рытарычнае пытаньне: «За 30 гадоў існаваньня як дзьве незалежныя дзяржавы што Расея зрабіла дрэннага Ўкраіне? Што Расея зрабіла дрэннага?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG