Пра гэта Zerkalo.io расказаў ягоны сын Антон.
Сын Анатоля Шаўковіча расказаў, што 17 лютага ўвечары да бацькоў прыехалі некалькі супрацоўнікаў. Відаць, з РУУС.
«Сказалі, трэба зьезьдзіць у міліцыю для прафіляктычнай гутаркі. Маўляў, нічога з сабой не браць, толькі пашпарт і тэлефон», — расказвае Антон.
У сувязі з чым узьніклі прычыны для гутаркі, у сям’і Анатоля Шаўковіча ня ведаюць. Са здагадак — надыходзячы рэфэрэндум.
18 лютага, працягвае Антон, падчас суду блізкія даведаліся, што па пратаколе бацька аказваў супраціў пры дастаўцы ў пастарунак. Суд вырашыў пакараць яго 15 соднямі арышту. Цяпер Анатоль Шаўковіч на Акрэсьціна.
— Як тата сябе адчуваў?
— Было стабільна, а як цяпер, ня ведаю. Наступным днём пасьля таго, як бацька выйшаў з Акрэсьціна пасьля 60 содняў, яго забрала хуткая. У жоўцевым пухіры таты знайшлі камяні — і жоўцевы пухір выдалілі. Цяпер бацьку трэба выконваць спэцыяльную дыету. Есьці кашы і ўвесь час нешта падʼядаць. Мама з адвакатам казалі пра гэта на працэсе. Далі патрэбныя дакумэнты. Але гэта нічога не зьмяніла, — расказвае сын Шаўковіча.
— А пра сытуацыю зь Сяргеем Глушаковым вам нешта вядома?
— Глушакову, таварышу бацькі, даслалі позву. У ёй таксама прасілі зьявіцца ў РУУС для прафіляктычнай гутаркі, — распавядае Антон і адзначае: у выніку мужчына атрымаў 15 сутак.
Анатоля Шаўковіча ўпершыню затрымалі 11 лістапада 2021 года, у дзень ягонага 65-годдзя. Аказалася, што мужчына вырабляў бел-чырвона-белыя сьцягі і вешаў на дрэвы.
У міліцыі з ім запісалі пакаяннае відэа, у якім ён, усьміхаючыся, расказаў, як любіць спалучэньне белага і чырвонага колераў, напрыклад, памідоры са сьмятанай. Ролік адразу стаў вельмі папулярны, а выраз ператварыўся ў мем. Але пасьля 15 содняў мужчына ня выйшаў — яго перазатрымалі і вызвалілі толькі пасьля 60 сутак.