Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сіл не было нават адказаць на лісты». Што рабіць, калі блізкі ў турме захварэў на каранавірус?


СІЗА нумар 1 горада Менску на вуліцы Валадарскага
СІЗА нумар 1 горада Менску на вуліцы Валадарскага

Што рабіць, каб падрыхтавацца да захворваньня на COVID-19 за кратамі.

Як стала вядома Свабодзе, на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 ужо некалькі тыдняў трывае хваля захворваньняў на каранавірус. Вязьні хварэюць цэлымі камэрамі, хвароба не абмінае нават тых арыштантаў, якія чакаюць суду альбо пераводу ў калёнію ў адзіночных камэрах.

«Ігар напісаў мне, што захварэў неўзабаве пасьля нашага спатканьня ў сераду (2 лютага. — РС), — расказала жонка палітзьняволенага Ігара Лосіка Дар’я. — У іх хварэе ўся камэра. Я турбавалася, як ён там будзе гэта пераносіць. Праблем зь перадачай у СІЗА лекаў няма, але трэба рабіць гэта загадзя».

Інфармацыю пра тое, што ў СІЗА-3 Гомля ўспышка каранавірусу, Свабодзе пацьвердзілі родныя яшчэ некалькіх арыштантаў. У тым ліку жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. Па яе словах, Мікола захварэў, хоць чакае пераводу ў калёнію ў адзіночнай камэры. Як гэта магло адбыцца, ён ня ведае. Адміністрацыя СІЗА максымальна абмяжоўвае кантакты Статкевіча зь іншымі вязьнямі і аховай. На спатканьні і прагулкі яго выводзяць асобна, у калідорах складана сустрэцца нават з так званымі «баландзёрамі» — арыштантамі, якія разносяць іншым зьняволеным ежу.

Захварэў Статкевіч на пачатку лютага. Праз тыдзень хваробы яго стан пагоршыўся, і адміністрацыя СІЗА дазволіла вязьню ляжаць на нарах «адзіночкі» ўдзень, хоць паводле інструкцый у звычайных умовах гэта забаронена — арыштанты могуць альбо сядзець, альбо стаяць. Ляжаць можна толькі ад адбою да пад’ёму.

«Мікола таксама захварэў. Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць, — расказала Марына Адамовіч, якая была на спатканьні з мужам 11 лютага. — Але гэты пасьцельны рэжым у іх нейкі дзіўны. Ляжаць дазваляюць да восьмай гадзіны вечара, пасьля чаго ён павінен устаць, і да адбою класьціся нельга».

Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі было зафіксавана амаль 850 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам. Больш за 6 тысяч чалавек памерлі ад самой хваробы альбо ад яе наступстваў. Па стане на 16 лютага на каранавірус у Беларусі хварэлі больш за 8800 чалавек.

Пры гэтым былыя супрацоўнікі мэдустановаў Беларусі, у тым ліку тыя, што працавалі з каранавіруснымі хворымі, ня раз крытыкавалі афіцыйныя лічбы і сьцьвярджалі, што яны могуць быць моцна заніжаныя. Асобнай статыстыкі ні пра колькасьць хворых у месцах зьняволеньня, ні пра колькасьць вязьняў беларускіх турмаў і СІЗА, якія памерлі ад каранавірусу, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС не публікуе.

Як расказалі Свабодзе родныя зьняволеных, у большасьці выпадкаў вязьні вымушаныя лячыцца самастойна лекамі, якія ім перадалі блізкія з волі. Хворых могуць адправіць на агляд да турэмнага лекара, аднак ён амаль заўсёды абмяжоўваецца самымі простымі працэдурамі — апытвае хворага, мерае яму тэмпэратуру, можа выдаць жарапаніжальныя.

Лекі для вязьняў, як і іншыя рэчы і прадукты, прымаюць у перадачах у вызначаныя дні, таму зьняволеныя загадзя клапоцяцца, каб мець іх запас. Нават тыя, хто на волі ніколі не хварэў.

16 лютага Ігар Лосік меў чарговае спатканьне з жонкай Дар’яй. Яна расказала, што муж пачуваецца ўжо больш-менш добра, аднак аднаўленьне пасьля хваробы яшчэ зойме час.

«Ігар расказаў, што быў час, калі вельмі дрэнна хадзілі лісты, не прыносілі кнігі і газэты, — расказала Дар’я Лосік. — Відаць, нехта з супрацоўнікаў СІЗА, зь бібліятэкі таксама хварэў. Ня толькі вязьні там пахварэлі. Там усе хварэюць. Сёньня Ігар сказаў, што ўжо больш-менш паправіўся. Але раней была высокая тэмпэратура, балела горла, слабасьць адчувалася. Слабасьць вельмі моцная. Ігар расказаў, што сіл не было нават на тое, каб адказаць людзям на лісты».

Па словах Дар’і Лосік, пасьцельнага рэжыму мужу так і не дазволілі. Ён жыў па звычайным рэжыме СІЗА. Лекаваўся мэдыкамэнтамі, якія меў раней у камэры. У асноўным парацэтамолам, лекамі ад горла. Аднаўляецца Ігар з дапамогай вітамінаў, якія таксама перадала жонка.

Што рабіць, каб дапамагчы сваім родным перанесьці каранавірус у зьняволеньні

1. Дапамагчы стварыць запас лекаў. Правілы перадачы мэдыкамэнтаў за краты адрозьніваюцца, у кожнай установе яны свае. Родныя зьняволеных СІЗА-3 Гомля расказваюць, што там працэдура выглядае найбольш складана. Арыштант спачатку павінен сам скласьці сьпіс неабходных яму лекаў, затым гэты сьпіс зацьвярджае турэмны лекар — кіраўнік мэдсанчасткі.

«Падпісаны сьпіс Ігар высылаў мне лістом, — расказала Дар’я Лосік. — А я ўжо ішла набываць усё гэта і перадавала яму пасьля ў СІЗА. Лекі толькі прымаюць у пэўныя дні. Але ў Жодзіне ўсё было іначай. Там ня трэба было зацьвярджаць сьпіс, лекі прымалі ў адзін вызначаны дзень».

2. Якія лекі лепш перадаваць? Па словах Дар’і Лосік, у першую чаргу трэба мець запас жарапаніжальных, лекаў ад галаўнога болю і болю ў горле. «Я мужа папрасіла напісаць дазвол на мэдыкамэнты яшчэ летам, таму нейкі запас у яго быў, — кажа Дар’я. — Я б параіла мець нешта жарапаніжальнае, прэпарат ад болю, асобна ад болю ў горле. Сродак, які дапамагае адхаркваць макроту. Простыя мэдыкамэнты хаця б, каб можна было неяк палепшыць свой стан падчас хваробы».

3. Сродкі для аднаўленьня. «Можна перадаваць вітаміны, — раіць Дар’я Лосік. — У СІЗА-3 Гомля раз на месяц прымаюць полівітаміны без папярэдняга ўзгадненьня. Я таксама перадавала асобна вітамін D, вітаміны групы В, асобна кальцый, асобна цынк. На ўсё гэта ўжо трэба быў дазвол турэмнага лекара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG