Уладзімер Вяселік расказаў Свабодзе гісторыю сваёй маці, а таксама пракамэнтаваў вынесены ёй тэрмін зьняволеньня.
«Правёў у каляшокавым стане ўвесь дзень»
«У дзень прысуду я спрабаваў працаваць. У 12:51 прыйшло паведамленьне ад адваката: „Бяруць пад варту. 2,5 года пазбаўленьня волі“. Гэта было ўдарам. Я рыхтаваўся да розных вынікаў, але тым ня менш правёў у каляшокавым стане ўвесь дзень. На маму надзелі кайданкі, вывелі з суду і адвезьлі ў невядомым кірунку. Увечары мы даведаліся, што яна ў Ваўкавыску і што ўначы яе этапуюць у баранавіцкае СІЗА».
Уладзімер кажа, што з улікам апошніх падзей у Беларусі, зьвязаных зь перасьледам людзей за іх грамадзянскую пазыцыю, дапускаў магчымасьць вынясеньня маці прысуду ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Нават нягледзячы на яе ўзрост.
«На жаль, я мог гэта ўявіць, таму што бачыў і дагэтуль бачу прыклады, і яны не адзінкавыя. І тут пытаньня, ці могуць яны гэта зрабіць [прысудзіць турэмны тэрмін], не было. Аднак было пытаньне, ці стануць. Сталі», — кажа Ўладзімер.
«Яна заўсёды прыходзіць на дапамогу слабым. Гэты яе натуральны стан»
Галіне Міхальчук летам споўніцца 70 год. Па словах Уладзімера, усё жыцьцё яна пражыла ў Ваўкавыску.
«У маладосьці шмат падарожнічала, наколькі дазваляла вучоба, праца і дзяржава», — кажа суразмоўца.
Працавала Галіна Міхальчук у таварнай канторы на ваўкавыскім чыгуначным вузьле, а пасьля выхаду на пэнсію — прыбіральшчыцай у офісах і дробных крамах.
«Яна заўсёды прыходзіць на дапамогу слабым: дома былі падабраныя каты ці сабака. Памятаю, як у дзяцінстве яна ўзяла мяне з сабой на апэрацыю па выратаваньні Мухтара — сабакі, якога трымалі на ланцугу і марылі голадам суседзі, — расказвае Ўладзімер. — Яна ўвесь час некага даглядала: хворых сябровак, суседак з абмежаванымі магчымасьцямі, сям’ю сваёй стрыечнай сястры, якая рана памерла. Так было заўсёды, колькі я сябе памятаю. Прыкладаў вельмі шмат. Гэты яе натуральны стан».
Паводле Ўладзімера, яго маці вельмі моцна перажывала падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
«Магчыма, вастрэй, чым нехта з нас у сямʼі. Яе ўразілі ўсе фота, відэа... Плюс я ў верасьні аказаўся на Акрэсьціна ненадоўга. Яна не хацела нікога абражаць асабіста. Гэта агульная рэакцыя на тую жорсткасьць, якая была і да сёньня застаецца рэальнасьцю і якую немагчыма не заўважаць. Сястра прасіла яе прыехаць у госьці, зьмяніць абстаноўку, але яна сказала: я не магу ў такі момант», — кажа Ўладзімер Вяселік.
Жанчыне паставілі ў віну 30 камэнтароў у тэлеграм-канале «Волковыск для жизни», якія «зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, а таксама зьневажаюць ягоны гонар і годнасьць». Таксама, згодна з абвінавачаньнем, яна пісала і паклёп у адносінах да сілавікоў і службовых асобаў.
Сын падкрэсьлівае, што яго маці не хацела зьяжджаць і тады, калі была пад сьледзтвам.
«Да канца ня верыла, што яе могуць пасадзіць»
Уладзімер Вяселік расказаў, што раніцай 16 чэрвеня 2021 году двое невядомых схапілі яго маці і пасадзілі ў машыну без нумароў. Як выявілася пазьней, гэта былі супрацоўнікі Сьледчага камітэту.
«Яна ўвесь дзень правяла на допыце ў Менску, тэлефанаваць не дазвалялі. Завялі справу за „абразу“ (першапачаткова Галіну затрымлівалі паводле арт.342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх. — РС). Увечары адпусьцілі дадому, потым яшчэ цягалі некалькі разоў у Менск. Мы чакалі суду. 21 верасьня яе выкралі зноў, павезьлі ў Горадню, пасьля допыту перавялі на ІЧУ, а потым у СІЗА-1».
Агулам у СІЗА Галіна правяла 2 месяцы. Паводле Ўладзімера, там, у адрозьненьне ад ІЧУ, стаўленьне адміністрацыі да ягонай маці было дастаткова добрае — прымалі лекі і перадачы. Не было праблем і з карэспандэнцыяй.
«Пакуль яна сядзела, менскую справу перадалі ў Ваўкавыск. Справы мусілі абʼяднаць. Але гэтага не зрабілі. У кастрычніку адбыўся суд, маці далі 2 гады „хатняй хіміі“ (паводле артыкула 369 КК. — РС) і вярнулі ў СІЗА. 21 лістапада яе адпусьцілі дадому пад падпіску. Справу перадалі з Горадні ў Ваўкавыск — расказвае Ўладзімер. — Пакуль маці знаходзілася на волі, ёй на дзьве гадзіны ў дзень можна было выходзіць з дому, па нядзелях адзначацца. Дома правяралі амаль кожны дзень».
У студзені справу Галіны перадалі ўжо ў Вялікую Бераставіцу. Новы суд прызначылі на 4 лютага 2022 гоу. Паводле Ўладзімера, адвакату ягонай маці нават не паведамілі дату паседжаньня.
Суразмоўца кажа, што, нягледзячы на працяг крымінальнага перасьледу, «бегчы лясамі» Галіна адмовілася — да канца ня верыла, што яе могуць пасадзіць.
«Ёй трэба пастаяннае назіраньне лекара»
У сілу ўзросту ў Галіны даволі слабое здароўе.
«Яна гіпэртонік, прымае моцныя прэпараты, — удакладняе Ўладзімер. — Плюс у яе зь дзяцінства праблемы з суставамі, ёй трэба пастаяннае назіраньне лекара».
Адбіўся на стане жанчыны і час, праведзены ў зьняволеньні. Пасьля турмы ў яе пачаліся панічныя атакі, абвастрэньне з сэрцам.
«Усе сьледчыя, зь якімі яна мела справу, запэўнівалі: „Ды што вы хвалюецеся, ніхто вас не пасадзіць, старую жанчыну. Усё ў вас будзе добра“. Тое ж самае паўтаралі і супрацоўнікі адміністрацыі Ваўкавыску, якія зь ёй сустракалася. Гэта па-першае. А па-другое, мама не хацела пакідаць дом, у якім яна вырасла. Яна адчувала сябе адказнай за догляд старых (апошнія гады Галіна даглядала дзьвюх жанчын ва ўзросьце каля 90 гадоў — адна зь іх ня бачыць і практычна ня чуе, жыве ў вёсцы, куды дарога ў Галіны займала некалькі гадзін. — РС) — яна ім дапамагала і вяла гаспадарку».
Уладзімер кажа, што ягоныя бацькі нават часткова задаволілі пазовы пацярпелых сілавікоў, якія ацанілі свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў (пры гэтым Галіна мае пэнсію ў 500 рублёў). Сужэнцы думалі, што гэта паслужыць «зьмякчальным фактарам». Але на канчатковы прысуд гэта ніяк не паўплывала.
«Бацька плакаў»
У панядзелак 7 лютага судзьдзя Андрэй Талочка прысудзіў Галіне 2,5 года зьняволеньня (шляхам частковага складаньня пакараньняў: паводле ч.2 арт.367 КК, ч.1 арт.368 КК, арт.369 КК). Падчас паседжаньня пракурорка Ала Кузьма, сярод іншага, адзначыла, што пэнсіянэрцы «ставіцца ў віну адчуваньне нянавісьці да рэжыму».
«У выніку яе асудзілі двойчы за адно і тое ж, — кажа Уладзімер. — Бацька [на судзе] плакаў (78-гадовы муж Галіны, Раман Данілавіч Вяселік, працуе лекарам-рэнтгенолягам у паліклініцы Ваўкавыску. — РС). Адвакатка запытала спатканьне для бацькі, але ўжо мінуў тыдзень, а яму так і не патэлефанавалі. Ён зьезьдзіў сам на выходных у Баранавічы, перадаў перадачу і вярнуўся дадому. Вользе, сястры, маральна становіцца толькі горш, на жаль. Брат маці зь сямʼёй вельмі хвалююцца. Знаёмыя, сябры — усе проста ў шоку. Аднак мы імкнёмся трымацца разам, падтрымліваць адзін аднаго. Вялікі дзякуй усім, хто піша, дапамагае фінансава, справамі, парадамі. Такіх людзей шмат», — кажа Ўладзімер Вяселік.
Ён падкрэсьлівае: галоўная дапамога, якая неабходна сямʼі, — гэта каб пра сытуацыю зь яго маці стала вядома як мага шырэй.