Верагодны новы прэм’ер-міністар Енс-Фрэдэрык Нільсэн зараз павінен правесьці складаныя кааліцыйныя перамовы.
Доўгачаканыя парлямэнцкія выбары ў Грэнляндыі 11 сакавіка прынесьлі нечаканага пераможцу і два выразныя мэсэджы: адпор цікавасьці прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа да арктычнай тэрыторыі і сыгнал аб тым, што незалежнасьць ад Даніі можа прыйсьці, але пазьней.
Апазыцыйныя дэмакраты, лібэральная партыя падтрымкі бізнэсу, занялі першае месца, набраўшы амаль 30 адсоткаў галасоў, апярэдзіўшы незалежніцкую партыю Point of Orientation, якая атрымала 24 адсоткі.
Кіруючая кааліцыя з партыі «Супольнасьць народу» дзейнага прэм’ер-міністра Мутэ Эгедэ і партыі «Наперад» — кожная зь якіх выступае за незалежнасьць, але павольней, чым Point of Orientation — занялі трэцяе і чацьвёртае месцы адпаведна, што не пакінула ім ніякіх шанцаў на працяг кіраваньня.
Верагодным новым прэм’ер-міністрам зараз стане лідэр дэмакратаў Енс-Фрэдэрык Нільсэн, які быў адным з самых заўзятых крытыкаў Трампа ў Грэнляндыі за яго жаданьне зрабіць найбуйнейшы ў сьвеце востраў амэрыканскім.
З моманту ўступленьня ў Белы дом прэзыдэнт ЗША выказаў зацікаўленасьць ва ўсталяваньні кантролю над стратэгічна разьмешчанай і багатай рэсурсамі тэрыторыяй, што выклікала занепакоенасьць, асабліва ў Даніі, саюзьніка па NATO.
Павольны разрыў з Капэнгагенам
Раней дэмакраты скептычна ставіліся да разрыву сувязяў з Капэнгагенам, які па-ранейшаму кантралюе зьнешнюю і валютную палітыку Грэнляндыі.
Аднак у апошнія гады яны зьмянілі сваю пазыцыю, разглядаючы незалежнасьць як доўгатэрміновую мэту пры ўмове, што востраў стане больш эканамічна самадастатковым. У наш час амаль палова насельніцтва працуе ў дзяржаўным сэктары, які ў значнай ступені фінансуецца дацкімі грантамі.
Для дасягненьня гэтай мэты Нільсэн спадзяецца адмяніць палітычныя рашэньні, якія абмежавалі разьведку нафты і газу і забаранілі здабычу ўрану ў Грэнляндыі. Аднак гэта таксама ўскладняе кааліцыйныя перамовы.
Найбольш верагодны кіруючы партнэр, партыя «Супольнасьць народу», зьяўляецца перакананым прыхільнікам абароны навакольнага асяродзьдзя і рашуча выступае супраць такіх крокаў, зрабіўшы гэта адметнай рысай сваёй плятформы ў апошнія гады.
Тым ня менш, маючы нязначную большасьць у 31-мясцовым парлямэнце, абедзьве партыі, як чакаецца, дамовяцца аб тым, каб трымаць Вашынгтон на адлегласьці выцягнутай рукі, захоўваючы пры гэтым больш цесныя сувязі з Даніяй — прынамсі, на гэты момант.
Форум