9 лютага ў судзе Лідзкага раёну пракурор запытала 5 гадоў пазбаўленьня волі для былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Буцько з Іўя па абвінавачаньні ў перавышэньні ўлады (частка 3 артыкула 426 КК), паведаміў «Медиазоне» слухач з залі суда.
Як сьцьвярджае абвінавачаньне, 27 траўня Буцько, які пасьля звальненьня зь міліцыі стаў дырэктарам камэрцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару «ня менш за 12 удараў у вобласьць галавы» кулакамі. Тым самым ён «прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні». Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго «няма прэтэнзій» да абвінавачанага.
Пётр Буцько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намесьнікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе. У канцы 2020 году ён адбыў 32 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, расказваў падпалкоўнік у інтэрвію газэце «Народная Воля».
«Пасьля падзеяў у Менску зразумеў, што ў краіне ня стала закону. Накрыла крыўда за дзяржаву. Пачаў выходзіць разам з гараджанамі на плошчу ў Іўі, патрабаваў ад уладаў і дэпутата аднаўленьня законнасьці, спыненьня гвалту, прыцягненьня вінаватых да адказнасьці», — тлумачыў Буцько, чаму выйшаў на пратэсты.
Ён расказваў выданьню, што тады супраць яго «спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу», але гэтага не адбылося, бо «засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго ілжывыя паказаньні».
Сілавікі затрымалі Пятра Буцько 20 жніўня 2021 году, правёўшы ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 году Лукашэнка пазбавіў званьняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты сьпіс патрапіў і Пётр Буцько — яго пазбавілі званьня падпалкоўніка міліцыі запасу.
Жыхар Гомля патэлефанаваў у міліцыю і аблаяў Лукашэнку — яму прысудзілі год калёніі
Суд Навабеліцкага раёну Гомля 7 лютага разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да Ўладзімера Яўстраценкі за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, мужчына ў жніўні 2021 году патэлефанаваў на 102 і «дапусьціў выказваньні, якія зьмяшчалі ненарматыўную форму маўленчага выказваньня ў дачыненьні да Лукашэнкі», тым самым публічна абразіў яго.
Уладзімер сваю віну ў зьдзяйсьненьні злачынства прызнаў цалкам.
Судзьдзя Арцём Манжос прысудзіў абвінавачанаму адзін год папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Гомлі затрымалі ўладальніка сеткі крамаў «Красотка»
9 лютага ў Гомлі быў затрыманы ўладальнік сеткі крамаў «Красотка» Павел Бабянок, паведамляе «Гомельская Вясна». У сацсетках мужчына выказваў крытычныя заўвагі рэжыму Лукашэнкі.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, на яго завялі крымінальную справу за «распальваньне варожасьці».