Двух былых былых супрацоўнікаў «Белтэлекаму» асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня
Як паведамляе АНТ, іх судзілі па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за дапамогу ў распальваньні сацыяльнай варожасьці. Абвінавачаньне сьцьвярджала, што экс-супрацоўнікі «Белтэлекаму» перадалі для публікацыі ў сацыяльных сетках зьвесткі пра больш чым 200 сілавікоў.
Затрымалі супрацоўніка кампаніі life:)
У Менску затрымалі начальніка аддзелу распрацоўкі і маркетынгу апэратара сотавай сувязі life:). Яго абвінавачваюць у апублічваньні ўвосень 2020 году пэрсанальных зьвестак беларускіх сілавікоў, судзьдзяў і чыноўнікаў. Відэа з з затрыманым зьявілася ў тэлеграм-канале сілавікоў.
Шматдзетнага бацьку з Браслава асудзілі да трох гадоў «хіміі»
38-гадовага жыхара Браслаўшчыны Алега Раманчыка абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: арт.188, ч.2 арт.203-1, ч.1 арт.342 КК, піша «Вясна».
Мужчыну прызналі вінаватым у распаўсюдзе загадзя ілжывых зьвестак, якія нібыта ганьбілі пракурора Браслаўскага раёну, а таксама ў незаконным распаўсюджваньні інфармацыі пра ягонае прыватнае жыцьцё. Таксама сьледзтва ўстанавіла, што ён вырабіў і распаўсюдзіў ня менш за пяць улётак, якія зьмяшчаюць заклік да групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Згодна з абвінавачаньнем, улёткі ён разьмяшчаў у паштовых скрынях жыхароў Браслава.
Нягледзячы на тое, што ў мужчыны чацьвёра непаўнагадовых дзяцей, судзьдзя Аксана Табола прысудзіла яму тры гады «хіміі».
960 рублёў штрафу за «захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У судзе Стаўпецкага раёну 12 студзеня разгледзелі адміністрацыйную справу супраць жыхара пасёлку Феліксава. Міліцыянты мясцовага РАУС склалі на яго пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) зь дзіўнай фармулёўкай: «11 студзеня ў 17:05 мужчына, знаходзячыся ў сваім аўтамабілі на 295 км аўтадарогі М1-Е30, наўмысна захоўваў дзеля распаўсюджваньня экстрэмісцкія матэрыялы канала „Беларусь Головного Мозга“». Сваю віну ў судзе мужчына не прызнаў.
Судзьдзя прызнала яго вінаватым і пакарала штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў), паведамляе «Вясна назірае».
Ініцыятыву «Честные люди» і інтэрнэт-рэсурс «Реальная Беларусь» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
Паводле рашэньня КДБ ад 4 лютага ініцыятыва «Честные люди» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«Група грамадзян, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі, кіраўнікамі і стваральнікамі ініцыятывы „Честные люди“, ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць», — гаворыцца ў пераліку арганізацый, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці, апублікаваным на сайце МУС.
Такі ж статус атрымаў інтэрнэт-рэсурс «Реальная Беларусь».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі YouTube-канал «Вадим Прокопьев» і Telegram-канал «Радио Гаага» Вадзіма Пракоп’ева.
Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі старонкі «Мая краіна Беларусь» у Instagram, Facebook, «УКантакце» и «Одноклассниках». Запіс аб гэтым зьявіўся ў рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі.