Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 лютага: пэнсіянэрку пакаралі 2,5 года турмы за камэнтары ў тэлеграме; у Магілёве затрымалі лекара


У судзе. Ілюстрацыйнае фота
У судзе. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі і праз паўтара года пасьля пачатку пратэстаў супраць фальсыфікацый і гвалту з боку сілавікоў Лукашэнкі не спыняецца перасьлед ягоных апанэнтаў. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

У Магілёве затрымалі нарколяга-псыхіятра

У Магілёве супрацоўнікі 11-га Упраўленьня ГУБАЗіК МУС РБ затрымалі нарколяга-псыхіятра Віктара Сацуту. Пакаяльнае відэа зь ім апублікавалі 6 лютага праўладныя тэлеграм-каналы.

Тэлеграм-канал «Празрысты Магілёў» змог ідэнтыфікаваць затрыманага. У чым менавіта абвінавачваецца лекар – невядома, аднак сілавікі сьцьвярджаюць, што доктару пагражае крымінальная справа «за пісаніну ў інтэрнэце».

«Вам ставіцца ў віну адчуваньне нянавісьці да рэжыму»

69-гадовую пэнсіянэрку пакаралі 2,5 года калёніі за камэнтары ў тэлеграм-канале.

Падчас разгляду справы пацярпелыя сілавікі ацанілі свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў — пры гэтым абвінавачаная 69-гадовая жыхарка Ваўкавыску Галіна Міхальчук мае пэнсію ў 500 рублёў, паведамляе «Вясна».

Суд Бераставіцкага раёну асудзіў пэнсіянэрку з Ваўкавысу Галіну Міхальчук на 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за камэнтары ў тэлеграм-канале. Жанчыну прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Прысуд вынес судзьдзя Андрэй Талочка. Бок дзяржабвінавачваньня падтрымала пракурорка Ала Кузьма. Сакратаром на пасяджэньні была Тацяна Кароль.

26 кастрычніка 2021 году Галіне ўжо прысудзілі два гады «хатняй хіміі» паводле дыфамацыйнага артыкула 369 Крымінальнага кодэксу. Да суду пэнсіянэрка два месяцы (з 21 верасьня да 21 лістапада 2021 году) утрымлівалася ў зьняволеньні: першапачаткова яе затрымлівалі паводле арт.342 КК. Да пэнсіі яна працавала на чыгунцы.

У апошнім слове жанчына сказала, што пазбаўленьне волі стане для яе «сьмяротным прысудам», аднак яе словы не паўплывалі на рашэньне судзьдзі Андрэя Талочкі.

Галіне Іванаўне паставілі ў віну больш за тры дзясяткі эпізодаў: цягам паўгода яна пісала камэнтары ў тэлеграм-канале «Волковыск для жизни». Яе судзілі за шэраг камэнтароў, якія зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, а таксама зьневажаюць ягоны гонар. Таксама, згодна з абвінавачаньнем, Галіна пісала і паклёп у адносінах да сілавікоў і службовых асобаў.

Пракурорка адзначыла, што пэнсіянэрцы «ставіцца ў віну адчуваньне нянавісьці да рэжыму», на што Галіна Іванаўна адказала, што не становіць ніякай пагрозы для дзяржавы: напярэдадні ёй падарылі тэлефон, яна зайшла ў інтэрнэт, а цяпер ужо ня памятае, што пісала, і шкадуе пра тое, што рабіла.

Суд над гумарыстам

У Пінскім судзе 7 лютага завяршыўся разгляд крымінальнай справы гульца ў КВЗ Васіля Краўчука, якога абвінавачваюць у абразе міліцыянта, піша «Мэдыя-Палесьсе».

Яго асудзілі за жартаўлівы камэнтар пра міліцыянта. Судзьдзя Вольга Лубнік пакарала Васіля Краўчука 2 гадамі «хатняй хіміі» і 1000 рублямі штрафу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза міліцыянта).

У сьнежні 2020 году Васіль убачыў у Telegram навіну пра тое, як у адной беларускай школе міліцыянт крычаў на дзяцей. З гэтай нагоды абвінавачаны напісаў у камэнтарах жарт, які раней гучаў на тэлевізіі ў праграме КВЗ. Гэта быў перафразаваны фрагмэнт вядомай дзіцячай песьні «Пусть бегут неуклюже» з мультфільма пра Чабурашку і кракадзіла Гену — частка прыпеву гучала па-іншаму. Праз два тыдні супрацоўнікі міліцыі прыехалі ў кватэру маці Васіля, адвезьлі яго па месцы пражываньня і правялі там ператрус. Праз два тыдні сілавікі зноў прыехалі ў кватэру маці абвінавачанага і забралі стары смартфон.

У выніку на Васіля завялі крымінальную справу за абразу супрацоўніка міліцыі. Яму пагражае да 2 гадоў калёніі. Сам мужчына запэўнівае, што гэта быў толькі жарт, запазычаны ў калег па сцэне.

Жыцьцё Васіля Краўчука, пачынаючы з пэдвучылішча, зьвязана з КВЗ. Ён удзельнік Найвышэйшай украінскай лігі, чэмпіён беларускага КВЗ у першай лізе, удзельнік Эўралігі і неаднаразовы ўдзельнік фэстывалю КВЗ у расейскім Сочы.

Дачцэ актывісткі і псыхоляга Ксеніі Марціновіч, якая эмігравала зь Беларусі, прысудзілі штраф


Пра затрыманьне 27-гадовай Ксеніі Марціновіч, дачкі вядомага ў Гомлі псыхоляга Алы Марціновіч, якая выехала жыць ва Ўкраіну з прычыны палітычнага перасьледу (яе затрымлівалі, зьмяшчалі ў ІЧУ, дома праходзілі ператрусы), стала вядома 6 лютага.

У ІЧУ сваякам адмовіліся паведамляць прычыну затрыманьня маладой жанчыны.

7 лютага, у яе дзень нараджэньня, у судзе Чыгуначнага раёну Гомля адбыўся разгляд справы. Ксеніі прысудзілі 20 базавых велічыняў штрафу (640 рублёў), паведамляе @belsat.

Маці Ксеніі Ала Марціновіч лічыць справу дачкі цалкам сфабрыкаванай.

Пасьля пераезду ў Кіеў Ала стала арганізатаркай і ўдзельніцай праекту «Твар жаночага пратэсту» (калекцыя жаночага адзеньня). Апрача гэтага, яна вядзе youtube-канал, піша казкі, рыхтуе адукацыйны онлайн-праект. Жанчына лічыць, што менавіта яе грамадзянская актыўнасьць ва Ўкраіне і стала прычынай перасьледу дачкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG