Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Звольнілі і арыштавалі ў адзін дзень». Лекарка з 30-гадовым стажам ужо 4 месяцы ў турме за камэнтар у «справе Зельцара»


Натальля Нікіціна
Натальля Нікіціна

Палітзьняволеная мянчанка Натальля Нікіціна — пэдыятар, псыхіятар-нарколяг, псыхатэрапэўт, экзыстэнцыйны філёзаф і псыхоляг. Лекаркай яна прапрацавала больш за 30 гадоў.

29 верасьня 2021 году Натальлю раптоўна звольнілі, а ўжо праз пару гадзін таго ж самага дня яе затрымалі сілавікі. Прычынай нібыта стаў камэнтар, датычны «справы Зельцара», які яна разьмясьціла ў адным з тэлеграм-каналаў.

За кратамі жанчына знаходзіцца да сёньня.

«У пастарунку ў яе здарыўся сардэчны прыступ»

«Гэтыя падзеі не дазволілі застацца ў баку. Тую жорсткасьць, якая адбывалася побач, немагчыма было выносіць нікому. І ёй таксама», — гавораць сваякі палітзьняволенай Натальлі Нікіцінай, якія чакаюць яе вызваленьня з жодзінскай турмы № 8.

Натальлі Нікіцінай 51 год. Большую частку свайго жыцьця яна працуе лекаркай, пра што марыла яшчэ зь дзяцінства.

Па словах родных, Натальля заўсёды выступала супраць гвалту ў любых яго праявах: ня толькі да людзей, але і да ўсіх жывых істот.

«Апошні год яна вельмі цікавілася жывёламі, а дакладней з таго часу, як яе сын падабраў на вуліцы шчаня. Яна бачыла, як добра ў ягонай дрэсуры працуюць негвалтоўныя мэтады. Такі ж погляд яна мела і на выхаваньне дзяцей — прапагандавала тое, што з слабейшымі абыходзіцца трэба бяз жорсткасьці, па-добраму».

Натальля Нікіціна з сабакам
Натальля Нікіціна з сабакам

Падчас пасьлявыбарных падзей Натальлю неаднаразова затрымлівалі. Першы раз — на «Маршы адзінства» 6 верасьня 2020 году. Тады Натальлю трымалі ў ІЧУ Жодзіна трое сутак. Пасьля чаго аштрафавалі за ўдзел у мітынгу паводле «народнага» артыкулу 23.34 КаАП.

Другі раз Натальлю затрымалі ўжо ў сьнежні. Пры гэтым, па словах родных жанчыны, ні ў якой акцыі яна тады ня ўдзельнічала, а толькі заступілася за падлетка, якога схапілі «людзі ў чорным».

«Спытала ў яго прозьвішча, каб перадаць інфармацыю праваабаронцам, — апавядаюць сваякі Натальлі. — Пасьля гэтага яе завезьлі ў пастарунак, там ёй стала дрэнна. Сардэчны прыступ. У выніку выклікалі „хуткую“. Аднак не адразу. Потым Наташу забралі ў шпіталь. Там яна прабыла месяц, таму што ўвесь гэты час былі дрэнныя аналізы».

Пасьля выпіскі ў Натальлі адбыўся суд, на якім яе пакаралі штрафам у 30 базавых велічыняў (на той час 870 рублёў).

Натальля Нікіціна з гадаванцам у лесе
Натальля Нікіціна з гадаванцам у лесе

Трапіла на Акрэсьціна за камэнтар «Мірны чалавек загінуў, абараняючы свой дом ад ворага»

Аднак на гэтым перасьлед жанчыны за яе грамадзянскую пазыцыю ня скончыўся.

Летась, 28 верасьня, пасьля гібелі Андрэя Зельцара, Натальля Нікіціна ў адным з тэлеграм-каналаў напісала камэнтар: «Мірны чалавек загінуў, абараняючы свой дом ад ворага». Ужо на наступны дзень раніцай Натальлю затрымалі ў Менскім цэнтры дзіцячай псыхіятрыі і псыхатэрапіі, адкуль у той сам дзень яе раптоўна звольнілі.

Цягам 24 гадзін родныя Натальлі ня ведалі, дзе яна.

«Пасьля таго, як Наташа даведалася аб звальненьні, яна патэлефанавала малодшаму сыну, каб той яе сустрэў, бо трэба было дапамагчы з рэчамі, якія яна забрала з працы».

Хлопец чакаў маці 2 гадзіны, аднак безвынікова.

«Урэшце ён вярнуўся дадому і патэлефанаваў старэйшаму брату. Паведаміў, што маці не прыехала», — прыгадваюць суразмоўцы.

Палітзьняволеная любіць прыроду, піша кнігі пра выхаваньне сабак і прапагандуе добрае стаўленьне да ўсіх жывёлаў
Палітзьняволеная любіць прыроду, піша кнігі пра выхаваньне сабак і прапагандуе добрае стаўленьне да ўсіх жывёлаў

«Паўтара месяца сядзела ў камэры ў адной сукенцы»

Назаўтра дзеці Натальлі паведамілі пра яе зьнікненьне іншым сваякам. І пачаліся пошукі.

«Спадзяваліся, калі так можна сказаць, што яна ў шпіталі недзе. І гэта так жудасна, што прыходзіцца разьлічваць на гэта. Абзванілі ўсе лякарні, але нідзе яе не было. Празь нейкі час малодшаму сыну Наташы нехта патэлефанаваў і паведаміў, што яна на Акрэсьціна, — расказваюць суразмоўцы. — Потым гэтую інфармацыю нам пацьвердзілі і на месцы, у ІЧУ. Мы былі ўпэўненыя, што калі яе і ўзялі за штосьці, то толькі на „суткі“. Аднак на пытаньне „Ці быў ужо суд?“ ім адказалі: „Які суд? На яе заведзена крымінальная справа“. Гэта быў шок», — кажуць родныя палітзьняволенай.

Яны ўдакладняюць, першыя 1,5 месяца да зьняцьця так званага «карантыну» пра Натальлю не было аніякіх зьвестак: адваката не пускалі, лістоў і перадач не прымалі. Увесь гэты час жанчына сядзела ў адной сукенцы, у якой прыйшла ў дзень затрыманьня на працу.

Натальля Нікіціна
Натальля Нікіціна

«Яна моцны чалавек»

Калі сытуацыя зь ліставаньнем ужо палепшылася, то неабходныя лекі Натальлі да сёньня дазваляюць перадаваць з пэўнымі абмежаваньнямі.

«У яе рэўматоідны артрыт. Ад яго лекаў яна цяпер не прымае ўвогуле, бо іх можна перадаць чамусьці ня раз на тыдзень, як належыць, а толькі раз на месяц. Таму яна сказала, што гэта ня мае сэнсу. Вітаміны прымаюць. Пра ўсе іншыя таблеткі паведамілі, што ў іх яны ёсьць, — апавядаюць суразмоўцы. — Піша, што агульны стан не пагоршыўся, што здаровая. Яна моцны чалавек, мы ведаем, што яна робіць усё магчымае, каб нас не турбаваць і каб нам было прасьцей. Так, як і многія іншыя, хто сядзіць у турмах».

Пра ўмовы ў камэры з прычыны цэнзуры Натальля можа паведаміць мала што.

«Пра гэта піша вельмі мала. Зазначала толькі, што псыхалягічная атмасфэра вельмі добрая і яна ўносіць свой уклад, каб яна такой і заставалася. Аднак іх жа пераводзяць з камэры ў камэру вельмі часта. Наташа трымаецца, аптымістычна настроена, жартуе, піша вершы, удзельнічае ў напісаньні трэцяй кнігі пра шчанюкоў (Натальля суаўтарка дзьвюх кніг аб выбары, выхаваньні і навучаньні сабак гуманнымі мэтадамі, бяз гвалту і жорсткасьці. — РС). Марыць, як яе будуць сустракаць нашы сабакі, калі яна вернецца дадому».

Натальля Нікіціна
Натальля Нікіціна

«Моцна спадзяёмся, што гэта хутка скончыцца»

Натальлі Нікіцінай выставілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 369-га (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130-га (Распальваньне варожасьці).

Родныя палітзьняволенай кажуць, што ў апошнім лісьце ад 20 студзеня яна напісала, што чакае сьледчага з вынікамі экспэртызы. Наколькі ім вядома, на той час ніякіх дзеяньняў у справе больш не праводзілася.

Нягледзячы на невядомыя пэрспэктывы і сама Натальля, і яе сям’я вераць у лепшае:

«Наташа напісала, што яна рэалістка — ведае, што будзе суд і вырак. Кажа, што гатовая да разьвіцьця падзей такім чынам, якім трэба. Але ж, вядома, мы ўсе моцна спадзяёмся, што гэта хутка скончыцца».

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG