Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў па правах чалавека перад дакладам аб злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская падчас брыфінгу
Сьвятлана Ціханоўская падчас брыфінгу

Чарговая сэсія Рады ААН па правах чалавека пачнецца 28 лютага, беларускае пытаньне на ёй будзе разглядацца ў сакавіку.

2 лютага Сьвятлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў па правах чалавека напярэдадні сэсіі Рады па правах чалавека ААН, дзе мае быць прынятая рэзалюцыя па злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел дыпляматычныя прадстаўнікі Эстоніі, Францыі, Літвы, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Славаччыны, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Фінляндыі.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што прысутных аб’ядноўвае «агульная вера ў чалавечнасьць, годнасьць і адказнасьць».

Яна зьвярнула ўвагу на тое, што за кратамі ў Беларусі цяпер больш за 1000 палітвязьняў, сярод іх — 11 непаўналетніх, больш за 125 жанчын, ня менш за 25 асобаў, хворых на анкалёгію, сардэчныя захворваньні або зь іншымі сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Лідэрка беларускай апазыцыі дадала, што насамрэч зьняволеных беларусаў з палітычных прычын больш.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з палітычных прычын завялі каля 5,5 тысяч спраў; зь лета 2020 году затрымалі 40 тысяч чалавек, рэпрэсіі працягваюцца. Прыкладам, за камэнтары па «справе Зельцара» затрымалі 210 чалавек, за крытыку ўвядзеньня войскаў АДКБ у Казахстан — ад 20 да 100 чалавек.

«Затрыманьні часта суправаджаюцца прымяненьнем празьмернай і непрапарцыйнай сілы. Гэтыя рэпрэсіі падтрымлівае дзяржава, яны маюць сыстэмны характар. У іх ёсьць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасьці», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Яна зьвярнула ўвагу на жорсткія ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, а таксама на перасьлед ня толькі актыўных людзей, але і іхніх сваякоў.

Ціханоўская называла імёны Натальлі Хершэ, якая чарговы раз абвясьціла галадоўку на знак пратэсту супраць катаваньняў; Сьцяпана Латыпава, які спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам у судзе; Вітольда Ашурка, які загінуў у калёніі; шматдзетную маці Вольгу Залатар, якую зьбілі пры затрыманьні.

Яна расказала паслам па правах чалавека, што ўлады дагэтуль не завялі крымінальныя справы пасьля сьмерці пратэстоўцаў Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Віхора і Вітольда Ашурка, не расьсьледавалі належным чынам каля 5000 скаргаў на катаваньні і жорсткае стаўленьне да мірных дэманстрантаў.

Увагу сабраных выступоўца зьвярнула і на перасьлед незалежных СМІ і блогераў: больш за 40 прадстаўнікоў мэдыя цяпер за кратамі, больш за 300 зьехалі з краіны, журналістка Ксенія Луцкіна хварэе на пухліну мозгу за кратамі.

«Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і ня даць сьвету бачыць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусьціць», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначыла таксама беспрэцэдэнтную атаку на грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, у тым ліку на праваабаронцаў.

«Рэжым спрабуе заглушыць усе крытычныя галасы», — сказала апазыцыйная лідэрка.

Так, у 2021 годзе беларускія ўлады пачалі ліквідацыю 330 грамадзкіх арганізацый, сярод іх дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску, экалягічныя, моладзевыя, культурныя арганізацыі. За кратамі знаходзяцца сямёра праваабаронцаў «Вясны».

«Людзей саджалі за краты толькі за тое, што яны насілі няправільныя колеры. Адвакатаў, якія абараняюць палітвязьняў і спрабуюць выконваць закон, пакаралі пазбаўленьнем ліцэнзіі», — пераказала сытуацыю ў Беларусі выступоўца.

Яна нагадала, што беларускі рэжым пагражае ня толькі грамадзянам краіны, але і міжнароднай супольнасьці. У якасьці прыкладаў яна прывяла міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і інцыдэнт з самалётам Ryanair.

«Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі цяпер дасягнулі ўзроўню злачынстваў супраць чалавечнасьці празь іхную жорсткасьць і сыстэматычнасьць. Яны ўяўляюць сабой парушэньні міжнароднага права, якія абавязваюць іншыя дзяржавы прымаць меры для іх спыненьня і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. Вінаватых трэба прыцягнуць да адказнасьці», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Ціханоўская чарговым разам заклікала міжнародную супольнасьць дапамагчы вырашыць грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі і распачынаць справы пад унівэрсальнай юрысдыкцыяй, каб пакараць вінаватых у тым, што адбываецца ў краіне.

«Мы павінны бачыць, што ўключаныя ўсе магчымыя мэханізмы для прыцягненьня справядлівасьці. Беспакаранасьць прывядзе толькі да горшых злачынстваў», — мяркуе яна.

Таксама яна выказала падзяку за міжнародную падтрымку беларусаў.

Да сэсіі падрыхтавалі даклад аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі

Паводле дарадцы Ціханоўскай Францішка Вячоркі, які ўдзельнічаў ў размове, замежныя амбасадары ў часе дыскусіі казалі, якія крокі могуць быць прадпрынятыя іх краінамі ў падтрымку ахвяраў рэпрэсій у Беларусі, палітвязьняў, праваабаронцаў, незалежных СМІ.

Чарговая сэсія Рады ААН па правах чалавека пачнецца 28 лютага, беларускае пытаньне на ёй будзе разглядацца ў сакавіку.

Да гэтай падзеі ўжо падрыхтаваны даклад Офіса вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Даклад напісала экспэртка Карына Маскаленка. Яго тэма — злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ўладамі Беларусі пасьля жніўня 2020 году.

Як кажа Францішак Вячорка, у дакладзе сотні доказаў злачынстваў, сьведчаньні пабітых і родных ахвяраў, уцекачоў зь Беларусі, якія знаходзяцца ў розных краінах сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG