У Бабруйску жанчыну адправілі ў калёнію за абразу Лукашэнкі
Вольгу Кукушкіну з Бабруйску абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368) і прадстаўнікоў улады (арт. 369) і прысудзілі ёй 1,5 года калёніі, паведамляе «Вясна».
Восеньню 2021 году ў жанчыны прайшоў ператрус, пасьля якога ў тэлефоне Вольгі знайшлі выяву Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў у нацысцкай форме. Паводле вэрсіі сьледзтва, гэтую выяву Вольга разьмясьціла ў закрытым чаце больш за год таму.
У Берасьці прысудзілі 2 гады «хіміі» за камэнтар пад фота Караніка
Вячаслава Панасюка зь Берасьця абвінавацілі ў тым, што ў адной з сацсетак пад фатаздымкам былога міністра аховы здароўя, кіраўніка Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Караніка, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў», ён напісаў непрыстойны камэнтар, які «прыніжае гонар і годнасьць пацярпелага».
Судзьдзя Марына Скалковіч прысудзіла Вячаславу Панасюку 2 гады «хіміі».
Затрымалі цёзку Латушкі
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне ў Менску Анатоля Латушкі.
Да мужчыны прыйшлі з ператрусам, падчас якога знайшлі ўлёткі, піша «Вясна».
Іншых зьвестак аб падрабязнасьцях затрыманьня і месцазнаходжаньні Анатоля пакуль няма.