Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай вашым псэўданімам будзе „Бонд“. Актывіст Павал Батуеў расказаў, як яго завэрбаваў КДБ


Павал Батуеў
Павал Батуеў

Павал Батуеў — вядомы ў Салігорску чалавек. Ад канца 1990-х ён у дэмакратычным руху, сябра Партыі БНФ, яго ня раз затрымлівалі і арыштоўвалі. Па прафэсіі Павал электрык, у Беларусі зарабляў гэтым на жыцьцё.

23 лістапада Батуева затрымалі ў двары ягонага ўласнага дома ў Салігорску, калі ён ішоў забіраць малодшую дачку зь дзіцячага садка. На волю Павал выйшаў 26 сьнежня, больш як празь месяц. Яго затрымлівалі ў рамках крымінальнай справы, але падрабязнасьцяў ніхто ня ведаў.

У размове са Свабодай, якая адбылася адразу пасьля вызваленьня, Батуеў расказаў, што зь ім было і як яго завэрбаваў супрацоўнік КДБ. Цяпер, калі Батуеў зьехаў зь Беларусі і знаходзіцца ў бясьпецы, публікуем ягоны аповяд.

«Затрыманьне было брутальнае: мне робяць падсечку, заломваюць рукі, я ўжо ляжу на зямлі, закоўваюць у кайданкі, надзяваюць маску на галаву і капюшон курткі, — пачынае свой расказ Павал. — Я нават ня бачыў ні хто мяне затрымліваў, ні колькі было людзей. Літаральна празь дзесяць сэкундаў мяне закідаюць у аўтобус, дзе пачынаюць біць».

Паводле яго, нападнікі адразу запатрабавалі пароль ад Telegram, а таксама ад іншых мэсэнджараў і сацыяльных сетак.

«Мне сказалі: „Ты ведаеш, як мы працуем: выбітыя зубы, дубінка ў дупе — і гэта чакае цябе“. Гэта цікавы мэтад крыптааналізу, які дазволіў мне хутка ўспомніць усе паролі. Іх вельмі цікавіў Telegram, які быў зарэгістраваны на мой польскі нумар. Гэты акаўнт выкарыстоўваўся як сродак сувязі для гарадзкога пабліка „Свабодны Салігорск“, які нядаўна прызналі экстрэмісцкім.

Яны ўвялі ўсе дадзеныя, каб атрымаць доступ да таго тэлеграма, але я даўно аддаў нумар іншым людзям. У мяне пыталіся пра двухфактарку. Калі я сказаў, што ня ведаю пароля, то зноў пачалі біць. Праўда, чалавек з другога боку хутка спытаў, ці сапраўды я запытваю пароль. Тады яны зразумелі, што я не карыстаўся тым тэлеграмам».

Павал кажа, што пасьля таго, як атрымаць доступ да Telegram не ўдалося, размова пайшла ў іншым кірунку.

«Праз 20-30 хвілін яны пачалі пытацца: „Дык што ў цябе за дыплём?“. Справа ў тым, што ў 2006 годзе пасьля выбараў я быў выключаны зь пятага курсу БДАТУ. Тады ў мяне ўзьнікла авантурная і ня дужа разумная думка купіць дыплём праз інтэрнэт. Што я і зрабіў. Прычым купіў па той жа спэцыяльнасьці, па якой недавучыўся. Гэта быў дыплём расейскай ВНУ. Зь ім я працаваў нават на кіраўнічых пасадах».

Як гэта ўсплыло? Справа ў тым, што Паўла выбралі старшынём таварыства ўласьнікаў. Пасьля гэтага ён мусіў падаць дакумэнты ў Салігорскі гарвыканкам, сярод іх быў і дыплём.

«Агулам у мяне прайшло пяць вобшукаў, яны шукалі дыплём, але чамусьці забіралі ноўтбук і тэлефоны. Артыкул 380 (Падробка, выраб, выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў. — РС) не адносіцца да катэгорыі цяжкіх, за яго звычайна людзі атрымліваюць штраф.

Улады раздражняла, што паблік „Свабодны Салігорск“ шмат пісаў пра міліцыянтаў, датычных да затрыманьняў, а таксама пра старшынь выбарчых камісій. Мне сказалі, што я мушу зьліквідаваць гэтую групу, хоць я і ня меў да яе дачыненьня, і „прапанавалі“ пасядзець у турме і нешта прыдумаць».

Батуева затрымалі ў рамках крымінальнай справы на трое сутак, за гэты час адбываліся пэўныя сьледчыя дзеяньні.

«Была відэафіксацыя допытаў, у пакоі былі толькі я, сьледчы Міхнавец і адвакатка. Літаральна празь дзень відэа са сьледчых дзеяньняў зьявілася ў салігорскім аналягу „Жоўтых зьліваў“. Яны ня парыліся, што гэта незаконна, што сьледзтва ня скончанае.

Праз трое сутак я павінен быў вызваліцца, але прыходзіць супрацоўнік міліцыі, які вядзе мяне на суд. Быў складзены пратакол аб непадпарадкаваньні пры затрыманьні. На судзе высьветлілася, што мяне затрымлівалі супрацоўнікі АМАПу. Вынік — 15 сутак. На суд мяне вадзілі ў кайданках, я быў прышпілены да супрацоўніка міліцыі».

Павал расказвае, што ў камэрах у яго не было матраца, увесь час гарэла сьвятло, забаранялі нават чытаць кніжкі і ляжаць на ніжніх нарах. Але людзі, нават з крымінальным мінулым, усяляк спрабавалі яму дапамагчы — ежай, цёплай вопраткай. Па яго словах, усе яны разумелі сытуацыю ў краіне.

«Яшчэ праз 15 сутак мяне зноў павялі складаць пратакол. Міліцыянт знайшоў маю фотку са сьнегавіком, дзе разыгрывалася сцэнка, як быццам я ціхар, а сьнегавік з бчб-сьцягам, і я яго затрымліваю. Нібыта гэта быў пікет. Фотка была зьмешчаная 11 месяцаў таму. Ня важна, што тэрмін даўнасьці ў адміністрацыйнай справе два месяцы, я атрымаў чарговыя 15 сутак.

Праз пару дзён да мяне прыйшоў намесьнік старшыні РАУС Канапацкі, які задаваў пытаньні пра пляны, што я надумаў. Стаў гаварыць, што вывучыў мой інстаграм, ведае пра мае паездкі ў Менск, можа завесьці справу паводле артыкулу 342 КК. Стаў апісваць мае вельмі змрочныя пэрспэктывы».

Павал кажа, што ў выніку міліцыянт прапанаваў яму пагутарыць з супрацоўнікам КДБ, у якога «павінны быць цікавыя прапановы».

«Я даў згоду на размову. Мяне паклікалі 22 сьнежня, прыйшоў максымальна ветлівы чалавек, які кантраставаў з паводзінамі міліцыянтаў. Калі б не абставіны, я б ахарактарызаваў яго як прыемнага суразмоўцу. Ён пасьмяяўся з майго дыплёма, ішла досыць прыемная размова.

Потым я спытаў, чаго ён ад мяне хоча. На гэта я пачуў: „Мы чулі, што ў вас цікавыя сувязі з замежжам“. Ён назваў прозьвішча страйкамаўца Глеба Сандраса. Стаў гаварыць, што, магчыма, папросіць аб нейкай паслузе, але яна ня будзе ісьці ўразрэз з маім сьветапоглядам. Паслуга будзе зьвязаная зь дзейнасьцю дыяспар ці штабу Ціханоўскай. Але я ня маю дачыненьня да ніводнай з гэтых тэмаў».

Павал кажа, што яму сказалі, што «паслуга» спатрэбіцца ўжо па выхадзе з турмы. Зь ім абяцалі зьвязацца цягам бліжэйшага тыдня ці месяца. Паабяцалі, што ён застанецца кіраўніком таварыства ўласьнікаў, крымінальную справу спыняць, а міліцыя забудзе пра яго існаваньне.

«А калі адмоўлюся?» — «Нічога, я проста сыду. Тады міліцыя, магчыма, пра вас не забудзе», — адказаў кадэбэшнік.

Я пагадзіўся на супрацу. Ён дастаў паперчыну і сказаў: «Пішыце». Я прапанаваў, каб гэта была джэнтэльмэнская дамова. «Не, прабачце, бюракратыя».

Дыктуе: «Я, Павал Батуеў, буду супрацоўнічаць з КДБ, абавязваюся захоўваць тайну аб усім, што даведаюся цягам супрацоўніцтва. Прашу прызначыць мне апэратыўны псэўданім...» Я засьмяяўся і кажу: «Можа, вы мне яшчэ „Астра-Марцін“ дасьцё, у Бонда быў, я бачыў». Ён таксама засьмяяўся: «Калі ўжо вы Бонда згадалі, то няхай вашым псэўданімам будзе „Бонд“. Нават тады гэта было вельмі сьмешна», — расказвае Павал.

Батуеву не дазволілі паставіць на паперчыне дату. Ён мяркуе, што гэта можа быць зроблена для таго, каб пазначыць зусім іншы дзень.

«Я разумеў, што адзіная магчымасьць захаваць сваё сумленнае імя, — гэта публічна заявіць, што я падпісаў дакумэнты на супрацоўніцтва з КДБ, тым самым у аднабаковым парадку дадзеную дамову скасаваць. Я ня мог гэта зрабіць адразу па выхадзе, мне быў патрэбен нейкі час, каб сабрацца і выехаць у бясьпечнае месца. Цяпер я пра ўсё гэта адкрыта гавару. Ад моманту выхаду з ізалятара і да выезду з краіны ніякіх кантактаў з КДБ у мяне не было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG