Сярод іх пэнсіянэры, шматдзетныя сем’і і грамадзяне, чый даход за месяц меншы за бюджэт пражытковага мінімуму (288 рублёў), адзначылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
12 студзеня МАРГ ад імя ўраду, Асацыяцыя розьнічных сетак і суб’екты гандлю падпісалі Пагадненьне аб даваньні зьніжак на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасьці сацыяльна не абароненым катэгорыям насельніцтва.
Гэтая мера павінна нібыта часткова замяніць сабой цэнавае рэгуляваньне тавараў.
З 17 студзеня пэнсіянэры, шматдзетныя семʼі і малазабясьпечаныя беларусы змогуць разьлічваць на 10-працэнтную зьніжку на сацыяльна значныя тавары.
Пагадненьне аб новай сыстэме зьніжак падпісалі 16 гандлёвых кампаній, а гэта палова ўсяго рынку раздробнага гандлю. Сярод іх
- «Санта Рытэйл»,
- «Эўрагандаль»,
- «Капеечка»,
- «Дабраном»,
- «Віталюр»,
- «БелМаркетКомпані»,
- «Гіпа»,
- «Суседзі».
На сайтах крам ужо зьяўляцца інфармацыя аб тым, як менавіта будзе працаваць праграма ляяльнасьці.
Каб паўдзельнічаць у праграме зьніжак, трэба аформіць карту ляяльнасьці або памяняць статус на «сацыяльны», калі такая карта ўжо аформленая.
Пры гэтым 10% зьніжкі на тавары зь пераліку сацыяльна значных ня будуць сумавацца ў крамах зь іншымі зьніжкамі.
Таксама ў гандлёвых сетках адзначылі, што ў выпадку, калі памер зьніжкі на пэўны тавар па карце ляяльнасьці вышэйшы за гандлёвую надбаўку, яна будзе дадзена толькі ў памеры гандлёвай надбаўкі — таньней за сабекошт тавар купіць не атрымаецца.