Першая ракетка сьвету сэрб Новак Джокавіч правядзе ноч у аэрапорце Мэльбурну, паведаміла сэрбскае выданьне b92 са спасылкай на бацьку 9-разовага чэмпіёна Australian Open. Пазмагацца за дзясяты тытул Джокавічу могуць забараніць, прычына — адмова Новака ад вакцынацыі супраць каранавірусу і магчымыя памылкі ў дакумэнтах.
Тэнісіста ўжо ізалявалі ў асобным пакоі, які ахоўваюць двое паліцыянтаў.
У Джокавіча ўзьніклі праблемы з уездам у Аўстралію праз памылку з афармленьнем візы. Памежнікі затрымалі яго адразу па прылёце ў Мэльбурн і ў аэрапорце дапыталі наконт абгрунтаваньняў для мэдычнага адводу ад вакцынацыі.
Аўстралійскія ўлады падазраюць, што рэальных мэдычных паказаньняў супраць вакцынацыі ў сэрба можа ня быць.