Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваны новы Падатковы кодэкс. Што зьменіцца для людзей?


Карыкатура на тэму падаткаў
Карыкатура на тэму падаткаў

«Частка нізкарэнтабэльнага бізнэсу можа закрыцца». Што прынясуць новыя падаткі.

4 сьнежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі абноўлены Падатковы кодэкс Беларусі. Частка яго палажэньняў набыла моц з 1 студзеня 2022 году.

Асноўныя зьмены (коратка)

  • Зьявіцца новы падатак на прафэсійны даход. Плаціць яго павінны фізычныя асобы, якія ня маюць наймальнікаў і не прыцягваюць да працы іншых фізычных асобаў.
  • Саўмін павінен будзе вызначыць пералік відаў дзейнасьці, на якія будзе распаўсюджвацца магчымасьць выплаты гэтага падатку.
  • Калі выручка за год не перавысіла 60 000 рублёў, плаціць трэба 10% ад даходаў, а калі перавысіла — 20% ад сумы перавышэньня. Плаціць падатак трэба будзе штомесяц.
  • Калі выдаткі чалавека перавысяць даходы на 500 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня — 32 рублі), у яго запатрабуюць тлумачэньня аб крыніцах даходаў. Калі растлумачыць паходжаньне грошай вы не змаглі, з гэтай сумы трэба будзе сплаціць павышаны падаходны падатак (ня звыклыя 13%, а 20%).
  • Спрошчаная сыстэма падаткаабкладаньня будзе даступная толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам, якія не вылічаюць ПДВ. Права прымяняць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня пазбаўляюцца натарыюсы, якія ажыцьцяўляюць натарыяльную дзейнасьць у натарыяльным бюро, адвакаты.
  • Таксама пазбаўляюцца права прымяняць спрошчаную сыстэму тыя ІП, якія аказваюць паслугі — за выключэньнем таіх сфэраў, як турыстычная дзейнасьць, ахова здароўя, сухапутны транспарт, грамадзкае харчаваньне, кампутарнае праграмаваньне. Падаходны падатак па спрошчанай сыстэме павышаецца з 5% да 6% ад прыбытку.
  • За збор ягад і грыбоў, якія пасьля ідуць на продаж, будуць браць падаткі. Зьбіральнікі грыбоў і ягад мусяць плаціць падаходны падатак у выпадку, калі за год яны атрымаюць ад гэтай дзейнасьці даход, які перавышае 200 базавых велічынь (6,4 тысячы рублёў). З сумы перавышэньня давядзецца сплаціць 10%.
  • Зьяўляюцца фіксаваныя стаўкі падатку на сабак. Калі раней яны былі прывязаныя да базавых велічынь, то цяпер вызначылі падатак у 46,5 рубля за патэнцыйна небясьпечную пароду і 9,3 рубля за астатнія пароды.

Каго гэта датычыць

У 2021 годзе ў Беларусі было 270,9 тысячы прадпрымальнікаў. Якраз гэтую катэгорыю зьмены закрануць найбольш, бо індывідуальным прадпрымальнікам была даступная адзіная стаўка падаходнага падатку.

Што да юрыдычных асобаў, якіх у 2021 годзе ў Беларусі было 143 232, то падатковы цяжар вырасьце і для некаторых зь іх, бо касуецца спрошчаная схема падаткаабкладаньня.

Найбольш падатковы цяжар ударыць па індывідуальных прадпрымальніках, малым і сярэднім бізнэсе, лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Найбольш гэта закране малы і сярэдні бізнэс, ім цяжэй будзе выжыць. Будзе вышэйшая арэнда, вышэйшыя падаткі. Хто працаваў у межах рэнтабэльнасьці ў 5%, проста будзе вымушаны закрыць свой бізнэс», — мяркуе эканаміст.

«Трэнд на рэлякацыю будзе працягвацца»

На думку Яраслава Раманчука, калі сытуацыя для прадпрымальнікаў будзе і далей пагаршацца, то кожны год Беларусь будзе губляць ад 30 да 50 тысяч актыўных прадпрымальнікаў.

«Беларусь будзе губляць прадпрымальнікаў да таго часу, пакуль не застануцца толькі тыя, хто знойдзе сваю нішу разам з чыноўнікамі і сілавікамі. Для людзей гэта значыць, што будуць вышэйшыя цэны і вузейшы асартымэнт», — кажа Яраслаў Раманчук.

Што да прычын такіх зьменаў у Падатковы кодэкс, то экспэрт зьвязвае гэта зь неабходнасьцю папаўняць бюджэт.

«Гэта большы падатковы цяжар, большы цяжар у адміністраваньні падаткаў, менш магчымасьці для канкурэнтаздольнасьці. Дзяржава затыкае свае дзіркі ў бюджэце. Мінфін прагназуе пагаршэньне стану фінансавага сэктару, таму трэба спагнаць грошы зь людзей, якія, на думку дзяржавы, іх маюць», — кажа Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG