Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Байдэн пагутарылі праз тэлефон — з ініцыятывы Расеі


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн размаўляе з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, 30 сьнежня 2021 г.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн размаўляе з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, 30 сьнежня 2021 г.

Увечары ў чацьвер, 30 сьнежня, прайшлі тэлефонныя перамовы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША Ўладзіміра Пуціна і Джо Байдэна.

Байдэн падчас размовы знаходзіўся ў сваім доме ў штаце Дэлавэр.

Перамовы працягваліся 50 хвілінаў. Пра іх зьмест адразу пасьля завяршэньня размовы камэнтароў не было.

Размову напярэдадні сустрэчы Расеі з ЗША і NATO ў пытаньнях бясьпекі ініцыявала Масква. Паводле прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, падчас званка бакі мелі ўдакладніць свае пазыцыі перад важнымі перамовамі. Пяскоў адзначыў, што гэта звычайная тэлефонная размова без публічнай часткі.

Гэта ўжо другая размова Пуціна і Байдэна ў сьнежні — пасьля перамоваў празь відэасувязі.

Незадоўга да званка прэзыдэнтаў прадстаўніца Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Эмілі Горн адзначыла, што, на думку Байдэна, замены непасрэднаму дыялёгу паміж двума лідэрамі няма. Пры гэтым Горн падкрэсьліла, што Белы дом кансультуецца з партнэрамі ў ЭЗ для выпрацаваньня адзінага падыходу ў адказ на нарошчваньне вайсковай моцы Расеі на мяжы з Украінай.

Увосень СМІ з спасылкай на зьвесткі выведкі паведамілі аб канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе вайсковае ўварваньне. Крэмль гэтыя заявы адпрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і NATO гарантыяў бясьпекі — у прыватнасьці, не пашыраць NATO на ўсход і не ўключаць у вайсковы зьвяз новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік.

Разам з тым сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны паведаміў, што Кіеў пакуль ня бачыць пагрозы з боку Расеі. З словаў Аляксея Данілава, Масква ня можа пачаць паўнавартаснае ўварваньне фізычна.

Перамовы Расеі, ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі заплянаваныя на студзень 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG