Суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і відэахостынгу «YouTube» экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пра гэта 3 сьнежня паведаміў тэлеграм-канал ГУБАЗіК.
Камэнтуючы гэтае судовае рашэньне, прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай сказаў:
«Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык. Мы імкнемся і надалей даваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю беларускім людзям, якія цяпер як ніколі маюць патрэбу ў незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму дае зразумець, што яго ігнараванне праўды і намаганьні абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі не маюць межаў».
На гэты момант два журналісты Радыё Свабода, Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык, знаходзяцца за кратамі. Журналісты Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская — пад крымінальным сьледзтвам. Офіс Радыё Свабода ў Менску апячатаны сілавікамі.
«Вас з захапленьнем слухалі яшчэ нашыя дзяды». Як адрэагавалі чытачы Свабоды
Мы сабралі нізку камэнтароў нашых падпісчыкаў на рашэньне ўладаў.
- «Ці ж магло быць па-іншаму? І то яны доўга «трывалі».
- «Прымайце віншаваньні! Знак якасьці!»
- «Віншую!!! Вось яны, санкцыі ў адказ. Зараз яшчэ McDonald’s закрыюць. Ёсьць адчуваньне, што пасьля шостага пакету санкцый (калі ён будзе) пачнуць расстрэльваць беларусаў у якасьці контрасанкцый».
- «Радыё Свабода — Беларусь, вы найлепшыя! Разам да перамогі!»
- «Я люблю вашае СМІ. Вы лепей за дзяржаўныя сьметніцы, якія нават пісаць нармальна ня могуць і выконваць журналісцкія стандарты. Пішыце на нацыянальнай мове, абуджайце ў людзях патрыятызм, пакуль савецкія да***ы і іншыя хворыя людзі зьнішчаюць усю нашую культуру».
- «Радыё Свабода — вечнае. Калі ўжо гнілы СССР нічога ня здолеў зрабіць, то ўжо гэтым клоўнам дакладна ня дадзена. Жыве Беларусь і Радыё Свабода!».
- «Віншую, гэта знак якасьці! Радыё Свабода, вас з захапленьнем слухалі яшчэ нашыя дзяды, вы дапамаглі вызваліцца ад камуністычнай нечысьці. Дзякуй вам, вызвалімся і ад лукашызму».
Перасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. Дакладна вядомыя два артыкулы абвінавачаньня з трох («удзел у масавых беспарадках» і «арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў паводле трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя прадметы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 суткамі арышту.
Экстрэмісцкімі ў Беларусі прызнаныя больш за 300 каналаў і суполак: ад лякальных чатаў да каналаў з сотнямі тысяч падпісчыкаў. 7 з 10 найбольш папулярных беларускіх тэлеграм-каналаў прызнаныя экстрэмісцкімі.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».