Прысуд 11-й групе абвінавачаных ва ўдзеле 13 верасьня 2020 году ў пратэставай акцыі на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава ў Берасьці сёньня агучыла судзьдзя Марыя Аліфярук.
Справа разглядалася з 1 сьнежня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што ў выніку Аліфярук пакарала падсудных наступнымі тэрмінамі:
- Уладзімера Гарбаўца — 2 гадамі «хіміі»;
- Кацярыну Шпак — 3 гадамі «хатняй хіміі»;
- Аляксандра Бадаўца і палітвязьня Віктара Кухарчука — 2,5 гадамі «хатняй хіміі»;
- Паўла Хамічука, Кірыла Дарашчука, Барыса Галаніна, Вольгу Федарэнку, Анастасію Жукавец, Дзьмітрыя Капылова, Ігара Грабінскага, Марыну Ўшыўкову — 2 гадамі «хатняй хіміі».
«Карагодная справа» ў Берасьці — адзін з самых буйных палітычных працэсаў за апошнія паўтара года ў Беларусі. Раней выракі ў гэтай справе атрымалі ўжо 114 асоб.
Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру сьвята».
У чым абвінавацілі фігурантаў
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.
З прычыны прастою тралейбуснаму парку нібыта нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.
Судзьдзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»:
- Сьвятаслаў Каліна,
- Дзьмітры Шурын,
- Іна Клышпач,
- Сяргей Маручак,
- Яўген Брэган,
- Дзьмітры Куроўскі,
- Вера Філонік,
- Марыя Аліфярук,
- Кацярына Рамашка.