Зьвесткі ўраду Паўднёвай Карэі гавораць пра тое, што ў 82% сем’яў, якія падзяліла Карэйская вайна 1950-1953 гг. нічога ня ведаюць пра далейшы лёс сваякоў, якія апынуліся пад дыктатарскім рэжымам у Паўночнай Карэі, паведамляе агенцтва Yonhap.
Агулам зьвесткі сабраныя ад 5354 сем’яў з Паўднёвай Карэі і замежжа, дзе ёсьць сваякі ў Паўночнай Карэі. Яны ня ведаюць нават, ці жывыя іх родныя.
Сярод тых, хто ведае пра лёс і месцазнаходжаньне членаў сваіх сем’яў, палова атрымала інфармацыю праз арганізатараў прыватных праграмаў абмену або іншых асоб, гаворыцца ў матэрыялах апытаньня. Толькі чвэрць даведалася пра лёсы сваякоў ад ураду ў Сэуле.
65,8% заявілі, што неабходна дамагацца прыняцьця мераў, каб пацьвердзіць лёс членаў іх сем’яў у Паўночнай Карэі і атрымаць апавяшчэньне ад дзяржавы ў выпадку сьмерці. Больш за 20% рэспандэнтаў таксама адзначылі, што ўрад павінен дамагацца рэгулярных сустрэч сем’яў і абмену лістамі паміж сваякамі ў суседніх краінах.
У Міністэрстве міжкарэйскіх зносінаў заявілі, што плянуюць узмацніць свае намаганьні па падтрыманьні сувязі паміж сем’ямі. Агулам урад Паўднёвай Карэі налічыў 47 004 сям’і, падзеленыя вайной. Многія людзі, не дачакаўшыся спатканьня з роднымі, памерлі.
Палітычныя адносіны паміж дзьвюма Карэямі рэгулярна перажываюць пэрыяды пацяпленьня і замарозкі. Краіны за апошнія гады некалькі разоў дамаўляліся ўсталяваць трывалае супрацоўніцтва, падпісвалі пагадненьні, аднак усё завяршалася паглыбленьнем канфлікту. У Паўночнай Карэі, якая з часу вайны знаходзіцца пад жорсткай дыктатурай, караюць сьмерцю за сувязі з Паўднёвай Карэяй, мяжа закрытая і ахоўваецца ўзмоцнена, а за спробы яе перасячэньня чалавека могуць адправіць у лягеры ці прызначыць сьмяротнае пакараньне.
Аднак штогод ёсьць людзі, якія намагаюцца перабрацца на поўдзень паўвострава, і некаторым гэта ўдаецца. У Паўднёвай Карэі ўцекачы атрымліваюць псыхалягічную дапамогу і паслугі па адаптацыі ў грамадзтве.