Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура заблякавала сайт «Брестской газеты»


Пракуратура незадаволеная, што рэдакцыя публікавала інфармацыю, якая «нэгатыўна характарызавала грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасьць дзяржаўных і праваахоўных органаў».

Доступ да сайту «Брестской газеты» быў абмежаваны паводле пастановы пракурора Берасьцейскай вобласьці, бо інтэрнэт-рэсурс нібыта дапускаў «шматлікія парушэньні».

«Асобныя артыкулы суправаджаліся радыкальнымі паведамленьнямі, якія распальваюць варожасьць па палітычных і ідэалягічных матывах. Публікавалася і іншая інфармацыя, якая відавочна нэгатыўна характарызавала грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасьць дзяржаўных і праваахоўных органаў», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Раней інфармацыйную прадукцыю сайту «Брестской газеты» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сёлета ў студзені газэта спыніла выпуск друкаванага выданьня пасьля масавых адмоваў з боку друкарняў. Рэдакцыя працягнула працу на сайце і ў сацыяльных сетках.

8 сьнежня таксама быў заблякаваны сайт электроннага выданьня «Ежедневник», а галоўнага рэдактара Сяргея Сацука пасьля ператрусу даставілі ў Сьледчы камітэт.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG