Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палітзьняволенай Касьцюговай памёр бацька, у Беларусі не засталося сваякоў, якія могуць яго пахаваць


Палітоляг, рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова.
Палітоляг, рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова.

Пра сьмерць бацькі палітзьняволенай Валерыі Касьцюговай напісала яе дачка Настасься.

Настасься Касьцюгова напісала ў твітэры:

«Сёньня памёр мой дзядуля, і ў яго фактычна няма сваякоў, якія могуць яго пахаваць. Маці ў турме, я на эміграцыі, бабуля памерла, яго сын, мой дзядзька, таксама памёр даўно. Мой бацька памірае ад раку, і ў мяне пачынаюць заканчвацца сваякі, зь якімі я магу пагаварыць».

Палітоляга і кансультантку Валерыю Касьцюгову ўжо больш за пяць месяцаў утрымліваюць у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала.

53-гадовую Валерыю Касьцюгову, палітоляга, рэдактарку сайту «Наше мнение», затрымалі 30 чэрвеня 2021 году. На яе завялі крымінальную справу па першай частцы 357-га артыкула («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), 6-й частцы 16-га артыкула («Саўдзел у злачынстве») і 3-й частцы 361-га артыкула («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці»).

Дэталі справы не разгалошваюцца, адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні.

«Адзінае, што я магу даведацца, гэта пра дату суду, — кажа дачка палітзьняволенай Настасься Касьцюгова. — Але пакуль пра суд гаворкі няма».

Хто такая Валерыя Касьцюгова

  • Валерыя Касьцюгова — заснавальніца і шматгадовая рэдактарка сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение». Таксама яна рэдактарка і ўкладальніца выданьня «Белорусский ежегодник», кіруе экспэртнай групай маніторынгу «Беларусь в фокусе».
  • «Наше мнение» — інтэрнэт-праект, які зьбірае аналітычныя думкі беларускіх і замежных экспэртаў і навукоўцаў. Там друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія аналітыкі і палітолягі. Першы выпуск апублікаваны ў 2003 годзе.
  • Вядомы ў экспэртным асяродзьдзі «Белорусский ежегодник» быў аналітычным зрэзам таго, што адбывалася ў Беларусі. Паводле сайта nmnby.eu, у сфэры інтарэсаў Валерыі Касьцюговай былі беларуска-расейскія дачыненьні, беларускія партыі і палітычныя арганізацыі.
  • Раней Валерыя Касьцюгова працавала журналісткай у «Белорусской деловой газете».
  • Экспэрты, зь якімі пагутарыла Свабода, адзначаюць, што пазыцыі Валерыі Касьцюговай былі па-навуковаму стрыманыя і збалянсаваныя, «яна не дазваляла сабе нейкіх публіцыстычных выразаў у бок рэжыму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG