Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня выключыў датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі


Аляксандар Лукашэнка даз інтэрвію генэральнаму дырэктару агенцтва "Россия сегодня" Дзьмітрыю Кісялёву, 30 лістапада 2021 году.
Аляксандар Лукашэнка даз інтэрвію генэральнаму дырэктару агенцтва "Россия сегодня" Дзьмітрыю Кісялёву, 30 лістапада 2021 году.

Але пры гэтым Лукашэнка зазначыў, што ён сам мае права вырашаць.

Аляксандр Лукашэнка ня выключыў магчымасьці правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію РІА «Новости».

Па словах Лукашэнкі, пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі адбудуцца выбары ўсіх органаў улады: парлямэнта, прэзыдэнта і Ўсебеларускага народнага сходу. Дакладных тэрмінаў ён не назваў.

—Гэта будзе відаць... Нам да прэзыдэнцкіх выбараў тры гады прыкладна, чатыры. Яны могуць адбыцца максымум у тэрмін. Але, можа, будуць і датэрміновыя выбары.

У яго пацікавіліся, на якой падставе.

— На падставе, што прэзыдэнт так вырашыць. Або ў пераходных палажэньнях у Канстытуцыі будуць замацаваны іншыя тэрміны выбараў.

На пытаньне аб уласным удзеле Лукашэнка паціснуў плячыма.

— Ня ведаю. Шчыра ня ведаю. Залежыць ад сытуацыі ў краіне.

Пры гэтым ён заявіў, што з «вялікай» палітыкі ў любым выпадку сыходзіць не зьбіраецца.

«Калі не пачнецца вайна»

Лукашэнка заявіў, што праект Канстытуцыі ў яго цяпер на стале, што ён сам зьяўляецца яе аўтарам. На абмеркаваньне гэты парект ён абяцае аддаць у палове сьнежня, а да канца лютага 2022 году правесьці рэфэрэндум.

«Я думаю, што тыдні два. А ў лютым у 20-х прыкладна чыслах (яшчэ падумаем, як нам зручней, і па законе, па цяпер дзейнай Канстытуцыі ёсьць тэрміны вынясеньня на рэфэрэндум) Канстытуцыя будзе вынесена мною на рэфэрэндум», – сказаў Лукашэнка і дадаў у адказ на ўдакладняючае пытаньне: «Калі не пачнецца вайна. Госпадзе, не дай бог».

Што абяцае Канстытуцыйная камісія

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.

Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы па зьмене асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG