Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень распавёў пра катаваньні холадам, зьбіцьцё і галюцынацыі ў калёніі


Аляксандр Зялюткін, архіўнае фота
Аляксандр Зялюткін, архіўнае фота

Бацьку шасьцярых дзяцей Аляксандру Зялюткіну пасьля болей чым трох гадоў зьняволеньня пачалі пагражаць новымі крымінальнымі справамі. Па вызваленьні ён выехаў зь Беларусі.

Аляксандр распавёў праваабаронцам «Вясны» пра падзеі 2020 года ў Менску, удзельнікам якіх быў, пра перасьлед і ўмовы ўтрыманьня ў калёніях у Магілёве і Шклове, дзе ён адбываў пакараньне.

Сярод іншага Аляксандр Зялюткін паведаміў, што яго затрымалі падчас аднаго з маршаў пратэсту ў Менску восеньню 2020 году, склалі адміністрацыйны пратакол, але суд не пакараў яго арыштам, бо ў яго на ўтрыманьні былі шасьцёра дзяцей. Зноў прыйшлі па ім праз год, у сьнежні 2021.

«Ад пагрому ў кватэры напалохаліся дзеці»

На той момант, паводле Зялюткіна, ён хаваўся ад міліцыі і зьмяніў тэлефон, але аднойчы мусіў скарыстацца старым нумарам. Кажа, што ўжо праз 2-3 гадзіны да яго прыйшлі з ГУБАЗіКа.

«Адразу выбілі дзьверы ў кватэру, мяне паклалі тварам у падлогу, сталі ўсё ў пакоі ламаць-крышыць, шукаць тэлефоны, іншую тэхніку. Ад такога „маскі-шоў“ вельмі моцна напалохаліся дзеці. Пасьля пагрому мяне забралі», — згадаў пра затрыманьне Аляксандр Зялюткін.

Паводле былога палітвязьня, у СІЗА на Валадарскага ён прабыў паўгода, сядзеў у перапоўненай камэры, пабываў у карцэры. Праз тое, што не дапускалі адваката трымаў галадоўку пратэсту і ў выніку дамогся сустрэчы з абаронцам і перакваліфікацыі сваёй справы з артыкулу 293 КК («арганізацыя масавых забурэньняў») на 342 («актыўны ўдзел у дзеяньнях, які груба парушаюць грамадзкі парадак»).

16 чэрвеня 2022 года яго прызналі вінаватым і асудзілі да 3 гадоў і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«Першы раз зьбілі пасьля сустрэчы з начальнікам калёніі»

Спачатку адбываць пакараньне палітвязьня накіравалі ў калёнію № 15 пад Магілёвам. Паводле Аляксандра, ужо першая сустрэча з адміністрацыяй калёніі закончылася для яго зьбіцьцём.

«Мяне адразу прывялі да начальніка калёніі, там яшчэ знаходзілася некалькі супрацоўнікаў. Яны сталі крычаць, што кідаў камянямі ў супрацоўнікаў міліцыі, што ў СІЗА абвяшчаў галадоўку. Потым, калі начальнік выйшаў, мяне сталі моцна зьбіваць, прымянялі электрашокер і пасьля гэтага кінулі ў ШЫЗА. А неўзабаве яшчэ раз у ізалятар. Гэта начальнік калёніі Лазарэнка даў такое ўказаньне, каб мяне прэсавалі па поўнай. А ў сьнежні 2022 года выклікалі да апэратыўніка і таксама пабілі», — распавёў Зялюткін.

«Тэмпэратура ў камэры — каля нуля»

Паводле былога палітвязьня, яшчэ больш жорсткае абыходжаньне ён зазнаў у шклоўскай калёніі № 17, куды патрапіў у 2024 годзе. Там ШЫЗА і ПКТ для Аляксандра Зялюткіна працягваліся, прычым пераважна ў адзіночцы. Ад адным з такіх пакараньняў ізаляцыяй у ШЫЗА Аляксандр згадвае з асаблівымі пачуцьцямі.

«Тэмпэратура ўвесь час была каля нуля. У такіх умовах нават не пасьпіш і сутак праз 10 пачынаеш слабець, пачынаюць сьцірацца межы рэальнасьці. Даходзіла нават да галюцынацый. Неяк, мне падалося, што ў суседняй камэры забілі чалавека і я ў гэта так моцна паверыў, што калі таго чалавека ўбачыў жывога ў атрадзе, то адчуў сапраўдны шок. Думаў, што паехаў «дах», — распавёў Аляксандр.

Паводле Аляксандра Зялюткіна за месяц да заканчэньня тэрміну да яго прыяжджаў сьледчы, які распавёў пра завядзеньне супраць яго новай крымінальнай справы.

Аляксандр Зялюткін выйшаў на волю 16 студзеня 2025 года і вырашыў, што не варта «чакаць новых прыгод». Пасьля сустрэчы з бацькамі і сям’ёй, нават не стаўшы на ўлік у міліцыі па месцы жыхарства, Зялюткін тэрмінова зьехаў з Беларусі.

«Зараз адаптуюся да новых умоў, знайшоў нейкую працу, стараюся забыцца на ўвесь той кашмар, якія ніяк пакуль не забываецца», — сказаў былы палітвязень праваабаронцам «Вясны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG