З 28 лістапада аўтапарк Горадні аднаўляе рух па міжнародным маршруце «Горадня — Варшава», паведамляе перавозчык.
Аўтобусы будуць адпраўляцца з аўтавакзалу Горадні ў 23:10 па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях; адпраўленьне з Варшавы — у 10:30 на наступны дзень.
Кошт праезду з Горадні да Беластоку — 40 рублёў, з Горадні да Варшавы — 60 рублёў. Хатніх жывёлаў часова не перавозяць.
Летась у сьнежні выезд праз наземныя пункты пропуску на агульных падставах спынілі на неабмежаваны час, за выключэньнем асобных катэгорый. Тады ўлады патлумачылі гэта «распаўсюдам пандэміі каранавірусу». Пры гэтым перамяшчэньне паветраным транспартам не абмяжоўвалі.
У пачатку верасьня ўрад унёс зьмены ў правілы выезду за мяжу праз наземныя пункты пропуску.
Паводле пастановы Савету Міністраў № 504, тыя, хто мае від на жыхарства, пашпарт для пастаяннага пражываньня ў іншых краінах ці іншы дакумэнт, які пацьвярджае права на пастаяннае або часовае пражываньне за мяжой, а таксама беларусы, якія працуюць ці вучацца за мяжой і здольныя гэта пацьвердзіць адпаведным дакумэнтам, і іншаземцы, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражываньне ў Беларусі (пры выезьдзе ў краіну свайго грамадзянства) могуць выяжджаць праз наземныя пункты раз на тры месяцы — раней можна было скарыстацца такой магчымасьцю кожныя паўгоду.