Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні працягваюцца масавыя звальненьні актораў тэатру


Афіша тэатру лялек у Горадні, архіўнае фота
Афіша тэатру лялек у Горадні, архіўнае фота

Кіраўніцтва Горадзенскага абласнога тэатру прапанавала звольніцца траім акторам. Гэта працяг палітычна матываваных звальненьняў ва ўстанове.

Акторы Наста Суханосік, Іван Дабрук і Аляксандар Енджэеўскі сышлі ў адпачынак, перад гэтым ім прапанавалі напісаць заявы аб звальненьні па пагадненьні бакоў. Усе трое актораў былі актыўна занятыя ў рэпэртуары, піша hrodna.life.

Крыніца, блізкая да тэатра, на ўмовах ананімнасьці паведаміла, што пад пытаньнем апынуліся сьвяточныя ранішнікі, аднак паколькі тэатру трэба зарабляць грошы, ідзе пошук людзей, якія маглі б у іх іграць.

Асабліва адчувальным, на думку крыніцы, стане для тэатру звальненьне мужчын-актораў.

«Гэта крытычна для навагодняга маратону. Нават без апошніх звальненьняў некаторыя мужчыны-акторы ня мелі дублёраў. На час сьвяточных ранішнікаў гэта азначае, што ім давядзецца адпрацоўваць па тры спэктаклі ў дзень без выходных. Не ўяўляю, як гэта будзе».

Акторы, афіцыйнае завяршэньне працэдуры звальненьня якіх чакаецца ў сярэдзіне сьнежня, былі занятыя ў топавых пастаноўках тэатру. Іван Дабрук і Аляксандар Енджэеўскі таксама рабілі ўласныя пастаноўкі як рэжысэры.

Іван Дабрук працаваў у Тэатры лялек з 1991 году. Іграў у спэктаклях «Трагедыя аб Макбэце», «Сон у летнюю ноч», «Паэма бяз слоў», «Таямніца сьнежнай каралевы», «Марозка», «Котчын дом», «Хлопчык-зорка» ды іншых. Як рэжысэр паводле ўласных сцэнароў паставіў спэктаклі «Вірус, ці гарачая дзясятка», «Асьцярожна, Нязнайка!», «Гатэль 10 зорак», «Хто ў адказе за плянэту?».

Наста Суханосік працавала ў тэатры з 2017 году. Іграла ў спэктаклях «Залаты ключык», «Вій. Страшная помста», «Котчын дом», «Чеховъ. Чайка», «Незямныя прыгоды», «Камэдыя Юдзіфі».

Аляксандар Енджэеўскі працаваў у тэатры лялек з 1996 году. Іграў у спэктаклях «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка», «Каралева сьнягоў», «Пікавая дама», «Прыгоды доктара Д.Д.», «Царэўна-жабка», «Візыт старой дамы» ды іншых. Як рэжысэр паставіў спэктакль «Ванільнае марозіва зь лімонам».

Каго яшчэ звальнялі з Горадзенскага тэатру?

Гэта ўжо ня першыя звальненьні з тэатру, зьвязаныя з палітыкай. Пасьля выбараў і пратэстаў 2020 году з тэатру лялек сышоў актор Аляксандар Рацько. Ад верасьня ён вучыцца ў Вільні, у ЭГУ. Таксама ў Вільні цяпер Віталь Лявонаў, які пачаў працаваць у мясцовым «Тэатры жніўня».

Яшчэ адна страта — Васіль Прабадзяк. Актор зьехаў з Горадні ў Расею і працуе ў адным з тэатраў Разані. Разам зь ім пакінула горад і абласны тэатар лялек яго жонка, Ларыса Мікіна-Прабадзяк. Яна доўгі час была галоўным мастаком тэатру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG