Нядаўна зь ім сустрэўся былы ягоны прыхільнік Юры Васкрасенскі, які перайшоў на бок Лукашэнкі. Ён расказаў «Нашай Ніве», што Бабарыку павысілі месячны заробак з 1 рубля 60 капеек да 50 рублёў.
Цяпер Васкрасенскі займаецца пасярэдніцтвам у справе «амністыі» палітвязьняў узамен на пісьмовыя пакаяньні. Пакуль камісія ўхваліла памілаваньне толькі 13 чалавек. У калёніі ён угаворваў Бабарыку папрасіць памілаваньня і пачаць кампэнсаваць шкоду (а гэта больш за 46 мільёнаў рублёў).
Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Юры Васкрасенскі зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зьняволеньня. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.
Тым часам у калёніі зь Віктарам Бабарыкам іншым зьняволеным не дазваляюць нават размаўляць: тых, хто падышоў павітацца, адразу адправілі ў ШЫЗА, паведаміў у лісьце сваякам палітвязень Максім Тужык.
Сёлета ў ліпені былога старшыню Белгазпрамбанку і прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар і адмываньне грошай.
Палітвязьнямі прызналі яшчэ трох чалавек
Як паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ПЦ «Вясна», беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ трох чалавек:
Міхаіла Хаванскага, які 3 верасьня асуджаны паводле арт. 364 КК за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў да аднаго году пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
Генадзя Сьмірнова, які 27 кастрычніка асуджаны паводле ч. 2 арт. 363 і 368 КК за супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў і абразу прэзыдэнта да двух гадоў і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
Галіну Гарацкевіч, якая 16 жніўня асуджаная паводле арт. 342 і 364 КК за ўдзел у мірным сходзе і супраціўленьне гвалту пры яго разгоне да трох гадоў абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Праваабаронцы адзначылі непрапарцыйна жорсткія прысуды судоў па палітычна матываваных справах.
На сёньняшні дзень палітвязьнямі ў Беларусі прызналі 876 чалавек.