Літаратуразнаўца, эсэіст, праваабаронца
Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гомельскім унівэрсытэце.
У 1986–1988 гадах — адзін з заснавальнікаў і старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» — літаратурнага аб’яднаньня, удзельнікі якога ініцыявалі масавае шэсьце 30 кастрычніка 1988 году, у дзень памяці продкаў «Дзяды». Мірную акцыю жорстка разагналі ўлады з выкарыстаньнем дубінак і сьлезацечнага газу, Алеся Бяляцкага затрымалі і аштрафавалі.
З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
«Усю першую палову 89-га я дарабляў кандыдацкую і праседзеў у сакратарыяце Мартыралёгу ў будынку Саюзу пісьменьнікаў на Фрунзэ, 5. Пісьменьнікі вылучылі асобны пакойчык на першым паверсе, куды я хадзіў штодзень, як на працу, прымаў заявы суполак, зьвязваў аднадумцаў з розных рэгіёнаў паміж сабой. Я чаргаваўся з Алесем Емяльянавым... Віктар і Вінцук паглыбіліся ў каардынацыю і структураваньне Мартыралёгу, структуры якога расьлі па Беларусі як грыбы. Вінцук працаваў над праграмнымі дакумэнтамі, Віктар кантактаваў з працоўным рухам, Алесь рабіў першыя бюлетэні Мартыралёгу. Мы вымушана спынілі разьвіцьцё сеткі моладзевых нефармальных арганізацый і ўсе свае сілы, час і энэргію ўклалі ў Мартыралёг».
У красавіку 1996 году Алесь Бяляцкі заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна-96», якая з 1998 году мае назву «Праваабарончы цэнтар «Вясна».
4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны за праваабарончую дзейнасьць. 24 кастрычніка 2011 году асуджаны на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены 21 чэрвеня 2014 году.
Алесь Бяляцкі — аўтар кніг «Літаратура і нацыя» (1991), «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера» (2006), «Асьвечаныя беларушчынай» (2013), «Іртутнае срэбра жыцьця» (2014), «Халоднае крыло радзімы» (2014), «Бой з сабой» (2016), «Турэмныя сшыткі» (2018).
Пяць з гэтых кніг напісаныя за кратамі.
Уганараваны прэміямі за грамадзкую дзейнасьць: імя Пэра Ангера (2006), імя Андрэя Сахарава (2006), «Homo Homini», якую ўручыў Вацлаў Гавэл (2006), Дзярждэпартамэнту ЗША (2012), Леха Валэнсы (2012), імя Пэтры Кэлі ў знак прызнаньня дзейнасьці ў адстойваньні правоў чалавека ў Беларусі (2012), Вацлава Гавэла ад ПАСЭ (2013), «За правы чалавека і вяршэнства закону» (2019), «За годны лад жыцьця» (2020).
Пяць разоў быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру.
Узнагароджаны літаратурнымі прэміямі: прэмія Нарвэскага саюзу пісьменьнікаў «За свабоду слова» (2011), прэмія імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Іртутнае срэбра жыцьця. Пралог: нататкі праваабаронцы» (2014).
14 ліпеня 2021 году Алеся Бяляцкага затрымалі. Яго зьвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў).
15 ліпеня 2021 году прызнаны палітвязьнем.
У лістах з турмы зьняволены літаратар і праваабаронца дасылае ўспаміны пра сваю працу ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў 1989–1998 гадах.
«Улетку 1991 году мы вазілі выставу Максіма Багдановіча ў вёску Вязьзе. Гэта вёска ў Асіповіцкім раёне — памятная мясьціна для сям’і Багдановічаў. Тут лесьніком служыў швагер Максімавай маці — Марыі Апанасаўны. Летам 1895 году яна з сынамі Вадзімам, Львом і Максімам на некалькі месяцаў прыехала з Горадні ў Вязьзе. У даволі вялікім доме лесьніка ўсім хапала месца. Гаспадарка была вялікая — каровы, сьвіньні, коні і птушкі. Дзеці спазнавалі беларускую прыроду, гулялі зь вясковымі хлопцамі і хутка пераймалі іх беларускую мову. Бацька Максіма, Адам Багдановіч, быў вялікім прыхільнікам і энтузіястам беларускага слова, любіў беларускія народныя песьні, казкі, паданьні, з маленства ведаў беларускую мову. Але ўдома з маці Максіма яны размаўлялі па-расейску — прамы вынік русыфікатарскай палітыкі ў Расейскай імпэрыі. Захавалася кранальная перапіска паміж Адамам і Марыяй Багдановічамі.
Дзіва, але на пачатак 90-х захаваўся і дом лесьніка ў Вязьзі, перабудаваны, падлатаны, але зруб быў цэлы і пакрыты шыфэрам. У нашых плянах было адбудаваць тую сядзібу і зрабіць там экспазыцыю, прысьвечаную сямʼі Багдановічаў, а таксама паказаць быт лесьніка, што служыў у Радзівілаў. У Радзівілаў у Мікалаеўшчыне ў той самы час такім самым лесьніком служыў бацька Якуба Коласа Мікалай Міцкевіч. Але сваякі Багдановічаў Секяржыцкія паходзілі не зь сялянаў, як Міцкевічы, а са зьбяднелай шляхты, былі інтэлігентныя і адукаваныя. Іншая атмасфэра, інтарэсы былі ў гэтай сямʼі. Марыя Багдановіч падчас жыцьця ў Вязьзі лячыла вясковых дзяцей, хоць і не была доктаркай, але давала тыя лекі, пры якія сама ведала. Секяржыцкія жылі са свайго мазаля і розуму.
Мы хацелі перадаць атмасфэру вялікага каханьня ў сямʼі Багдановічаў, у якой праходзіла маленства Максіма.
На жаль, адбудаваць дом і стварыць у ім філію музэю ў Вязьзі нам не ўдалося».
Агулам, калегі Алеся Бяляцкага кажуць, што весткі ад яго з турмы — вялікая рэдкасьць. У адным з апошніх лістоў калегам праваабаронца напісаў:
«Навінаў мала, бо дні цякуць аднастайна ад ранішняй праверкі да вячэрняй, ад пад’ёму да адбою, ад сьняданку да абеда, ад абеда да вячэры. Як бы нічога не адбываецца, але ўсё і не апішаш. Увогуле, у мяне як у назьве рамана Аляксандра Дзюмы „Десять лет спустя“».
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-ці штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня.
Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Адзначаць гэты дзень пачаў у 1981 годзе камітэт «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 году ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня камітэту «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі павінны мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не павінны трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны павінны заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад пішучымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом зь пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клюбаў аднагалосна пацьвярджае, што мы працягнем змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».