Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы гатовыя прымаць мігрантаў, але не ад Лукашэнкі», – нямецкі эўрадэпутат


Сяргей Лагадзінскі
Сяргей Лагадзінскі

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад нямецкай партыі «Зялёныя» Сяргей Лагадзінскі расказвае ў інтэрвію Свабодзе, як можна вырашыць міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЭЗ, ці трэба Брусэлю дамаўляцца зь Менскам і ці чаму Лукашэнка «гуляецца з агнём».

Чаму Польшча ня можа прапусьціць мігрантаў праз сваю тэрыторыю, як гэта рабіла Вугоршчына падчас папярэдняга міграцыйнага крызісу ў ЭЗ?

«Зрабіць можна шмат што. Пытаньне ў палітычнай волі і разважлівасьці ўсіх бакоў. У дадзеным выпадку Польшча прымае рашэньне па міграцыйнай палітыцы як сувэрэнная дзяржава. Гэта кампэтэнцыя нацыянальных дзяржаваў. Мне падаецца, што з пункту гледжаньня польскага ўраду гэта не было б палітычна разважліва. Я б зрабіў інакш. Наша партыя „Зялёныя“ ўжо доўга пра гэта гаворыць. Гэта нармальная сыстэматычная і ўсёэўрапейская палітыка па міграцыі, якая б прадугледжвала цэнтры па прыняцьці мігрантаў на межах ЭЗ, на эўрапейскім баку. Там бы іх маглі прымаць і аказваць неабходную дапамогу. Там бы і вырашалі, ці маюць яны права быць у ЭЗ, ці высылалі б дадому. Але гэтае рашэньне блякавалася, у тым ліку і Польшчай, вельмі доўга, бо яна лічыла, што да яе чарга ня дойдзе, як да Італіі і Грэцыі. А такі падыход прывёў бы нас да салідарнага рашэньня краінаў, якія знаходзяцца на мяжы ЭЗ.

Цяпер паводле другога Дублінскага пагадненьня ўсіх мігрантаў, якія трапілі ў Нямеччыну, прайшоўшы па тэрыторыі Польшчы, павінны вяртаць у Польшчу. Іх запыты павінна апрацоўваць тая краіна, якая першай прыняла ўцекачоў».

Улады і Беларусі, і Расеі, іх прапаганда кажуць, што Мэркель і ЭЗ самі запрашалі ўцекачоў, таму лягічна, што яны павінны іх прымаць. Ці так гэта?

«Гэта сабачая лухта. Я нават не зьбіраюся гэтага паўтараць і распаўсюджваць па вашых каналах. Гэта спроба зьдзекаў і крыўляньня.

Давайце ня будзем сур’ёзна ўспрымаць прадстаўнікоў афіцыйнай улады, якая мучыць уласных грамадзян, якая зьнішчыла свабоду, некаторых людзей, а сваіх жа грамадзян садзіць у турмы. Ня трэба нам з гэтага адрасу ніякіх гуманітарных пасылаў, у нас дастаткова сваіх. Мы цудоўна разумеем, што мела на мэце Мэркель, і мы лічым, што трэба было праводзіць яшчэ больш адкрытую палітыку ў пэўных сытуацыях. Але словы Мэркель не былі запытам да Лукашэнкі, каб ён арганізоўваў самалёты з дапамогай, я так разумею, Крамля і завозіў людзей. Як выяўляецца, цэлы турыстычны штурм на Беларусь ідзе, так шмат турыстаў хочуць наведаць сьвятыні ў Менску і Беларусі, а пры нагодзе зайсьці ў Эўразьвяз. Ня трэба нам пудрыць мазгі. Ніхто на гэтае палітычнае крыўляньне тут не рэагуе».

Чаму столькі часу немагчыма вырашыць міграцыйны крызіс, у якім удзельнічае некалькі тысяч чалавек?

«Я разумею лёгіку Польшчы і краін Балтыі. Яны лягічна кажуць, што калі мы цяпер адчынім браму, то Лукашэнка будзе далей вазіць гэтых людзей самалётамі. Бо ахвотных дастаткова, гуманітарная сытуацыя там вельмі кепская. Цяпер пайшла ўжо сырыйская эміграцыя. А чаму з Сырыі? Бо ў Ідлібе ўсё разбамбілі расейскія зьнішчальнікі. Там ідзе вайна на зьнішчэньне.

Я вельмі крытычна стаўлюся да польскага ўраду, калі казаць пра іх адносіны да вяршэнства закону, я вельмі хачу, каб яны дапускалі на мяжу міжнародныя арганізацыі і журналістаў, каб была арганізаваная дапамога. Так, ёсьць памылкі. Але ня варта гэтым махаць зь беларускага боку, бо тут зусім іншая гісторыя і іншая музыка. Пры ўсёй крытыцы Варшавы гаворка ідзе пра тое, што так званы кіраўнік у Менску пры падтрымцы Масквы вырашыў выкарыстаць Эўразьвяз танным ціскам, каб нарэшце нехта паглядзеў на Лукашэнку. Каб нарэшце нехта загаварыў з Лукашэнкам».

Ангела Мэркель тэлефанавала Пуціну ў справе мігрантаў, але ён нібыта перанакіраваў яе ў Менск. Ваша партыя хутка будзе ў нямецкім урадзе. Ці трэба будзе новаму канцлеру званіць у Менск?

«Нават калі і патэлефануюць, санкцыі ніхто не скасуе. Нават вожыку зразумела, што шантажом нічога не дамагчыся».

Міністар Лаўроў прапанаваў даваць Беларусі грошы, каб яна дапамагала мігрантам, як калісьці Турэччына. Як вы да гэтага ставіцеся?

«Сытуацыю ў Турэччыне разумеюць няправільна. У Эўрапарлямэнце я акурат адказваю за турэцка-эўрапейскія адносіны. Грошы, якія плацяць нібыта турэцкаму ўраду, ідуць у агенцтвы ААН і ЮНІСЭФ, якія самі пасьля разьмяркоўваюць гэтыя грошы паміж мігрантамі. Напрыклад, плацяць, каб дзеці маглі хадзіць у турэцкія школы. Магчыма, Лукашэнка хоча пакінуць мігрантаў у Беларусі, каб ЭЗ даваў грошы міжнародным арганізацыям, якія будуць займацца мігрантамі ў Беларусі. Але гэтыя грошы ня будуць ісьці Беларусі. Калі ў Лукашэнкі такі плян, то ён павінен яго растлумачыць сваім грамадзянам.

У адрозьненьне ад Турэччыны, Беларусь не кандыдат на далучэньне да ЭЗ. У нас зусім іншыя адносіны. Пры тым, што ў нас і да Турэччыны вельмі шмат пытаньняў, якія я пастаянна агучваю. Але пры ўсёй крытыцы і антыдэмакратычнай сытуацыі, якую стварае Эрдаган, у Турэччыне ёсьць моцныя апазыцыйныя партыі ў парлямэнце. А ў Беларусі ёсьць? У Турэччыне ёсьць моцная грамадзянская супольнасьць. У Беларусі ў апошнія месяцы ёсьць такая супольнасьць? Вось калі мы дойдзем хаця б да стадыі Турэччыны, тады можна гаварыць пра нейкія гешэфты. Пакуль мы не дайшлі».

Як вырашыць праблему цяпер?

«Павінен быць забясьпечаны доступ гуманітарных арганізацый. Прычым з абодвух бакоў. Палякі таксама павінны гэта зрабіць і не хавацца за надзвычайным становішчам. Але гэтыя людзі на палянах каля вогнішчаў сядзяць не на тэрыторыі Польшчы. Яны сядзяць у Беларусі, і іх ахоўваюць беларускія сілавікі. Калі сытуацыя будзе крытычная, то мы, як ЭЗ, павінны настойваць на тым, каб Польшча кантралявана пускала людзей на сваю тэрыторыю і апрацоўвала іх заявы, як я казаў раней. Калі людзі гінуць там на холадзе — гэта не эўрапейскі шлях. Але паралельна з гэтым будуць з наступнага тыдня ўводзіцца санкцыі супраць Беларусі і супраць авіяперавозчыкаў. Праблема комплексная, значыць, і рашэньне павінна быць комплекснае».

Хто ў ЭЗ выступае лабістам Лукашэнкі і перашкаджае прымаць жорсткія санкцыі?

«Ёсьць розныя краіны, я не хачу паказваць пальцам. Але мне здаецца, што сваімі паводзінамі так званае кіраўніцтва Беларусі прывядзе нас да адзінства. Ён гуляецца з агнём. Адна справа — здушэньне дэмакратыі, а другая — вельмі балючае пытаньне для ўсіх краін у ЭЗ: міграцыя. Тут стракатасьць меркаваньняў можа вельмі хутка скончыцца. Гэта балючы пункт усіх эўрапейскіх краін. Мне падаецца, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве Лукашэнка абраў памылковую стратэгію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG