Дар’я Рублеўская, сакратарка зьнешніх сувязяў ЗБС, расказала, як студэнты жывуць у калёніях, як ім можна дапамагчы, што цяпер адбываецца ў беларускіх унівэрсытэтах і як міжнародная супольнасьць падтрымлівае рэпрэсаваную моладзь.
«У іх моцна пагоршылася здароўе»
12 лістапада 2020 году былі затрыманыя:
- студэнты Анастасія Булыбенка,
- Вікторыя Гранкоўская,
- Алана Гебрэмарыям,
- Глеб Фіцнер,
- Тацяна Якельчык,
- Ягор Канецкі,
- Яна Арабейка,
- Ксенія Сырамалот,
- Кася Будзько,
- Ільля Трахтэнбэрг,
- Марыя Каленік
- і выкладчыца Вольга Філатчанкава.
«Яны ўжо ўсе ў калёніі, дзяўчаты ў гомельскай, а хлопцы ў розных. Напрыклад, Ягор Канецкі ў Віцебскай вобласьці, у „Віцьбе“, адной з самых жорсткіх у Беларусі. Нядаўна вось быў ліст ад Ксюшы Сырамалот, дзе яна апісвала побыт у калёніі і расказвала, што ім выдалі робу, ёй вельмі падабаецца тужурка, бо яна вялікага памеру, і Ксюша кажа: „Овэрсайз зараз у модзе“», — кажа Дар’я Рублеўская, сакратарка зьнешніх сувязяў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
Дар’я кажа, што зьняволеныя студэнты цяпер праходзяць навучаньне, каб далей працаваць у калёніі.
«Там будзе тэхнічная праца, прыборка памяшканьняў і тэрыторыі. Кажуць, што ў калёніі ім лягчэй, чым у СІЗА, бо там больш руху, больш сьвятла, можна схадзіць у краму. Такое вяртаньне да мінімальных нармальных рэчаў і адданасьці свайму жыцьцю. Яны ўсе вельмі моцныя, усё яшчэ трымаюцца. Мне часам здаецца, што яны трымаюцца нават лепей, чым мы на свабодзе, перадаюць заўсёды ўсім вітаньні, расказваюць гісторыі. У некаторых, на жаль, моцна пагоршылася здароўе: зубы, вочы, скура, агульны стан».
«У зьняволеньні са студэнцкай і калястудэнцкай супольнасьці 52 чалавекі»
Цяпер ЗБС дапамагае студэнтам па розных кірунках. Першае — гэта стыпэндыя імя Аркадзя Смоліча, створаная для моладзі, якая зрабіла ўнёсак у студэнцкі актывізм.
«Раней мы зьбіралі ад студэнтаў нейкія праекты, потым узнагароджвалі сродкамі. Летась мы запусьцілі збор на тых, хто праходзіць па справе студэнтаў. Збор усё яшчэ адкрыты, і ён непасрэдна для зьняволеных студэнтаў, не для бацькоў, не для адвакатаў, толькі для студэнтаў. Таму, калі яны выйдуць, у іх будуць сродкі. Мы запускалі кампанію, каб людзі, калі хлопцы і дзяўчаты былі ў СІЗА, дасылалі пасылкі, падпісвалі на газэты, пераводзілі грошы на рахунак. Мы трымаем сувязь з бацькамі, адпраўляем лісты і паштоўкі, інфармацыйна падтрымліваем ня толькі ў нашых сацыяльных сетках, але і на розных міжнародных пляцоўках».
ЗБС інфармуе, наладжвае сувязі з замежнай акадэмічнай супольнасьцю, унівэрсытэтамі, каб дапамагаць рэпрэсаваным студэнтам.
«У нас атрымліваецца спрыяць адкрыцьцю праграм салідарнасьці, правядзеньню акцый з плякатамі ў падтрымку нашых студэнтаў, унівэрсытэты даюць месцы для навучаньня рэпрэсаванай моладзі, арганізацыі ладзяць праграмы стыпэндыяльнай падтрымкі. Напрыклад, праграма, якую зараз робіць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, гэта ўсё таксама элемэнт міжнароднага лабіраваньня, якое распачынаў ЗБС у свой час. Таму што з 1 верасьня 2020-га, калі мы выйшлі са студэнцкім маршам, калі людзей пачалі затрымліваць, менавіта ЗБС, я ў прыватнасьці, адразу пачало ствараць сьпісы і рассылаць па ўсіх міжнародных унівэрсытэтах».
Дар’я кажа, што вельмі дапамагае кропкавая міжнародная падтрымка і салідарнасьць.
«Гэта можа быць ня выступ у парлямэнце, а просты ліст, які дайшоў з Брусэля. Бывае, гэта значна больш важна для людзей, чым нейкія вялікія дзеяньні».
Падлічыць, колькі студэнтаў пакінулі Беларусь летась і сёлета, вельмі складана, кажа дзяўчына.
«Тут варта разумець, што ня ўсе зьяжджалі праз рэпрэсіі, ня ўсе ўладкоўваліся па гуманітарных праграмах. Але мы ведаем, што цяпер у зьняволеньні са студэнцкай і калястудэнцкай супольнасьці 52 чалавекі: 41 студэнт, сем непаўналетніх, школьнікаў і людзей, месца навучаньня якіх мы ня вызначылі, выпускніца Алана Гебрэмарыям і тры супрацоўнікі навучальных устаноў — Вольга Філатчанкава, Ціхан Восіпаў і Алесь Мінаў».
«Унівэрсытэты нашыя, нягледзячы на жахлівае закручваньне гаек»
Нягледзячы на моцную хвалю рэпрэсій, студэнты ў беларускіх ВНУ ясна даюць зразумець, што не пагадзіліся на ўмовы, пастаўленыя рэжымам, падкрэсьлівае Дар’я.
«Студэнты на месцах усё яшчэ змагаюцца. Падчас гэтага тыдня будуць акты супраціву, нагадваньні, што ўнівэрсытэты нашыя, нягледзячы на ўсё жахлівае закручваньне гаек. Значная колькасьць актывістаў вымушаная была зьехаць зь Беларусі, але мы бачым, што ёсьць непублічныя людзі на месцах, якія робяць вельмі шмат. Безумоўна, некаторыя суполкі сталі слабейшыя, але некаторыя ўзрасьлі, зразумелі сваю моц, асэнсавалі сябе як ня проста нейкі стыхійны рух, а як альтэрнатыўны орган студэнцкага самакіраваньня. Так, у многіх няма досьведу ў разуменьні акадэмічных правоў, але вельмі цікава назіраць, як яны паступова гэта адбудоўваюць. Я ўпэўненая, што БРСМу ў здаровых умовах немагчыма будзе канкураваць з гэтымі студэнцкімі супольнасьцямі».
З 12 па 17 лістапада, у межах тыдня, прысьвечанага студэнцтву, пройдзе шэраг мерапрыемстваў, пікетаў, актыўнасьцяў, да якіх далучацца дыяспары і палітыкі па ўсім сьвеце.
«Сёньня, 12 лістапада, мы ўзгадваем „чорны чацьвер“, што пра гэта думаюць студэнты на волі. Заўтра мы будзем гаварыць пра ўсіх студэнтаў у зьняволеньні, расказваць іх асабістыя гісторыі. 14-га ўзгадаем пра палітэмігрантаў, як цяпер уладкавана іх жыцьцё, чаму яны ўсё яшчэ застаюцца ў беларускім студэнцкім руху. 15-га размаўляем пра ЗБС, якое яднае ўсё студэнцтва. 16-га раскажам пра гісторыю студэнцкага руху, бо ў студэнтаў узьнікае такая думка, што яны ў гэтым супраціве першыя і адзіныя, што падобнага ніколі не было. А 17-га будзем нагадваць, як важна заставацца разам, падтрымліваць адно аднаго».
Прадстаўнікі ЗБС таксама плянуюць паездку ў Чэхію, дзе будуць выступаць на тэлебачаньні, у школах і расказваць пра беларускае студэнцтва.
«Сёлета Ксюша Сырамалот намінаваная на праскую прэмію, спадзяёмся, што яна пераможа. Яшчэ ў ЗБС і Моладзевага блёку выйшаў набор міжнародных марак з партрэтамі нашых хлапцоў і дзяўчат па „справе студэнтаў“. Гэта ўкраінскія міжнародныя маркі, іх можна клеіць на канвэрт ці паштоўку і дасылаць у Беларусь. Мы далей плянуем зрабіць іх у Літве, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыне. Мы нарэшце запусьцілі Patreon, дзе можна падтрымліваць ЗБС і студэнцтва. За гэта ад нас можна атрымаць падзяку, вось маркі ў адным са слотаў».
«Беларускае студэнцтва вельмі недалюбленае»
Дар’я зьвяртае ўвагу, што дапамагчы беларускаму студэнцтву, арганізацыям можна рознымі спосабамі.
«Я заўсёды кажу, што беларускае студэнцтва вельмі недалюбленае. Падтрымка студэнцкіх страйкамаў, нават „агеньчык“ на сторыз ці камэнт пад нейкім пастом „Мірнага БДУІРа“ — гэта важна. Калі ёсьць магчымасьць падтрымліваць нашых зьняволеных лістамі, паштоўкамі, расказваць нам пра гэта ў сторыз, дзяліцца навінамі, казаць сябрам і знаёмым пра тое, што студэнцтва ўсё яшчэ змагаецца, — гэта супэр. А калі ёсьць яшчэ магчымасьць данаціць на нейкую дзейнасьць, дзяліцца з намі ўласным досьведам, ведамі, — увогуле клясна. Можна пачаць з „агеньчыка“ на сторыз, а потым ужо дапамагаць усяму студэнцкаму руху, арганізацыям».
Што можна зрабіць для студэнтаў-палітвязьняў?
«Рэпостнуць навіну, што зараз адбываецца па справе студэнтаў, напісаць лісты, у нас ёсьць бот, дзе можна паглядзець усе адрасы. Можна даслаць ня проста паштоўку, а пасылачку, у якую пакласьці сшытачак, пару канвэрцікаў, напісаць: „Вітаю, я з табой“. Альбо зрабіць унёсак у падтрымку студэнтаў».