Пра гэта паведамляе грузінская служба Радыё Свабода.
«Праблемы камунікацыі зь Міхэілам Саакашвілі вырашаныя, таму Саакашвілі спыніў крайнюю форму пратэсту — адмову ад лячэньня, аналізаў, тэстаў і гэтак далей», — сказаў Сазаглішвілі.
Пра гэта ён заявіў пасьля сустрэчы з палітыкам у турме ў Руставі.
«Нам далі магчымасьць размаўляць такім чынам, каб Служба дзяржаўнай бясьпекі не магла запісаць размову паміж намі. У выніку Сакашвілі перастаў актывізаваць свой пратэст — адмаўляцца ад лячэньня», — дадаў адвакат.
Паводле яго словаў, Саакашвілі чарговы раз выказаў павагу да лекараў і гатовы працягваць супрацоўніцтва з мэдыкамі.
Раней упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што Міхэіл Саакашвілі адмовіўся ад любой мэдычнай дапамогі.
- Былы прэзыдэнт быў затрыманы 1 кастрычніка ў Тбілісі пасьля таго, як таемна прыбыў у Грузію з Украіны. Саакашвілі лічыць сябе палітвязьнем і пасьля арышту на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.
- У Грузіі Саакашвілі прысудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі за памілаваньне былых чыноўнікаў МУС, асуджаных за забойства Сандра Гіргуліані, і да шасьці гадоў турмы за зьбіцьцё былога дэпутата Валерыя Гелашвілі. У грузінскай пракуратуры таксама ёсьць пытаньні наконт незаконнага перасячэньня мяжы Саакашвілі.
- Міхаіл Саакашвілі лічыць абвінавачваньні супраць яго сфабрыкаванымі.