Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Амстэрдама пастанавіў вярнуць «скіфскае золата» ва Ўкраіну. Зяленскі: «Спачатку золата, а потым і Крым»


Скіфскае золата з украінскай калекцыі.
Скіфскае золата з украінскай калекцыі.

Апэляцыйны суд Амстэрдама вырашыў, што калекцыя скіфскага золата, вывезеная з Крыму да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе, мае вярнуцца ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Такім чынам, апэляцыйная судовая інстанцыя пацьвердзіла рашэньне, ухваленае 14 сьнежня 2016 году судом Амстэрдама.

На момант перадачы калекцыі ў Нідэрлянды Крым зьяўляўся часткай Украіны, таму мясцовыя музэі павінны былі падпарадкоўвацца мясцоваму заканадаўству. Украінскі суд, у сваю чаргу, раней палічыў законным патрабаваньне Міністэрства культуры вярнуць экспанаты ў Кіеў.

Калекцыя скіфскага золата была вывезеная з Крыму на выставу ў археалягічны музэй у Амстэрдаме ў пачатку лютага 2014 году, яшчэ да таго, як паўвостраў быў анэксаваны Расеяй. Усяго ў калекцыі каля дзьвюх тысяч артэфактаў, у тым ліку такія, што ня маюць аналягаў у сьвеце.

Афіцыйны Кіеў запатрабаваў вяртаньня калекцыі ва Ўкраіну, заявіўшы, што экспанаты зьяўляюцца «нацыянальным здабыткам Украіны». Расея, у сваю чаргу, настойвала на перавозе экспанатаў у Крым, бо пагадненьне аб правядзеньні выставы падпісвалася з крымскімі музэямі.

На рашэньне суду адрэагаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Доўгачаканая перамога Ўкраіны ў судзе Амстэрдама. „Скіфскае золата“ вернецца ва Ўкраіну. Мы заўсёды вяртаем сваё. Спачатку вернем „скіфскае золата“, а потым і Крым», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Twitter.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG