Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк пазбаўляюць лістоў і перадач. У яе няма цёплых рэчаў


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі з 3 студзеня. Цяпер яна адбывае пакараньне ў гомельскай папраўчай калёніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Муж Паліны Андрэй Шарэнда, які зьехаў ад перасьледу зь Беларусі, сказаў Свабодзе, што ціск на ягоную жонку працягваецца.

«Дакладна ведаю, што ў Паліны было 4 парушэньні і мінімум 3 разы яе за гэта зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Першыя 2 парушэньні — за адмову падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Дакладней, яна проста скамячыла гэтыя паперы і выкінула іх.

3-е парушэньне — за тое, што яна нібыта размаўляла і была ў нейкіх зносінах зь некім з палітзьняволеных.

А фармальная прычына 4-га— тое, што Паліна нібыта трымала рукі ў кішэнях. Але зразумела, што гэта проста псыхалягічны і фізычны ціск, які далей працягваецца, таму што трэба помсьціць за яе стойкую грамадзкую пазыцыю».

Перадача на 35 кг зь неабходнымі рэчамі для Паліны Шарэнды-Панасюк, якую вярнулі
Перадача на 35 кг зь неабходнымі рэчамі для Паліны Шарэнды-Панасюк, якую вярнулі

Па словах Андрэя, апошні раз Паліну Шарэнду-Панасюк каралі ШЫЗА ў канцы верасьня.

«Адвакат іншай палітзьняволенай перадаў, што Паліна ўсе ж такі выйшла адтуль 6 кастрычніка», — кажа суразмоўца.

Аднак ён падкрэсьлівае, што ад самой Паліны ніякіх пацьверджаньняў гэтай інфармацыі не было, бо лістоў ад яе няма ўжо амаль месяц. Паводле Андрэя, адваката да ягонай жонкі пакуль не пускаюць.

«Сказалі, няма магчымасьцяў. І толькі, здаецца, на гэтым тыдні ён зможа да Паліны трапіць», — кажа актывіст.

Андрэй Шарэнда кажа, што некаторы час таму Паліна пісала заяву на прыём перадачы, але атрымаць яе так і не змагла.

«Мы 2 тыдні зьбіралі так званую „рэжымную рэчавую перадачу“, якая важыла 35 кг з дазволеных 50. Аднак яна вярнулася з закрэсьленымі адрасамі і паметкай „не паложана“. Пакуль незразумела, што там здарылася, але фактычна Паліну пазбавілі лістоў і перадач. Яна цяпер сядзіць без шматлікіх рэчаў. На двары холадна, ужо зіма хутка, а ў яе няма ні цёплай вопраткі, ні абутку, нічога», — кажа Андрэй Шарэнда.

Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на пачатку 2021 году. Вырак ёй агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Аляксандра Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмаўлялася пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Нядаўна стала вядома, што адміністрацыя гомельскай жаночай калёніі, дзе Паліна адбывае пакараньне, паставіла яе на прафіляктычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG