На мяжы Польшчы і Беларусі працягваецца маштабны міграцыйны крызіс: польскія памежнікі не ўпускаюць у краіну мігрантаў, якія спрабуюць трапіць туды зь Беларусі, а беларускія памежнікі не ўпускаюць гэтых мігрантаў назад.
У выніку сотні людзей вымушаны тыднямі знаходзіцца пры мяжы, у лепшым выпадку ў намётах, але часта і бязь іх. Праваабаронцы і ўлады Эўразьвязу крытыкуюць Польшчу, абвінавачваючы яе ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі, і сьцьвярджаюць, што жыцьці мігрантаў у небясьпецы.
Бошра аль-Моалем і ейныя сёстры ўцяклі з Сырыі. Іхны брат, якому ўдалося прыехаць у Эўразьвяз раней, сабраў ім грошы на паездку, расказала яна «Настоящему времени».
У інтэрнэце жанчыны знайшлі інфармацыю пра новы маршрут у ЭЗ празь Беларусь. Да Польшчы яны дабраліся ў тым ліку з дапамогай беларускіх сілавікоў, якія прывезьлі іх на мяжу.
Далей было цяжэй: з Польшчы Бошру і сясьцёр выгналі памежнікі, але назад у Беларусь мясцовыя сілавікі іх не пусьцілі. 20 дзён Бошра і ейныя сваякі правялі ў лесе пры мяжы.
«Польская паліцыя кажа нам: „Вы тут незаконна, ідзіце адсюль. Яны прывезьлі нас да мяжы, і пачаўся гэты футбол на 20 дзён. „Ідзіце, ідзіце, ідзіце назад“, — казалі яны нам. Не было ні даху, ні ежы, ні вады. Адна з памежніц сказала: вы тут незаконна, вы ня можаце трапіць у Польшчу, у нас зь Беларусьсю вялікая вайна. А мая сястра кажа ёй: „Гэта вайна? Вы гэта называеце вайной? Прыедзьце ў Сырыю і вы зразумееце, што такое вайна“», — падзялілася Бошра аль-Моалем.
Пасьля таго, як Бошра страціла прытомнасьць ад абязводжваньня і зьнясіленьня, яе і сясьцёр адвезьлі ў шпіталь, а потым — у міграцыйны цэнтар у Польшчы.
У апошнія месяцы на беларуска-польскай мяжы памерлі сама меней 6 чалавек. Улады Эўразьвязу трывожацца, што з надыходам халадоў колькасьць сьмярцей можа павялічыцца.
«Імкненьне захаваць чалавечыя жыцьці заўсёды ў прыярытэце. Толькі ўявіце: вы знаходзіцеся там, у балотах, і так холадна, што вы паміраеце ад холаду. Так, вас падмануў Лукашэнка, але мы не Беларусь. Мы Эўразьвяз, у нас іншыя каштоўнасьці!», — сказаў эўракамісар унутраных спраў Ільва Югансан.
Актывісты заклікаюць улады Польшчы даць мігрантам часовы прытулак ці хаця б даць доступ лекарам да мяжы. Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча, які нядаўна падоўжылі яшчэ на 60 дзён. У сувязь зь ім польскія ўлады не пускаюць да мяжы ні журналістаў, ні праваабаронцаў. А польскія памежнікі ня толькі адганяюць мігрантаў, але і ўмацоўваюць мяжу дадатковымі агароджамі з калючага дроту.
«Польшча прытрымліваецца пазыцыі, што мы можам пакласьці канец гэтаму міграцыйнаму маршруту, толькі ўмацаваўшы як сьлед мяжу зь Беларусьсю, — сказаў прадстаўнік міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. — Гэта штучны маршрут, створаны Лукашэнкам пры падтрымцы Пуціна. Штучна створаны, каб адпомсьціць усяму Эўразьвязу».
Мігрантка нарадзіла празь некалькі гадзін пасьля пераходу мяжы
4 кастрычніка каля 6-й раніцы польскія памежнікі затрымалі групу мігрантаў, сярод якіх была цяжарная грамадзянка Конга. Яе адвезьлі ў шпіталь, дзе яна а 9-й гадзіне нарадзіла дзяўчынку, паведаміла польская памежная служба.
Роды адбыліся дачасна, але дзіця пачуваецца добра.
Пазьней высьветлілася, што 24-гадовая грамадзянка Конга апошнія некалькі гадоў жыла ў Маскве і добра размаўляе па-расейску. Бацькі дзіцяці зь ёй не было.
Польскія памежнікі адзначаюць, што калі б яны выявілі мігрантку пазьней, здарэньне магло скончыцца трагічна.
5 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 483 спробы незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 2 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. 13 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам.
У Літве спынілі 28 спробаў. Літоўскія памежнікі паведамляюць, што зь Беларусі чуваць гарматныя стрэлы — магчыма, зь недалёкага Госкага палігону, паведаміў Delfi.