Лінкі ўнівэрсальнага доступу

База МУС Расеі абвяргае вэрсію МУС Беларусі аб затрыманьні Мажэйкі. Журналіста даставілі ў СІЗА Жодзіна


Генадзь Мажэйка.
Генадзь Мажэйка.

У МУС Беларусі паведамілі, што Генадзя Мажэйку нібыта затрымалі ў Беларусі, калі ён вярнуўся з Расеі, дзе яго быццам бы ўнесьлі ў сьпіс непажаданых асобаў. Але журналісты «Эўрарадыё» высьветлілі, што гэта ня так.

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун 4 кастрычніка пацьвердзіў затрыманьне журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Міліцэйскі чыноўнік запэўніў, што журналіста нібыта затрымалі на тэрыторыі Беларусі, а не ў Маскве, як сьцьвярджалі сваякі затрыманага:

«Грамадзянін Мажэйка выехаў з тэрыторыі Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю, дзе рабіў спробу вылецець у трэцюю краіну. Аднак з улікам прынятага раней расейскімі праваахоўнымі органамі рашэньня аб непажаданасьці знаходжаньня на тэрыторыі гэтай краіны, праваахоўнымі органамі Расейскай Фэдэрацыі было адмоўлена яму ў выезьдзе з тэрыторыі Расеі і прадпісана выехаць з тэрыторыі гэтай дзяржавы. Мажэйка ў вызначаным парадку выехаў з тэрыторыі Расеі і прыбыў у Рэспубліку Беларусь, дзе ў далейшым быў затрыманы.

Сытуацыя ня ёсьць чымсьці экстраардынарным, гэта практыка як у дзейнасьці праваахоўных органаў Беларусі, так і Расеі: кожны з бакоў у адпаведнасьці з палажэньнямі дамовы паміж дзяржавамі мае права аб’явіць непажаданасьць знаходжаньня той ці іншай асобы ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. У нас на ўліку маецца шэраг грамадзян Расеі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі», — сказаў у камэнтары Аляксей Бягун.

Інфармацыю пра тое, што МУС Расеі нібыта ўнёс Мажэйку ў свой сьпіс «непажаданых» асобаў, журналісты «Эўрарадыё» праверылі па базе Галоўнага упраўленьня міграцыі расейскага ведамства. Вынік быў наступны: «Падставаў, якія перашкаджаюць уезду на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, на гэты момант ня выяўлена».

Тым часам стала вядома, што Генадзя Мажэйку перавезьлі з Акрэсьціна ў Жодзіна. Ён застаецца пад вартай.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік «Комсомольской праады» Валянцін Алфімаў, які прыехаў з Масквы разьбірацца ў сытуацыі з журналістам беларускай «Камсамолкі».

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG