Уладзімір Сунгоркін у эфіры праграмы «Утренний Мардан» на «Радио „Комсомольская правда“» расказаў слухачам, што ад 29 верасьня доступ да сайту беларускага выпуску выданьня заблякаваны на рашэньне Міністэрства інфармацыі Беларусі.
«Год таму спынілі друкаваць у Беларусі нашу газэту, забаранілі вядучым сеткам распаўсюджваць наклад. Краіна становіцца ўсё больш абложанай крэпасьцю паводле палітычнай стылістыкі. Там усё больш жорстка, жорстка і жорстка», — заявіў галоўны рэдактар «Комсомольской правды».
Пазьней зьявілася тлумачэньне, што на падставе рашэньня Міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу kp.by.
«На інтэрнэт-рэсурсе kp.by зьмешчана публікацыя, у якой утрымліваюцца зьвесткі, якія садзейнічаюць фармаваньню крыніцаў пагрозы нацыянальнай бясьпекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятаньні напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, паміж грамадзтвам і дзяржавай. У адпаведнасьці з арт.38 закону аб СМІ забаронены распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам», — аргумэнтавалі рашэньне ў Міністэрстве інфармацыі.
«Я думаю, гэта з-за нататкі, якую мы апублікавалі ў 22 гадзіны. Пра айцішніка, які застрэліў з паляўнічай стрэльбы супрацоўніка КДБ пры штурме кватэры. Там камэнтар аднакласьніцы аб загіблым. Па словах дзяўчыны, ён стараўся быць незалежным, заўсёды выбіраў праўду і справядлівасьць. Усяго два абзацы з добрай характарыстыкай хлопца вырашылі лёс выданьня. У прынцыпе, у Беларусі дастаткова для таго, каб закрыць найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс», — выказаўся Сунгоркін у размове з Telegram-каналам «Радыёкропка НСН».
Галоўны рэдактар «КП в Беларуси» Сяргей Трафілаў ад камэнтароў з нагоды блакаваньня сайту пакуль устрымліваецца.
«Разьбіраемся ў сытуацыі», — ляканічна сказаў ён агенцтву БелаПАН.
У сваю чаргу кіраўнік расейскай рэдакцыі выданьня Уладзімір Сунгоркін адзначыў, што беларускі сайт стараўся быць «гранічна карэктным».
«Я вам выдам таямніцу: нататка ў тым выглядзе была на сайце роўна 3 хвіліны — ад 22:04 да 22:07. За гэты час рэдактар убачыў, што яна не зусім адпавядае поўнаму ўяўленьню пра гэтую гісторыю, таму перарабіў, замяніў загаловак. Але паколькі ў рэспубліцы вельмі жорстка кантралююць мэдыя, хапіла і тых хвілін. За гэты час публікацыя трапіла да ўсіх, каму трэба, і пайшла хваля, што мы нібыта абяляем злачынцу, бандыта, ліхадзея», — расказаў Уладзімір Сунгоркін.
На ягонае перакананьне, у Беларусі рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка дзеля ўсталяваньня поўнага кантролю за ўсімі СМІ. У рамках гэтага нэўтралізацыя незалежнага ад улады мэдыяканалу выглядае цалкам лягічна, падсумаваў ён.