Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску падчас рэйду КДБ па кватэрах у страляніне загінулі двое. Што вядома?

абноўлена

Сілавікі ломяцца ў дзьверы меркаванай кватэры Андрэя Зельцара. Скрын зь відэа КДБ
Сілавікі ломяцца ў дзьверы меркаванай кватэры Андрэя Зельцара. Скрын зь відэа КДБ

У страляніне, якая здарылася 28 верасьня ў Менску падчас рэйду КДБ па кватэрах, загінулі двое.

«Падчас „адпрацоўкі адрасоў“ у адной з кватэр жыхар аказаў супраціў сілавікам — стрэліў у аднаго зь іх з паляўнічай стрэльбы. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі мужчыну. Паранены супрацоўнік КДБ загінуў», — так паведаміла Эўрарадыё, спасылаючыся на свае крыніцы.

Афіцыйна

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў КДБ:

«Сёньня падчас правядзеньня спэцмерапрыемстваў па адпрацоўцы адрасоў, па якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці, у адной з кватэр жылога дому па супрацоўніках праваахоўных органаў быў адкрыты агонь з стрэльбы на паражэньне. Асабліва небясьпечны злачынец у выніку сьмяротна параніў супрацоўніка Камітэту дзяржбясьпекі. Агнём у адказ злачынец быў зьнішчаны. Супрацоўнік ад атрыманых ран памёр».

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт.139 КК («Забойства асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю службовай дзейнасьці»).

Пазьней генпракурор Андрэй Швед сказаў, што пракуратура санкцыянавала «дзясятак» такіх «працэсуальных дзеяньняў», «зьвязаных з праверкай асобаў на датычнасьць да тэрарызму і экстрэмізму», перадало АНТ.

Вэрсія Сьледчага камітэту:

«На законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў 31-гадовы жыхар Менску адмовіўся адчыніць дзьверы кватэры і заблякаваўся ў ёй. З мэтай так званага „хайпу“ праводзіў відэаздымку. Пасьля пранікненьня ў кватэру супрацоўнікаў мужчына адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы ў бок праваахоўнікаў. У выніку аднаму зь іх нанесены цялесныя пашкоджаньні, ад якіх ён памёр у лякарні. З улікам характару ўжытага гвалту, збройнага супраціву ад 31-гадовага мужчыны, у адказ агнём ён быў ліквідаваны. Ягоная 40-гадовая жонка, якая таксама праводзіла відэаздымку злачынства і спрыяла яго зьдзяйсьненьню, затрыманая праз падазрэньне ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка».

Хто забіты

Паводле папярэдняй інфармацыі, забіты жыхар кватэры — Андрэй Зельцар, супрацоўнік EPAM Systems.

У сетцы LinkedIn ёсьць профіль супрацоўніка EPAM Андрэя Зельцара. Паводле яго, Андрэй працаваў у кампаніі з 2016 году на пазыцыі тым-ліда. Таксама там указана, што ў 2013 годзе ён скончыў Тэхнікум бізнэсу і права.

Андрэй Зельцар
Андрэй Зельцар

У Андрэя Зельцара ёсьць профілі ў Instagram і Facebook. Як можна меркаваць па ягоных пастах, ён актыўна займаўся спортам — фэхтаваньнем, а таксама ўдзельнічаў у забегах, у тым ліку трэйлавых. Ёсьць у інстаграме і фота зброі.

Паводле сайту ihunt.by, Андрэй Зельцар у жніўні аплаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта значыць, што зброю ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам.

Знаёмыя Андрэя напісалі, што ў яго ёсьць жонка і сын, вучань пачатковых клясаў. Дзе знаходзіўся малы падчас страляніны, невядома.

Паволде крыніцаў Tut.by, жонку клічуць Міраслава, яна працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі.

Маці Зельцара працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, бацька ў яго інвалід. Раней бацька працаваў юрыстам у таварыстве інвалідаў «БелТІ», паведамляе «Наша ніва».

Андрэй Зельцар са стрэльбай. Скрын зь відэа КДБ
Андрэй Зельцар са стрэльбай. Скрын зь відэа КДБ

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, загінулага супрацоўніка КДБ звалі Дзьмітры, а пазыўны быў «Нірвана». Мужчына 1990 году нараджэньня. У яго засталася жонка і малалетняе дзіця. Паводле непацьверджанай інфармацыі ByPol, загінулы — Дзьмітры Ф., ягоная маці ўзначальвае адно з падразьдзяленьняў цэнтральнага апарату КДБ.

Аляксандар Лукашэнка, даведаўшыся пра інцыдэнт, заявіў, што «беспакараным гэта не застанецца». Пра гэта паведаміла ягоная прэс-сакратарка Натальля Эйсмант агенцтву БелТА. Ён таксама даручыў аказаць усякую падтрымку і дапамогу сямʼі супрацоўніка КДБ.

Сілавікі каля дома

Відавочцы паведамляюць, што сёньня ўвесь дзень сілавікі знаходзяцца па адрасе Якубоўскага, 29.

«Каля трэцяга пад’езду дома стаяць бус, легкавая машына і два аўтамабілі міліцыі. Шмат людзей у цывільным, міліцыянты ходзяць у бахілах і пальчатках», — перадаюць Naviny.by.

Пастаноўка?

Само відэа выклікала шэраг пытаньняў. З роліка незразумела, хто здымаў меркаванага стралка ў кватэры. Запіс змантаваны так, што момант, як куля трапляе ў супрацоўніка КДБ, не паказаны. Відаць толькі, як мужчына з стрэльбай страляе кудысьці ў калідор, а ў іншым змантаваным кавалку супрацоўнік у масцы страляе зь пісталета туды, дзе, як мяркуецца знаходзіцца стралок. У наступных кадрах супрацоўнікі выцягваюць свайго калегу, называючы яго «Дзімка» і «Нірвана», вакол яго сьляды крыві.

«Камэнтаваць пакуль рана. Але пытаньняў пакуль больш, чым адказаў», — пракамэнтавалі здарэньне ў ініцыятыве беларускіх сілавікоў ByPol.

Украінскі сілавік: відэа выклікае шмат пытаньняў

Радыё Свабода зьвярнулася да былога супрацоўніка Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Ўкраіны, падпалкоўніка запасу Службы бясьпекі Ўкраіны з просьбай пракамэнтаваць відэа, распаўсюджанае праўладнымі тэлеграм-каналамі з перастрэлкай у кватэры Андрэя Зельцара.

Найперш суразмоўца зьвярнуў увагу на тое, як супрацоўнікі КДБ уваходзілі ў памяшканьне. «Калі ня ведаюць, у якой частцы кватэры знаходзіцца аб’ект, маюць падазрэньне пра наяўнасьць у яго зброі, то мусіць быць бронешчыт, каска або хаця б бронекамізэлька. Калі ў іх стралялі, то паводле ўсіх нормаў мусіў быць адказ святлашумавой гранатай. Шмат пытаньняў тут паўстае».

Апроч таго, суразмоўца зьвярнуў увагу на тое, як быў змантаваны відэазапіс. «Нешта не магу зразумець. З кватэры аб’екта вялася онлайн-трансьляцыя? Неяк дзіўна ўсё выглядае».

«Чаму апэратыўнікі адчынялі кватэру, а не спэцпрызначэнцы? Чаму яны ўсе былі ў цывільным, калі падазрэньні былі ў датычнасьці аб’екту да тэрарыстычнай дзейнасьці? Шмат пытаньняў…».

Што кажа сяброўка Андрэя Зельцара

«Я здагадваюся, чаму да яго прыйшлі, ён удзельнічаў летась у акцыях пратэсту супраць дзейнай улады, хутчэй за ўсё, да яго цяпер дайшлі.

Андрэй быў вельмі спакойны, заўсёды адгукаўся на просьбы людзей. Шчыра, я б сказала, што ён ніколі ў жыцьці так не зрабіў бы, проста яго змусілі абставіны. Ён абараняў у першую чаргу сябе, у другую чаргу — сваю жонку. Ён заўсёды быў спакойным, заўсёды ўсьміхаўся. Мы ніколі не заўважалі, што ён за штосьці перажывае ці ў яго нешта здарылася».

Сяброўка Андрэя адзначае, што ніколі ня ведала, што ў яго была зброя, таму была шакаваная, калі ўбачыла відэа.

Як кажа сяброўка, раней Андрэй не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у мітынгах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG