Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў прайграў пазоў да Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе, арганізацыі пагражае ліквідацыя


 Старшыня СБП Барыс Пятровіч.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч.

Вярхоўны суд пакінуў у сіле пісьмовае папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі ў адрас Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Пра гэта паведаміла сама арганізацыя літаратараў, якой цяпер пагражае ліквідацыя.

Вынясеньне папярэджаньня было матывавана тым, што Саюз не падаў своечасова запатрабаваных дакумэнтаў. Той факт, што ліст з гэтым патрабаваньнем прыйшоў у офіс у дзень здачы папераў, а на наступны дзень офіс СБП быў апячатаны Следчым камітэтам, Вярхоўны суд да ўвагі не прыняў.

23 і 24 верасьня ў Вярхоўным судзе Беларусі адбыліся слуханьні па пазове грамадзкага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» да Міністэрства юстыцыі аб абскарджваньні пісьмовага папярэджаньня.

Папярэджаньне вынесьлі 14 ліпеня 2021 года за непадачу дакумэнтаў.

Патрабаваньне Мінюсту ў арганізацыі атрымалі 13 ліпеня, і ў тэрмін да 13 ліпеня трэба было падаць пакет дакумэнтаў па дзясятках пунктаў дзейнасьці арганізацыі.

«СБП накіраваў у міністэрства просьбу аб падаўжэньні тэрміну падачы дакумэнтаў да 15 ліпеня, аднак адказу не атрымаў. 14 ліпеня Сьледчым камітэтам Беларусі быў праведзены ператрус у офісе арганізацыі, пасьля чаго памяшканьне было апячатана, дакумэнты і тэхніка канфіскаваныя», — паведамляе прэсавая служба СБП.

Пасьля высьвятлення сутнасьці справы, абмеркаваньня яе матэрыялаў і дыскусіі бакоў 24 верасьня Вярхоўны суд адхіліў пазоў СБП і пакінуў папярэджаньне ў сіле. Цяпер арганізацыі пагражае ліквідацыя.

Міністэрства юстыцыі ініцыявала справу аб ліквідацыі СБП у жніўні. 24 жніўня ў Вярхоўным судзе адбылося апытаньне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў». Былі выслуханы тлумачэньні і аргумэнты бакоў і запытаная дадатковая інфармацыя ў справе. Па выніках апытаньня дата судовага паседжаньня не была прызначаная, паколькі саюз беларускіх пісьменнікаў падаў у Вярхоўны суд скаргу на Мінюст.

  • Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў створаны ў 1933–1934 гадах.
  • У 2005 годзе ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, ляяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
  • У СБП больш за 450 сяброў.
  • На пачатку тыдня Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці СБП, запатрабаваўшы дакумэнты з 1 студзеня 2018 году да 1 ліпеня 2021 году па 27 пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.
  • 14 ліпеня ў офіс СБП уварваліся сілавікі, правялі ператрус, апячаталі памяшканьне і канфіскавалі тэхніку.
  • Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскамі аб невыдаваньні і аб нявыезьдзе.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на сярэдзіну верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 году зьліквідавалі ўжо 135 недзяржаўных арганізацый.

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

Лукашэнка: «Ідзе зачыстка»

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG