Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ператрусаў салігорскае выданьне «Лидер-пресс» вырашыла спыніць выхад


Газэта «Лидер-Пресс», апошні папяровы нумар
Газэта «Лидер-Пресс», апошні папяровы нумар

Рэдакцыя паведаміла, што з 1 кастрычніка цалкам прыпыніць дзейнасьць. Апошнія паўгода газэта выходзіла толькі ў інтэрнэце.

Рэдакцыя «Лидер-Пресс» працавала ў Салігорску 28 гадоў, аднак цяпер прыпыніць існаваньне.

«Так адбываецца, што любы матэрыял, які праўдзіва асьвятляе падзеі ў рэгіёне ці краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі наступствамі. У такой сытуацыі мы ня можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасьць рэдакцыі», — напісана ў выданьні.

Раніцай 10 чэрвеня сілавікі правялі ператрус у кватэры ўладальнікаў салігорскага мэдыя Ўфімцавых, а таксама ў рэдакцыі. З супрацоўнікаў рэдакцыі, сына і нявесткі Ўфімцавых, у міліцыі ўзялі падпіску аб невыдаваньні.

У канцы сакавіка рэдакцыя прыпыніла выхад друкаванай вэрсіі выданьня на 6 месяцаў, спаслаўшыся на эканамічныя прычыны. Раней штотыднёвы наклад газэты мог складаць каля 18 тысяч асобнікаў і меў значны прыбытак. Пасьля выданьне засталося ў інтэрнэце, але з кастрычніка перастане працаваць наогул.

Спыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў

У 2020-2021 гг. перастаў выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская», «Народная воля», «Брестская газета», «Новы час», «Рэгіянальная газета», «Информ-прогулка».

Усе названыя выданьні цяпер працуюць выключна ў сеціве, у некаторых зь іх прайшлі ператрусы ў рэдакцыях і ў супрацоўнікаў, некаторыя былі аштрафаваныя.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG