30 сутак пэнсіянэру за вокліч «Жыве Беларусь!»
61-гадовага Міхаіла Дубіну 8 верасьня затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту ў Менску за лёзунг «Жыве Беларусь» у тралейбусе.
Паводле міліцыянтаў, «неабыякавы грамадзянін» паскардзіўся на тое, што «невядомы мужчына выкрыкваў лёзунгі». На выхадзе з транспарту Міхаіла Дубіну адразу ж затрымалі.
У Фрунзэнскім РУУС сталіцы на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне», паведамляюць праваабаронцы.
9 верасьня справу разглядала судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Марыя Ярохіна. На судзе мянчук расказаў, што ў тралейбусе паспрачаўся з двума мужчынамі на шакалядку, што выкрыкне «Жыве Беларусь!». Пасажырамі аказаліся міліцыянты ў цывільным, якія і здалі яго сваім калегам.
Суд прызнаў Міхаіла Дубіну вінаватым і пакараў 30-суткавым арыштам.
Пабітага амапаўцамі менчука суд пакараў калёніяй
Суд Цэнтральнага раёну Менску 9 верасьня асудзіў на 1 год калёніі жыхара сталіцы Аляксея Муравіцкага. Падставай сталі леташнія пратэставыя маршы 16 жніўня і 25 кастрычніка зь ягоным удзелам.
Учыненае «злачынства» кваліфікавалі як «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».
У дзень прэзыдэнцкіх выбараў, 9 жніўня, 45-гадовага менчука супрацоўнікі АМАП затрымалі на выбарчым участку, пабілі і даставілі ў турму на Акрэсьціна.
Праз тыдзень ён выйшаў на масавую акцыю і прадэманстраваў гематомы па ўсім целе. Тады хтосьці з пратэстоўцаў напісаў яму на сьпіне: «Усіх не заб’еш». Момант імправізаванага пэрформансу побач з будынкам КДБ трапіў на фатаздымкі, па іх мужчыну і вылічылі.
Таксама Аляксей Муравіцкі браў удзел у маршы 25 кастрычніка: зь бел-чырвона-белым сьцягам залез на дах сваёй машыны і крычаў: «Жыве Беларусь!». Затрымалі яго 27 ліпеня, да суду ён заставаўся пад вартай.
Пракурор Цімафей Нічыпарук папрасіў прызнаць фігуранта справы вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і пакараць яго пазбаўленьнем волі тэрмінам на 1 год, а таксама задаволіць пазоў прадпрыемства «Менсктранс» на суму 71 255 рублёў.
У выніку судзьдзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Аляксею Муравіцкаму 1 год пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму, а пазоў «Менсктрансу» будзе вырашаны ў грамадзянскім парадку.
За абразу даішніка Вольніча — 3 гады «хатняй хіміі»
Арцём Барашка атрымаў абвінавачваньне ў абразе службовай асобы (арт. 369 КК РБ) — ён напісаў камэнтар «пі**р» пад фатаздымкам, на якім супрацоўнік ДАІ з Ганцавіч Ігар Вольніч стаіць каленам на шыі аднаго з пратэстоўцаў, піша «Вясна».
Пасьля хуткага судовага разбору судзьдзя Ігар Змушко вынес прысуд: 3 гады «хатняй хіміі» і 1500 рублёў кампэнсацыі «маральнай шкоды».
Супрацоўнік ДАІ Вольніч разаслаў у суды цэлы шэраг пазоваў супраць некалькіх чалавек. Напрыклад, у чэрвені жыхара Жлобіна асудзілі на 2 гады «хіміі» за камэнтар пад тым жа фатаздымкам.
Ператрус у пінскай праваабаронцы
У праваабаронцы зь Пінску Веранікі Івановай прайшоў ператрус.
Як расказала яна журналістам, сілавікі агледзелі ноўтбук і забралі два старыя тэлефоны. Саму жанчыну пры гэтым не затрымлівалі.
Напярэдадні стала вядома, што праваабаронца стала фігуранткай крымінальнай справы «аб перадачы асабістых зьвестак міліцыянтаў» у адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкім.
Раней актывістка наведвала крымінальныя працэсы ў палітычна матываваных справах, якія праходзілі ў Пінску.
Візыт сілавікоў да жонкі магілёўскага журналіста
Да жонкі магілёўскага журналіста Ўладзімера Лапцэвіча днём 9 верасьня прыйшлі супрацоўнікі Ленінскага РАУС, піша тэлеграм-канал Mayday.
Нягледзячы на тое, што Лапцэвіч ужо даўно выехаў зь Беларусі, міліцыянтаў цікавіў менавіта ён. У прыватнасьці, яны спрабавалі высьветліць дакладнае месцазнаходжаньне журналіста.
Новы адміністрацыйны арышт горадзенскага блогера
Горадзенскага блогера Вадзіма Ермашука, у інстаграме вядомага як Vadimati, суд Ленінскага раёну Горадні праз скайп асудзіў на 15 содняў адміністрацыйнага арышту.
Прычына ў тым, што 13 жніўня ён пазваніў па тэлефоне 115 і нецэнзурна выказаўся на адрас камунальнікаў і супрацоўнікаў гарвыканкаму (артыкул 19.1 КаАП). Ермашук з 16 жніўня адбывае 25 содняў у Шчучыне за тое, што нібыта заклікаў на недазволенае спартовае мерапрыемства. У судзе некалькі разоў рабілі перапынак праз стан здароўя Вадзіма, у яго падымалася тэмпэратура, быў разлад кішэчніка.
Жыхара Ляхавічаў асудзілі на паўтара года калёніі за абразу Лукашэнкі
У судзе Ляхавіцкага раёну вынесьлі прысуд 23-гадоваму Арцёму Сокалу, якога вінавацілі ў паклёпе ў дачыненьні да прэзыдэнта (ч. 1 арт. 367 КК) і яго абразе (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядала судзьдзя Натальля Буднік, бок дзяржаўнага абвінавачаньня падтрымліваў Васіль Дзяшко.
Паводле абвінавачаньня, 20 жніўня 2020 году Арцём Сокал, жадаючы прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржавы шляхам распаўсюджваньня заведама ілжывых зьвестак, што ганяць прэзыдэнта, зьневажаюць яго гонар і годнасьць, з дапамогай мабільнага тэлефона разьмясьціў у тэлеграм-чаце «Ляхавічы 90%» інфармацыю ў выглядзе арыенціроўкі на злачынцу з фотавыявай Лукашэнкі.