Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 15 чэрвеня: 3 месяцы арышту гарадзенцу, які выкінуў у сьметніцу дзяржаўны сьцяг, прысуд за наезд на сілавіка набыў моц


Суд Ленінскага раёну Горадні.
Суд Ленінскага раёну Горадні.

Свабода працягвае сачыць за судамі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў пратэстаў. Артыкул абнаўляецца.

Жлабінчаніна асудзілі на 2 гады «хіміі», сям’я можа страціць жытло

Суд Жлобінскага раёну разгледзеў крымінальную справу Мікалая Лёгкага, які нібыта абразіў супрацоўніка дзяржаўтаінспэкцыі Ганцавічскага РУУС (арт. 369 КК). Пацярпелы Ігар Вольніч запрасіў таксама кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 1 500 рублёў, перадае «Вясна».

З матэрыялаў сьледзтва вядома, што 12 ліпеня 2020 году Мікалай Лёгкі ўбачыў у чаце «Краіна для жыцьця» фатаздымак, на якім міліцыянт стаў нагой на галаву невядомага чалавека. Абураны жлабінчанін напісаў пад здымкам некалькі зьняважлівых словаў. Хоць пад паведамленьнем была вялікая колькасьць эмацыйных камэнтароў, абразілі сілавіка менавіта гэты.

Крымінальную справу пачалі 20 красавіка, справу разглядала судзьдзя Ірына Прадун.

Суд пастанавіў пакараць Мікалая Лёгкага 2 гадамі абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія»). Ён таксама павінен аплаціць пацярпеламу маральную шкоду ў памеры 750 рублёў.

Мікалай Лёгкі — былы вадалаз, пасьля працаваў на Беларускім мэталюргічным заводзе. З жонкай і двумя няпаўналетнімі дзецьмі яны жылі у заводзкім інтэрнаце, але ёсьць небясьпека, што іх адтуль могуць выселіць.

Прысуд зьняволенаму на 10 гадоў менчуку набыў моц

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьмены прысуд Аляксандру Троцкаму за «замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў» — 10 гадоў пазбаўленьня волі.

«Апэляцыйным вызначэньнем судовай калегіі ў крымінальных справах Вярхоўнага суду пакінуты бязь зменаў прысуд судовай калегіі ў крымінальных справах Менскага гарадзкога суду ад 5 сакавіка ў дачыненьні да грамадзяніна 1975 году нараджэньня», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

45-гадовага менчука Аляксандра Троцкага асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў справе аб замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (ч. 1 арт. 14, арт. 362 КК).
Таксама яго абавязалі выплаціць пацярпеламу міліцыянту 10 тысяч рублёў. Прысуд вынес судзьдзя Сяргей Хрыпач.

Паводле абвінавачваньня, увечары 12 жніўня 2020 году мужчына, рухаючыся па праспэкце Пераможцаў у Менску на аўтамабілі, наўмысна наехаў на супрацоўніка Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі Ўладзімера Юрава.

«Супрацоўнік ДАІ стаў наперадзе машыны за 1,5 мэтра, дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок. Прыцэліўся проста ў галаву і падрыхтаваўся страляць. Спалохаўшыся за сваё жыцьцё, я паспрабаваў зьехаць», — тлумачыў на судзе Аляксандар Троцкі.

Яго затрымалі на наступным скрыжаваньні, жорстка пабілі, аўтамабіль пашкодзілі. Мужчына тры тыдні правёў у лякарні.

Абвінавачаньне запрасіла 2 гады калёніі для палітвязьня

Суд Першамайскага раёну Менска разглядае справу палітвязьня Івана Багдзевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Памочніца пракурора Іна Зубко запрасіла 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Івана Багдзевіча абвінавачваюць у тым, што летась у сярэдзіне жніўня, знаходзячыся ў розных месцах Менску, ён «публічна выкрыкваў лёзунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым рабіў дзеяньні, накіраваныя на працяглае парушэньне спакою грамадзян». Тым самым «абмежаваў права добрапрыстойных грамадзян на спакой, працу і іншае».

Іван Багдзевіч цалкам не прызнаў віны. Адзначыў, што ў якасьці валянтэра супрацоўнічае з пошукавым ратавальным атрадам «Анёл» і ягоная дзейнасьць ня мае палітычнай накіраванасьці.

На паседжаньні 15 чэрвеня суд заслухаў тэлефонныя размовы мужчыны, таксама прайшлі спрэчкі бакоў.

Памочніца пракурора папрасіла прызнаць Івана Багдзеівча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і прызначыць яму 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. У якасьці зьмякчальных абставінаў яна ўлічыла наяўнасьць дзяцей, у якасці абцяжлівых — нязьнятую судзімасьць.

Калі першапачаткова палітвязень быў затрыманы паводле арт. 293 КК, ён правёў у СІЗА шэсьць месяцаў. За гэты час не было прад’яўлена ніводнага фота- ці відэадоказу, абвінавачаньне грунтавалася выключна на размовах па тэлефоне. Таксама ніводзін сьведка не паказаў, што Іван пляскаў у далоні або выкрыкваў лёзунгі, за аснову абвінавачаньня ўзялі геалякацыю і праслухоўваньне.

Абарона Івана Багдзевіча настойвае, што ягоная віна не даказаная і чалавек не павінен быць асуджаны на падставе здагадак.

За сарваны сьцяг гарадзенца пакаралі трыма месяцамі арышту

Гарадзенца Яўгена Анкуду асудзілі на 3 месяцы арышту, а таксама на прымусовае лячэньне ад алькагалізму за тое, што нападпітку сарваў дзяржаўны сьцяг і кінуў у сьметніцу. Прысуд вынес суд Ленінскага раёну Горадні 15 чэрвеня.

Анкуду прызналі вінаватым у зьдзеку зь дзяржаўнага сьцяга (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядаў судзьдзя Юры Казакевіч.

Яўгену Анкуду 27 гадоў, працуе мулярам, нежанаты, безь дзяцей.

28 красавіка ён пасьля працы крыху выпіў піва і гарэлкі і пайшоў зь сяброўкай гуляць па горадзе. На будынку пошты на вуліцы Пушкіна ўбачыў дзяржаўны сьцяг, які вісеў на ўзроўні выцягнутай рукі, сарваў яго і кінуў у сьметніцу.

На судзе Анкуда адзначыў, што ў гэтым учынку не было ніякай палітыкі. Чаму сарваў сьцяг, ён ня мог адказаць.

На наступны дзень яго затрымалі і пратрымалі 4 дні ў ізалятары.

У кіраўніцтва пошты прэтэнзій да Анкуды на было. Пракурор прасіў для абвінавачанага 3 месяцы арышту і накіраваць на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Адвакатка прасіла прызначыць грамадзкія работы і не накіроўваць на лячэньне.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG