Галоўны рэдактар магілёўскага парталу 6tv.by Дзьмітры Салаўёў расказаў, што даведаўся пра вэрбаваньне праграміста сайту з публікацыі ў інтэрнэце. Таксама ён расказаў Mspring.media пра пляны парталу ў хуткім часе аднавіць паўнавартасную працу.
Салаўёў лічыць вэрбаваньне КДБ праграміста Канстанціна Латушкіна бессэнсоўнай справай, бо той ня меў ніякага дачыненьня да стварэньня тэкстаў на сайце і да зьмесьціва Youtube-каналу, а ў апошнія месяцы нават тэхнічныя задачы 6tv вырашалі іншыя праграмісты, бо Латушкін быў заняты.
«Перасьлед Латушкіна збольшага быў бессэнсоўным, ён нават пры моцным сваім жаданьні ня мог расказаць нейкіх таямніц проста таму, што іх ня ведаў. Нават тыя паролі, што ён перадаў супрацоўнікам КДБ, не далі б кантролю над сайтам. Але ён малайчына. Як спэцыяліст ён пры здачы пароляў проста пры супрацоўніках КДБ унёс памылку ў код, каб сайт проста „лёг“. І тады мы зразумелі, што нешта здарылася», — сказаў галоўны рэдактар.
У сувязі зь перасьледам парталу Салаўёў прыгадаў ператрус і допыт рэдактара Барыса Вырвіча, якога зрабілі сьведкам у справе аб «тэрарызьме», але на допыце пыталіся пра падпіску на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы», што само па сабе не зьяўляецца ніякім парушэньнем, а таксама пра дзейнасьць Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Асноўныя прэтэнзіі ГУБАЗіК і КДБ, паводле галоўнага рэдактара, выклікае ня сайт, які можна заблякаваць у Беларусі, а Youtube-канал, закрыць які ўлады ня могуць. Салаўёву прапанавалі выдаліць сайт і канал за пяць дзён, пасьля чаго зноў выклікалі на «гутарку» ў ГУБАЗіК. Тады Салаўёў экстрэна выехаў за мяжу. Пры гэтым ён ляцеў зь менскага аэрапорту абсалютна афіцыйна.
Успамінаючы ператрус у рэдакцыі ў Магілёве, Салаўёў кажа пра тое, што падставай для яго стаў адміністрацыйны перасьлед журналіста Алеся Асіпцова, які нават не супрацоўнічае з 6tv. Сілавікі лічылі, што нейкая тэхніка Асіпцова нібыта можа знаходзіцца ў рэдакцыі.
Пераезд журналістаў 6tv за мяжу адбыўся праз тое, што зьявілася сапраўдная небясьпека ініцыяваньня супраць рэдакцыі крымінальнай справы.
«Вядоўцы ў этэры называлі нейкія прозьвішчы сілавікоў, а гэта можа тлумачыцца цяпер, напрыклад, як распальваньне варожасьці альбо яшчэ якое-небудзь дзікае абвінавачаньне».
Зараз, згодна са словамі Салаўёва, рэдакцыя ўжо афармляе студыю дзеля вяшчаньня празь мяжу, якое можа аднавіцца ўжо ў верасьні.