У Менску агучылі прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Адвакаты палітвязьняў ужо заявілі пра тое, што будуць абскарджваць прысуды, інфармуе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Працэс заняў 17 паседжаньняў. 2 верасьня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Марыя Калесьнікава пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Таксама яна выказала думку, што працэс над ёй і Максімам Знакам гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.
Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Перад абвяшчэньнем прысуду каля суду на менскай вуліцы Маякоўскага ўтварылася доўгая чарга людзей. Кожнага намагаліся зьняць на відэа людзі ў цывільным. Бацьку Марыі Калесьнікавай прапусьцілі ў залю, замежных дыпляматаў — не.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
Рэакцыя на прысуд
Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на прысуд, заявіўшы, што Калесьнікавай і Знаку ня трэба будзе сядзець увесь доўгі тэрмін, які ім прызначылі.
«Рэжыму б вельмі хацелася бачыць Макса і Марыю раструшчанымі і зьнясіленымі. Але мы бачым нашых герояў моцнымі і свабоднымі ўнутры. Яны выйдуць на свабоду значна раней. Выдуманыя для іх тэрміны не павінны палохаць нас, бо Максім і Маша гэтага б дакладна не хацелі. Яны б хацелі, каб мы ўспомнілі, як усьміхаецца Маша і паслухалі, як сьпявае Максім».
Бацька Марыі Калесьнікавай Аляксандар Калесьнікаў заявіў, што на паседжаньні абое палітвязьняў трымаліся годна і жэстамі «падтрымлівалі атмасфэру прыемнай сустрэчы», нягледзячы на тое, што ўбачылі ў залі вельмі мала людзей, якіх ведаюць. Неўзабаве Аляксандар Калесьнікаў спадзяецца на спатканьне з дачкой.
«Сёньня наш суд ня здаў асноўны іспыт — падзеі такога рангу мусяць быць знакавымі. Хутчэй за ўсё, мы атрымалі сыгнал пра тое, што „зьмяняць мы нічога ня хочам, не зьбіраемся, ды ня будзем“, я так гэта расцэньваю».
«Эўразьвяз выказвае шкадаваньне з нагоды працягу абуральнай непавагі менскім рэжымам да правоў чалавека і асноўных свабод народу Беларусі», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка эўрапейскай службы зьнешні дзеяньняў Пэтэра Стана.